Ну як не ўсміхнуцца!

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

Валянцін Губараў — творца, надзелены незвычайным талентам. Талентам нават не намаляваць, а ўбачыць, зачапіцца вокам, адчуць. І, што не менш важна, талентам прымусіць гледача ўбачыць свет вачыма мастака.

/i/content/pi/cult/288/4695/11-4.jpgНа жаль, знаёміцца з творамі Губарава "ўжывую" беларускаму гледачу даводзіцца не так часта: карціны яго з ахвотай набываюць і выстаўляюць за мяжой. Сёння ж вялікую выстаўку работ, створаных мастаком за апошні год, сталічнаму гледачу прадставіў Музей сучаснага выяўленчага мастацтва.

 Знаёмячыся з творамі Губарава, адразу адзначаеш: яны вельмі падобныя на ілюстрацыі да казак ці апавяданняў. Але незвычайнасць іх і ў той жа час нейкая простасць, што падкупляе, заключаюцца, відаць, у наступным: перад намі - ілюстрацыі да жыцця. Персанаж Губарава - тыповы жыхар беларускай вёскі ці горада з яго праблемамі і перажываннямі, якога турбуюць простыя жыццёвыя клопаты. Па словах самога мастака, малюе ён толькі тое, што бачыў на ўласныя вочы, што добра ведае і разумее. Вось сталая жанчына прымярае ля шафавага люстэрка сукенкі. А вось цэлае правінцыйнае свята - адведкі. Суседзі і сябры сабраліся ў адной хаце, усе яны такія розныя, своеасаблівыя і ў той жа час - падобныя. Мімаволі ловіш сябе на думцы: перад табой - суседзі і родзічы.

"У тым і адметнасць работ Губарава, - мяркуе намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Сяргей Цімохаў,- што смеючыся з цікавых сюжэтаў, бачыш у іх і самога сябе. Насамрэч, па такіх, здавалася б, гумарыстычных творах можна ў нечым вывучаць побыт".

Не пазбаўлены наіўныя па стылі выканання творы і філасофскага зместу. Але багаты жыццёвы вопыт самога мастака і незвычайнае пачуццё гумару дазваляюць закрануць складаныя жыццёвыя пытанні настолькі тонка і ненавязліва, што нават разгадваючы зашыфраваную ў палатне драму і суперажываючы ёй, мы ўсё ж такі ўсміхаемся. Узяць хаця б "Хатнюю запяканку з карамеллю, хлопчыкам і страчанымі ілюзіямі". Ці "Бывай, маладосць": сумны сабачка сядзіць перад імянінным пірагом з трыма свечкамі. Ну як не ўсміхнуцца! Па словах мастака, выстаўляць творы на радзіме асабліва прыемна, бо хіба можна спадзявацца, што за мяжой іх зразумеюць настолькі ж тонка і дакладна?..

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ