Экспазіцыя, якая адкрылася ўчора, адбываецца ў межах Рэспубліканскай выстаўкі сучаснага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Зямля пад белымі крыламі".
Існаваць пад брэндам такой маштабнай акцыі - гэта значыць адпавядаць яе якасці. Арганізатары адзначаюць, што сучаснае айчыннае мастацтва, якое створана з элементаў тэхнасферы, у адсутнасці якасці папракнуць нельга: гэта ўжо творы высокай пробы. Камп'ютарная анімацыя, лічбавы мантаж, 3D-графіка, аб'яднанне ў прасторы галерэі элементаў тэхнагеннага асяроддзя- поле для эксперыментаў у удзельнікаў было досыць вялікае. У выстаўцы прымаюць удзел выпускнікі спецыяльнасці "Тэлерэклама" Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яны прадэманструюць свае ролікі.
За гады існавання праекта "Тэхна-арт" шмат маладых і сталых мастакоў паспрабавалі новыя тэхнікі, паспелі з'явіцца новыя сродкі для самарэалізацыі творцаў. І калі раней апошнія даказвалі права называць свае працы мастацтвам, то сёння дэманструюць нам іх стыльнасць, адпаведнасць часу, свой добры густ.