“Абдымаю. Ваш В. Быкаў”

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

У асабістым архіве старшыні Мінскага таварыства рускай культуры “Русь” Генадзя Уласава зберагліся 10 лістоў Васіля Быкава. Я сустрэлася з Генадзем Іванавічам і папрасіла распавесці, як завязалася ягоная перапіска з нашым вялікім пісьменнікам. Акурат у гэтыя чэрвеньскія дні мы прыгадваем яго, разгортваем старонкі ягоных кніг: 19 чэрвеня — дзень нараджэння В.Быкава, а дзень яго адыходу — 22 чэрвеня. Дарэчы, 22 чэрвеня 2003-га, калі Васіля Уладзіміравіча не стала, была таксама нядзеля, як і 22 чэрвеня 1941-га... Падчас маёй сустрэчы з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганнай Запартыка я даведалася, што 20 сакавіка 2007 года Г.Уласаў перадаў лісты В.Быкава на дзяржаўнае захаванне.

/i/content/pi/cult/121/469/Bykov.jpg 
“Дарагі Генадзь Іванавіч! Самы сардэчны вам дзякуй за Вашы віншаванні.
Атрымаць іх ад чалавека незнаёмага, ад чытача, заўсёды вельмі радасна для любога пісьменніка. Гэтая радасць падвоеная для такога пісьменніка, як я, не надта спешчанага чытацкай і начальніцкай увагай, правільней сказаць, прыхільнасцю апошніх. Чым бы Вы ні займаліся і кім бы ні былі, дай Вам Бог здароўя і дабрабыту. Да знаёмства. З павагай і ўдзячнасцю. В.Быкаў.30.6.70 г.”
— У мяне ў руках лісты Васіля Быкава, яшчэ не прачытаныя нікім, акрамя вас, Генадзь Іванавіч. Не кожнаму хопіць рашучасці напісаць пісьмо вялікаму пісьменніку. Як жа завязалася ваша з ім перапіска?
— Гэта быў канец 60-ых — пачатак 70-ых гадоў. Я ў той час перачытаў усяго Быкава, быў яго прыхільнікам, любіў яго ваенную прозу. Ён многа друкаваўся ў маскоўскіх часопісах. Я якраз пераехаў жыць і працаваць з Арзамаса ў Мінск. Я быў у захапленні, што буду жыць у рэспубліцы, дзе жыве, дзе працуе Быкаў. Мне далі работу ў “Мінскпраекце” — інжынерам-праекціроўшчыкам. Неўзабаве мы стварылі ў інстытуце клуб кнігалюбаў, і адной з першых нашых сустрэч была сустрэча з Быкавым. Я даведаўся, што ён жыве не ў Мінску, а ў Гродне, знайшоў яго адрас, напісаў яму. Ён адгукнуўся:
“Дарагі Генадзь Іванавіч! Дзякую за добрыя словы пра майго “Сотнікава”, за запрашэнне на сустрэчу, як-небудзь я скарыстаюся ім. Відавочна, гэта будзе ў час майго чарговага знаходжання ў Мінску — канкрэтна я Вам пазваню на працу. З павагай, В.Быкаў. 25.10.70 г.”.
— Пісьменнік прыехаў да нас. Была проста цудоўная сустрэча, — працягваў Г.Уласаў. — Васіль Уладзіміравіч разгаварыўся, і мы ўсе адчувалі, што нават вялікім пісьменнікам не хапае сустрэч з чытачамі… А пасля мы сядзелі ў рэстаране “Беларусь” і гаварылі пра літаратуру, пра жыццё, пра гады, пражытыя намі. Я на сем гадоў маладзейшы за Быкава, сказаў яму пра гэта. “Таксама шмат!” — пажартаваў ён. Між намі склаліся добрыя адносіны. Пасля сустракаліся дома ў Быкава ўжо ў Мінску, на Танкавай.
— Для мяне Быкаў — што бацька. Дзіўна, але іх лёсы перакрыжаваліся ў адным вайсковым вучылішчы ў Саратаве, адкуль мой бацька пайшоў малодшым лейтэнантам пад Сталінград, а Быкаў — годам пазней (бо быў маладзейшы за бацьку), якраз у тыя мясціны, якія апісаны ў “Мёртвым не баліць”. Там, пад Кіраваградам, дарэчы сказаць, застаўся абеліск, на якім дасюль ёсць і яго імя. Маці ў вёсачцы Бычкі непадалёк ад Ушачаў атрымала на яго пахаронку. Але не “прайшла” пахаронка на Быкава ўжо тады, у 43-ім!..
— “Мёртвым не баліць” — мая любімая аповесць. Памятаю, як Твардоўскі апублікаваў яе ў “Новом мире”, дапамог Васілю Быкаву, якога ў той час пераследавалі, шмат хто тады не разумеў смеласці яго салдацкай прозы.Я, чытач, падтрымліваў яго, як мог. Лісты стаў пісаць пасля сустрэчы ў “Мінскпраекце”, і сустракацца не баяўся свой чалавек, з народа…
— Таксама добра памятаю той час час майго юнацтва. Памятаю, як былі ў Мінску Сяргей Смірноў разам з Канстанцінам Сіманавым. Мы, студэнты, змаглі патрапіць у Оперны тэатр, дзе праходзілі тыя незабыўныя сустрэчы. А праз гады пашчасціла пазнаёміцца з самім Васілём Быкавым, браць у яго інтэрв’ю для “Комсомолки”, бываць у яго дома. Памятаю, аднойчы Васіль Уладзіміравіч дастаў са скрынкі стала ліст аднаго салдата Вялікай Айчыннай вайны аднекуль з Далёкага Усходу: той, прачытаўшы чарговую аповесць, пісаў Быкаву, што гэта ўсё — пра яго, усё гэта з ім і было. Франтавік пытаўся, ці не служыў пісьменнік там, дзе давялося яму быць на вайне, ці не сустракаліся яны.
 /i/content/pi/cult/121/469/Bykov2.jpg

Чытаю лісты.“Дарагі Генадзь Іванавіч! Атрымаў вашы пісьмы і віншаванні, а таксама фота, за што вялікі Вам дзякуй. Сам крыху закруціўся ў справах і паездках. Нядаўна вярнуўся са з’езда… З’езд прайшоў спакойна і дзелавіта. Было некалькі талковых выступленняў. Усе матэрыялы з’езда надрукаваны без змен у “Литгазете” і ў “Литроссии”. Крыху нязвычным быў і даклад Г.Маркава, пабудаваны цалкам без упаміну імён. Выступоўцы, разумеецца, у гэтым сэнсе яго дапоўнілі. Спрэчак ніякіх не было, крытыцы таксама ніхто не падвяргаўся. Сумнай падзеяй аказалася гібель касманаўтаў, у пахаванні якіх нам давялося прыняць удзел. Цяпер пакрыху бяруся за справу. Хачу да восені скончыць аповесць, пра вайну, як заўсёды. Чытаю мала, у часопісах цяпер рэдка калі трапляе што вартае... Сардэчнае прывітанне вашым калегам, маім знаёмым. З павагай. В.Быкаў.12.7.71 г.”“Дарагі Генадзь Іванавіч! Дзякуй Вам за ліст,за віншаванне, за запрашэнне выступіць яшчэ раз. Такія выступленні — не маё амплуа, я стараюся як мага пазбягаць іх. Занадта гэта адказна і рызыкоўна — выйсці перад многімі людзьмі, якія хочуць і чакаюць пачуць ад цябе штосьці значнае, чаго ты не можаш сказаць, а проста балбатаць — які сэнс?.. Хай усім вам лёгка жывецца і шчасліва працуецца. І дзякуй Вам. Цісну Вашу руку. В.Быкаў.5.11.72 г.”“Дарагі Генадзь Іванавіч! Дзякуй за запрашэнне, як-небудзь дамовімся, хоць, прызнацца, зараз я менш за ўсё схільны да публічных выступленняў. Але вам адмовіць не змагу. Хутчэй за ўсё, я пазваню Вам аб гэтым, калі падыйдзе момант, і я буду ў Мінску. Зараз не надта здаровы. Сяджу ў Гродне. Напісаў невялікую аповесць, якую адправіў у “Маладосць”. Нічога і нікуды не хочацца. Што ж датычыцца Булгакава і Мандэльштама, дык не перажывайце. Паберажыце свае эмоцыі для больш важных перажыванняў… З прывітаннем. В.Быкаў. 10.11.74 г.”
— Як жа “адшукаліся” лісты?
— Гэта цэлая гісторыя. Мне раптам тэлефануе супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. Гаворыць: а ці не той я Генадзь Уласаў, якому пісаў Васіль Быкаў? Маўляў, разбіралі архіў пісьменніка і знайшлі, магчыма, вашы лісты. Ці не зберагліся і пісьмы Быкава да вас? Яшчэ б! Вядома ж, зберагліся: усе дзесяць — там і віншавальныя паштоўкі. Я аддаў іх у Белдзяржархіў літаратуры і мастацтва.У 70-ыя гады па “Кніга— поштай” можна было папросту выпісаць любое выданне, хоць з Камчаткі. Мне пашчасціла абрадаваць Васіля Уладзіміравіча: знайшоў ягоную кнігу, выдадзеную ажно ў Тувінскай Рэспубліцы і на Сахаліне! Пры гэтым ніхто не паслаў яму ні ганарару, ні нават аўтарскага экземпляра. Дык я і паслаў! Ён быў вельмі рады, адгукнуўся пісямком. Вось яно:
“Дарагі Генадзь Іванавіч! Дзякуй Вам велізарнае
за кнігу. Такой у мяне не было, і нават не падазраваў, што яна там выйшла. Наогул, дзякуй Вам за многае. Я вельмі часта прыгадваю нашу даўнюю ўжо сустрэчу... Будзьце здаровы і шчаслівы, дарагі сябра. Абдымаю Вас. В.Быкаў.”
— А вам, Генадзь Іванавіч, пісьменнік дарыў свае кнігі?
— Канешне! Дома ў мяне — палічка такіх выданняў. Гэта самае дарагое — усё, што напісана яго рукой асабіста мне, але дазвольце не агучваць тыя словы для ўсіх. І яшчэ адзін ліст:
“Дарагі Уласаў!
Віншую ад душы з Новым годам! Жадаю Вам найлепшага здароўя, спакойнай працы і, па магчымасці, шчасця ў Вашым жыцці. Мінулы год для мяне быў цяжкі і завяршыўся вялікай журботай. Страціла літаратура аднаго аўтара, а чалавецтва асірацела (гаворка ідзе аб смерці А.Твардоўскага.— В.Я.). Больш такога няма і не прадбачыцца. Быў на пахаванні, паклалі яго ў зямлю ў самым далёкім кутку Новадзявочых, за магілай Хрушчова. Пахаваць увогуле ўдалося на славу... Акрамя членаў СП з білетамі нікога больш не было… Ды што там!.. Абдымаю. Ваш В.Быкаў.”
— Быкаў быў і застаецца для мяне вялікаю асобаю, сапраўдным народным пісьменнікам. Ён даў Бацькаўшчыне столькі годных твораў, што мноства пакаленняў выхаваны і будуць выхаваны яшчэ на яго кніжках.
— У Быкаўскіх лістах што вам даражэй за ўсё?
— Як што? Кожны радок! “Абдымаю. Ваш В.Быкаў”. 

Вольга ЯГОРАВА 

Лісты і паштоўкі прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва