Абыдзённы рытуал. Абыдзённыя тканіны і крыжы

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Абыдзённы рытуал — выраб тканіны з лёну ад пачатку і да канца (ад прадзення нітак да выткання яе на кроснах) цягам рытуальнага часу — ад усходу да захаду сонца ці ноччу — ад захаду да ўсходу, а таксама выраб і ўсталяванне абыдзённых крыжоў. Рытуал адносіцца да найархаічных звычаяў традыцыйнай культуры беларусаў. Галоўнымі прычынамі, якія выклікалі абыдзённы рытуал, былі эпідэміі, эпізаотыіі, засуха, вайна, і ён быў скіраваны на іх магічнае пераадоленне. Актуалізацыя старажытнага рытуалу адбывалася ў найбольш крызісныя моманты, якія пагражалі існаванню вясковага соцыуму ці пры небяспецы для жыцця членаў адной сям’і/роду. Храналагічнай межай існавання рытуалу на Беларусі з’яўляецца перыяд Другой сусветнай вайны, калі да яго як сродку пазбаўлення вёскі ад пагрозы знішчэння нямецкімі акупантамі, абярэгу тых, хто ваяваў у дзеючай арміі, масава звярталіся ў беларускіх вёсках. У вёсках і цяпер жывуць жанчыны, якія ў дзяцінстве ўдзельнічалі ў рытуале, і тыя, хто памятае аб ім з расказаў старэйшых жанчын. Сведчанні аб рытуале, якія яшчэ магчыма сабраць, з’яўляюцца вельмі каштоўнымі для вывучэння семантыкі і функцый архаічнага абыдзённага рытуалу, а таксама маюць вартасць дакументаў вуснай гісторыі.

 /i/content/pi/cult/121/470/Rytual.jpg

Метадычныя парады па зборы матэрыялу:
Інфарматараў па гэтай тэме трэба шукаць пераважна сярод жанчын самага старэйшага ўзросту. У размове неабходна высветліць: суразмоўца сама была ўдзельніцай рытуалу ці хто расказваў ёй аб ім. Спытайцеся, хто яшчэ з аднавяскоўцаў прымаў у ім удзел.
Першае пытанне пра рытуал, якое дапаможа суразмоўцам зразумець сутнасць інтарэсу даследчыка, можна сфармуляваць наступным чынам: “Ці рабілі ў вёсцы гуртом тканіну/ручнік/намітку на працягу аднаго дня/ночы ?”; “Што рабілі даўней, калі не было доўга дажджу/паміралі ад хваробы людзі/дзеці/свойская жывёла?”; “Ці рабілі за адзін дзень тканіну, каб скончылася вайна?”.
Неабходна высветліць прычыну, якая выклікала рытуал, і яго мясцовую назву, а таксама назву абыдзённай тканіны.
Удакладніце час, калі адбываўся рытуал, месцы вырабу абыдзённай тканіны і рытуальных дзеянняў з ёй, месца, дзе паставілі абыдзённыя крыжы.
У плане культурнай антрапалогіі важна высветліць адносіны інфарманта да вынікаў, выніковасці здзейсненага рытуалу, а таксама яго разуменне прычын таго, чаму людзі перасталі да яго звяртацца.
I. Назвы рытуалу і абыдзённых тканін
Абыдзённая тканіна на Беларусі часцей насіла назву “абудзённік”. Этымалогію слова раскрывае выраз, які звычайна беларусы ўжываюць для вызначэння часавых параметраў, якіх патрабуе рытуал, — зрабіць тканіну за адзін дзень ці “аб адзін дзень”, што характарызуе рытуальны прадмет як абыдзённы, іншымі словамі — зроблены ад пачатку і да канца ў рытуальна сканцэнтраваны прамежак часу — за адзін дзень ці адну ноч.
1.Назвы абыдзённай тканіны/нітак:“абудзённік”, “дзённік”, “дняўнік”, “будзёнаўка”, “сутачны”, “абудзённы ручнік”, “будзённые ручнікі”, “абудзённы аброк”, “ручнік-аброк”, “намётка”, “набожнік”, “аброк”, “ручнік”, “палаценцэ”, “уціральнік”, “уцірач”, “адгарончык”, “радавы ручнік”, “браднік”, “стамесачка”, “адназеўнік”.
2. Назвы рытуалу як комплексу дзеянняў па вырабе ірытуальным выкарыстанні абыдзённай тканіны: “обрэкаліся”, “обрэкліса”, “абракаліся”, “жэртву дзелалі” .
II. Прычыны, час выканання, размеркаванне роляў паміж удзельнікамі
3. Крызысныя сітуацыі, якія пагражалі існаванню вясковага соцыуму, пры якіх калектыўна звярталіся да рытуалу:эпідэмічныя захворванні людзей;
масавая смяротнасць сярод дзяцей;
эпізаотыі свойскай жывёлы;
засуха як пагроза ўраджаю;
стыхійныя бедствы (напрыклад, напад саранчы);
вайна.
4. Рытуал практыкаваўся ў рамках адной сям’і/роду з прычыны:
хваробы дзіцяці;
захворвання аднаго з членаў сям’і.
5. Рытуал выконваўся індывідуальна адным чалавекамнапярэдадні памінальных дзён, каб “ўбачыць” памерлых бацькоў (на Радаўніцу, перад Троіцай і інш.);
каб атрымаць добрага жаніха (як аброк Божай Маці;выконвала дзяўчына).
6. Выраб абыдзённай тканіны як прэвентыўная мера(выконвалі загадзя і шматразова выкарыстоўвалі як абярэг у моманты небяспекі), каб пазбегнуць:пажару ад навальніцы;
знішчэння ўраджаю ад градабою.
7. Каляндарна прымеркаваныя штогадовыя абыдзённыя рытуалы:напярэдадні Вялікадня (абыдзённую тканіну заносілі ў царкву ці вешалі на крыж);
на Юр’я ў першы выган свойскай жывёлы, каб засцерагчы яе (праганялі па абыдзённай тканіне);на іншыя каляндарныя святы, дні ўшанавання святых (па аброку ў памяць аб шчаслівым пазбаўленні кагосці ў гэты дзень ад няшчасця);
каб добра лавілася рыба (абыдзённая сетка);
на пчол (абыдзённая тканіна для працэджвання воску);
8. Якім прамежкам часу быў абмежаваны рытуал:дзень — ад усходу да захаду сонца;ноч — ад захаду да ўсходу сонца.
9. Размеркаванасць рытуальных дзеянняў паміж жаночай і мужчынскай групамі вясковага соцыуму/сям’і:
тканіну (ручнік/палатно/ніткі) выконвалі жанчыны;
крыж з дрэва рабілі і ўсталёўвалі мужчыны.
III. Абыдзённыя прадметы і працэс іх вырабу
10. Абыдзённымі прадметамі з’яўляліся:
ручнік;
палатно;
ніткі;
вяроўка;
абрус;
сарочка.
11. Усе аперацыі па вырабе тканіны (прадзенне, снаванне, тканне) рабілі:у адной хаце;
у некалькіх хатах;на парозе хаты;
ля варот;
на вуліцы;
на скрыжаванні дарог.
12. Колькі было выткана ручнікоў (адзін, два, тры ці больш)?
13. Пры адначасовым вырабе некалькіх абыдзённых тканінадна група жанчын збіралася ў адной хаце;
дзве ці тры групы жанчын размяшчаліся ў розных хатах.
14. Колькі жанчын прымалі ўдзел у вырабе абыдзённай тканіны?
15. Жанчыны якога ўзросту і сацыяльнага стану ўдзельнічалі ў рытуале?
удовы;
старыя (“чыстыя”) жанчыны;
дзяўчаты (“чыстыя”);
старыя жанчыны і дзяўчаты;
жанчыны рознага ўзросту і дзяўчаты.
16. Паслядоўнасць дзеянняў па вырабе абыдзённай тканіны:спачатку збіралі па хатах лён (валакно);
збіралі пух, які заставаўся ад нітак асновы і ўтку пры тканні на кроснах;
пралі;
снавалі аснову;
мачылі, запарвалі і адбівалі аснову;
навівалі аснову на кросны;
ткалі;
мылі палатно;
адбельвалі палатно;
падрублівалі край;
рабілі кутасы (махры) да ручніка;
вышывалі;
разбіралі на ніткі вырабленую тканіну і абводзілі (абкружалі) вёску.
17. Калі спачатку збіралі лён, хто гэта рабіў (дзяўчаты, жанчыны)? Што яны спявалі/прамаўлялі, падыходзячы да кожнай хаты?
18. Якую колькасць ільнянога валакна прыносілі з сабой жанчыны (ручайку ці больш)?
19. Ці прыносілі яны таксама чырвоныя або іншага колеру ніткі (горынь, забалач) для ўзору?
20. Як рабілі жанчыны спецыяльныя ніткі, каб абкружыць імі вёску?
пралі спецыяльную нітку разам з палатном/ручніком;
пралі і сукалі толькі нітку;
спачатку ткалі абыдзённую тканіну, потым яе разбіралі на ніткі, звівалі ў клубок, каб абкружыць вёску;
лішак напрадзеных нітак, якія засталіся пры тканні палатна/ручніка, выкарыстоўвалі для гэтых мэт.
21. Як былі размеркаваны дзеянні паміж узроставымі групамі ўдзельніц рытуалу:
маладыя пралі;
дарослыя і старыя ткалі;
ткалі дзяўчаты;
ткалі ўдовы;
усё рабілі разам.
22. Як паводзілі сябе ўдзельніцы рытуалу:
рабілі ўсёмоўчкі;
чыталі малітвы (якія?);
спявалі духоўныя песняспевы (якія?).
23. Ці прысутнічалі ў хаце, дзе рабілі абыдзённую тканіну, мужчыны? Што яны пры гэтым рабілі?
24. Метрычныя характарыстыкі і шчыльнасць абыдзённай тканіны:
даўжыня;
шырыня (вытканае палатно было такое самае/вузейшае/шырэйшае за звычайнае палатно ці ручнік);
шчыльнасць палатна (звычайная, разрэджаная).
25. Даўжыня абыдзённай тканіны залежыла:ад колькасці наснаванай асновы (снавалі адну — чатыры губкі ці сцяны);
ад колькасці крыжоў, на якія трэба было павесіць абыдзённае палатно/ручнік (адзін, два, тры крыжы);
ад колькасці жанчын, якія прымалі ўдзел у рытуале;
ад таго, колькі паспелі выткаць за адведзены рытуалам час.
26. Як выглядала абыдзённае палатно/ручнік:
звычайнае палатно без аніякага ўзору;
было ператкана чырвонымі палоскамі на канцах ці па ўсёй даўжыні;
колькасць палосак адпавядала колькасці жанчын, якія прымалі ўдзел у рытуале;
па канцах меўся перабіраны ўзор, такі самы, як і прынята рабіць на мясцовых ручніках.
IV. Выраб крыжоў
27. Мужчыны якога ўзросту рабілі абыдзённы крыж?
28. Калі рабілі больш, чым адзін крыж, колькі іх было (два, тры)?
29. З якога дрэва рабілі крыж (дуб, сасна і інш.)?
30. Ці рабілі крыж з жывога дрэва, якое спецыяльна ссякалі для гэтых мэт?
31. Якую форму меў крыж:
дзесяціканцовы (канцы перакрыжаваны малымі перакладзінамі);
з дзвюма роўнымі перакладзінамі (крыж св. Бенедыктына).
32. Мужчыны якога ўзросту ўдзельнічалі ў вырабе крыжа?
33. Колькі чалавек прымала ўдзел у гэтай працы?
34. Калі крыж не рабілі разам з абыдзённай тканінай, чым гэта было выклікана:не было такой традыцыі;у вёсцы адсутнічалі мужчыны (напрыклад, падчас вайны).
35. Ці абносілі абыдзённы крыж вакол вёскі перад яго ўсталяваннем?
36. У які час сутак гэта рабілі (да ўсходу сонца/да захаду сонца)?
37. Месцы, у якіх усталёўвалі абыдзённы крыж/крыжы:
на раздарожжы (адзін крыж);
на крыжовых дарогах (некалькі крыжоў);
у канцы, у пачатку і пасярэдзіне вёскі (два ці тры крыжы);
на дарозе, па якой ходзіць скаціна (пры эпізаотыі);
на полі.
V. Акцыянальныя дзеянні з абыдзённай тканінай
38. Характар рытуальных дзеянняў і месца лакалізацыі абыдзённай тканіны/нітак:
расцягвалі ўпоперак вуліцы і пераносілі да крыжа/царквы ці іншага месца па-за межамі вёскі;
уздымалі над галавой і абносілі вакол вёскі;
неслі да крыжа на жэрдках;
абыходзілі з тканінай крыж па сонцы тры разы і вешалі яе;рассцілалі папярок дарогі пры ўездзе ў вёску (прыбівалі да дарогі дубовымі, а да хат — металічнымі цвікамі);
абыходзілі/абягалі ўсю вёску вакол;
голыя жанчыны абносілі бягом вакол вёскі і закопвалі пад крыжам (у выпадках смяротнасці дзяцей);
голыя дзяўчаты (“чыстыя”) абносілі бягом вакол вёскі і вешалі на крыж (каб скончылася вайна);
падымалі ўверх, і пад ёй праходзілі ўсе жыхары вёскі (у выпадках эпідэміі);
распальвалі невялікае вогнішча (лучыну прыносілі з кожнага двара), праз якое пад палатном праходзілі ўсе жыхары вёскі;рассцілалі цераз дарогу, і па ім праходзілі людзі (у выпадках эпідэміі);
праганялі цераз палатно свойскую жывёлу (у выпадках эпізаотыі);
рабілі арку, замацоўваючы канцы палатна на жэрдках, і праганялі пад ёй скаціну;
абыходзілі з ніткай вакол вёскі (канец замацоўвалі на крыжы/плоце);
абкружалі поле — наматвалі нітку на калы (ад градабою);
цягалі абыдзённае палатно па полі.
22. Дзе размяшчалі абыдзённую тканіну, што з ёй рабілі на заканчэнне рытуалу:
спальвалі;
вешалі на крыж/крыжы;
вешалі на ўсе крыжы, што меліся на крыжовых дарогах;
слалі на крыжовых дарогах;
перацягвалі на крыжовай дарозе тры разы (пры эпізаотыі);
закопвалі пад крыжам/крыжамі;
ніткі, якія засталіся, клалі пад крыж;вешалі на крыж каля крыніцы (калі не было дажджу);
кідалі ў калодзеж (калі не было дажджу);
рэзалі на кускі і забіралі іх дадому (каб хвароба абмінала);
кавалак тканіны рэзалі і завязвалі на шыі каровам (ад сурокаў на малако);
абкручвалі вакол царквы (тры разы);
ахвяравалі царкве.
39. Ці спальвалі па-за межамі вёскі прадзільныя і ткацкія прыстасаванні, пры дапамозе якіх выраблялі абыдзённую тканіну (пры эпідэміях і эпізаотыях)?
40. Хто ўдзельнічаў у заключнай частцы рытуалу:
усе вяскоўцы(дарослыя і дзеці);
толькі жанчыны;
толькі мужчыны.
VI. Царкоўна-хрысціянскія элементы ў абыдзённым рытуале
41. Ці чыталі падчас выканання рытуалу малітвы і пелі царкоўныя песняспевы?
42. Ці заносілі вырабленую тканіну спачатку святару для асвячэння (у выпадку эпізаотый, пры пагрозе градабою)?
43. Ці ўдзельнічаў у заключнай частцы рытуалу святар (бацюшка, ксёндз)?
44. Ці адбываўся хрэсны ход з абыдзённай тканінай і іконай вакол вёскі ці па палях?
45. Ці адбываўся малебен у царкве, на палях, каля крыжа?
46. Ці асвячаў святар усталяваны абыдзённы крыж і тканіну?
VII. Пост напярэдадні рытуалу і посны абед пасля яго выканання
47. Ці прытрымліваліся ўдзельнікі посту?
48. Ці адбываўся абед у хаце, дзе рабілі абыдзённую тканіну?
49. Якія стравы рыхтавалі да гэтага?
50. Рыхтавалі цотную ці няцотную колькасць страў?
VIII. Месца захавання абыдзённай тканіны шматразовага выкарыстання
51. Дзе захоўвалі абыдзённую тканіну, якую ўжывалі як абярэг пасеваў ад градабою:
пры пераносным комплексе “свечка + ікона” (рэгіён Падняпроўя);
у царкве на пераноснай ці на мясцовай іконе, у касцёле — на фератроне;
у чырвоным куце пры хатніх абразах.I
X. Абыдзённы рытуал па аброку як штогадовы каляндарны звычай (вясковае свята) у памяць аб
шчаслівым пазбаўленні ад няшчасця, прэвентыўная (засцерагальная) мера
52. У які дзень (каляндарнае свята ці дзень ушанавання святога) выконвалі абыдзённую тканіну:
на Вялікдзень;
на Грамніцы (15/2 лютага);
на Юр’я (6 мая/23 красавіка);
на св. Варвару ( 17/4 снежня);
на Міколу Веснавога (22/9 мая);
на Пятра (12 ліпеня/29 чэрвеня);
на св. Аляксея (30/17 сакавіка ці 7/24 мая);
на Дзявятніка (чацвер на дзевятым тыдні пасля Вялікадня);
свята Казанскай Божай Маці (4/22 лістапада);
на іншыя святы.
53. Ці абавязкова хадзілі з вытканай тканінай хрэсным ходам вакол вёскі?
54. Ці замаўлялі малебен у царкве/касцёле?
55. Ці выконвалі абыдзённы рытуал у суседніх вёсках?
На якія дні/святы ён прыпадаў?
X. Абыдзённы рытуал у гады Другой сусветнай вайны
56. Калі быў выкананы ў вайну абыдзённы рытуал (год, дакладная дата)?
57. Якая прычына падштурхнула да гэтага:
жаданне, каб вайна скончылася;
пагроза, што вёска будзе спалена;
пагроза масавага забойства жыхароў;
масавыя чуткі, якія перадаваліся ад вёскі да вёскі, што, каб скончылася вайна, абавязкова трэба выткаць аб адзін дзень тканіну;
аброк (абяцанне), які бралі на сябе жанчыны зрабіць так у выніку пазбаўлення ад пагрозы.
58. Якая канкрэтная падзея часоў нямецкай акупацыі падштурхнула жыхароў звярнуцца да рытуалу?
59. У якіх суседніх вёсках таксама рабілі гэты рытуал?
60. Ці меў рытуал станоўчы вынік (дапамог засцерагчы вёску і яе жыхароў ад пагрозы з боку немцаў)?
61. Высветліць меркаванні вяскоўцаў у выпадку, калі абыдзённы рытуал не падзейнічаў, і вёска ўсё ж была спалена, жыхары забіты. 

Вольга ЛАБАЧЭЎСКАЯ