Сустракаючыся з Шанхаем

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

З фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць сучасны Шанхай і Сусветную выстаўку “ЭКСПА-2010”, можна пазнаёміцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Экспазіцыя ў Мабільнай галерэі пад назвай “Сустракаючыся з Шанхаем, заключаем у абдымкі свет” змяшчае больш за 60 фотаработ вядомых кітайскіх фатографаў.

 

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў нашай краіне. Яна прымеркавана да важных падзей, якія звяжуць беларускі і кітайскі народы ў наступным месяцы: да Дзён культуры Беларусі ў Кітаі, што адбудуцца 13-17 кастрычніка, нацыянальнага Дня нашай дзяржавы на "ЭКСПА-2010" 11 кастрычніка.

На здымках можна пабачыць гарадское жыццё Кітая. Шанхай з'яўляецца лідарам у сваёй краіне па стварэнні зручнага і прывабнага асяроддзя для гараджан. Невыпадкова ў экспазіцыю ўключаны таксама выявы павільёнаў розных краін на Сусветнай выстаўцы: замежныя спецыялісты паказалі , якім шляхам можна развіць урбаністычную культуру.