“Цары” прыйшлі ў бібліятэку

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

Адным з найбольш яркіх мерапрыемстваў, прысвечаных сёлетнім Дням Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі, стала адкрыццё ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі краіны выстаўкі фотавыяў нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

 

 Куратар фотавыстаўкі, начальнік аддзела інавацыйных тэхналогій у сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ала Сташкевіч падкрэсліла асаблівую важнасць падобных праектаў. Па яе словах, сёння неабходна даць уяўленне шырокай грамадскасці пра ўнікальныя скарбы нематэрыяльнай беларускай культуры.

 На самой жа выстаўцы прадстаўлена 40 аўтарскіх фотаработ, што падрабязна знаёмяць з 18 пунктамі Спісу нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны, што ахоўваюцца дзяржавай і патрабуюць асаблівай увагі і адказнага стаўлення з боку грамадства. Кожны з абрадаў існуе ў рэальных жыццёвых абставінах і прадстаўляе адметныя традыцыі беларускага народа і яго культуры. Сярод такіх традыцый і абрад "Калядныя цары" з вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, занесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESСO. Прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі прысутнічалі на адкрыцці праекта.

Да таго ж, на адкрыцці фотавыстаўкі дэманстравалася і адмысловая праграма ўдзельнікаў каляднага абраду "Шчадрэц" з вёскі Рог Салігорскага раёна, занесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыла Ала Сташкевіч, у бліжэйшы час пры падтрымцы UNESСO плануецца актывізаваць працу па складанні базы даных нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, што ўключае дэталёвую фотаі відэафіксацыю абрадаў. Тым часам выстаўка пасля экспанавання ў Нацыянальнай бібліятэцы пабывае ў абласных цэнтрах і ў БДУКіМ.