“Апошні свой скарб аддаю...”

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Музей Максіма Багдановіча ў Гродне — невялікі драўляны дом, дзе сканцэнтравалася столькі высокага духоўнага пачуцця, столькі дабрыні, што кожны наведвальнік адразу адчувае сябе жаданым госцем. Складваецца ўражанне, што мы прыходзім у сям’ю Багдановічаў, да маленькага Максіма, які жыў тут у раннім дзяцінстве з 1892 па 1896 гг. Такую хатнюю атмасферу ў музеі здолела стварыць яго заснавальніца — вядомая паэтка Данута Бічэль-Загнетава. Сённяшні дырэктар Алена Гайко падтрымлівае традыцыі і засноўвае новыя.

 /i/content/pi/cult/121/468/MuzejBagd.jpg

Ж.Буева. “Вясёлка над горадам”.

Арганічнай для музея з’явай стала
правядзенне мастацкіх выставак.
25 мая
2007 г. — у 90-ю гадавіну з дня смерці вялікага паэта памяць пра яго была ўшанавана ўрачыстай вечарынай, якая пачалася з адкрыцця выстаўкі работ супрацоўнікаў кафедры выяўленчага мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы.
Вершы М.Багдановіча — светлыя, тужлівыя, літаратурна вытанчаныя. Пра што б ні пісаў паэт, яго радкі заўсёды звернуты да глыбіннага асэнсавання жыцця людзей, іх прадвызначанасці на Зямлі. Творы мастакоў сталі ўнутрана сугучнымі то пранікнёна-ўзвышанаму, то па-філасофску засяроджанаму лірычнаму герою Багдановіча.
На палатне С.Янкоўскага “Блакітная ноч” душа чалавека-творцы быццам увасоблена ў постаці анёла, які вандруе на чаўне ў начным бязмежжы вады і нябёсаў — годны, спакойны.
Ты быў, як месяц, адзінокі:
Самотна жыў, самотна ўмёр.
Хоць свет і людны, і шырокі...
Матыў адзіноты, такі гучны ў творчасці М.Багдановіча, працягваецца ў рабоце А.Дулуба “Дзюна” элегантным вобразам жанчыны, якая, здаецца, лунае ў пясчана-марской прасторы з сонейкамі бурштыну (яго кавалачак тактоўна ўведзены ў структуру палатна).
“Красу, і светласць, і прастор шукаў ...”
“Краса” жаночая сцвярджаецца загадкавай “Глорыяй” А.Ляшчынскага. Выкананая ў тэхніцы фотаграфікі, работа сумяшчае ў сабе пачуццёвасць сучаснага погляду і класічную пластыку жаночай прыгажосці.
Ствараючы з дапамогай паэтычных метафар і алегорый амаль зрокавыя карціны прыроды, Багдановіч падкрэслівае яе непарыўную знітаванасць з унутраным станам чалавечай асобы.
“Брызгі золата ў небе блішчаць...”
“Ціха... сінявокая ноч прахадзіла.”
“Імгла... чорнай рызай усё пакрывае...”
Зварот да бацькі-Нёмана для паэта магчымасць увабраць у сябе яго першародную гармонію і сілу:
“І красой паводкі вольнай душу выпрастай маю!”
Падтрымліваючы эстэтычную канцэпцыю паэта, мастакі ў сваіх творах эмацыянальна асэнсоўваюць, напаўняюць непасрэднымі ўражаннямі краявіды Гродзеншчыны. Так, А.Бурчык прадставіў прасякнутыя святлом, трапяткія, празрыстыя акварэлі “Асенняя раніца”, “Пасля навальніцы”, А. Багустаў з вялікай колеравай насычанасцю, экспрэсіяй паказаў карціны “На Захадзе”, “Прынёманскі матыў”. На апошнім аркушы ўзноўлены стары парк, закладзены ў Гродне яшчэ ў XVIII ст., па алеях якога, бясспрэчна, тупалі маленькія ножкі Максіма, бо дом Багдановічаў стаіць адразу за паркавай агароджай. Свае жыццёвыя назіранні ўвасобілі ў відарысах Прынёмання Г.Мазураў (“Алея”), А. Ларыёнаў (“Мой бераг”).
Асобна хочацца сказаць пра габелены.
Рукачынная бавоўна Ж.Буевай саткалася ў краявід “Вясёлка над Нёманам” з выявамі старажытнай часткі Гродна з велічнымі касцёламі і старымі пабудовамі, а мяккая фактура ўзмоцніла ўражанне цеплыні і шчырасці аўтара. Самая маладая супрацоўніца кафедры Г.Нялепка паказала міні-габелены, выяўленчы вобраз якіх звернуты да адвечных працэсаў у колазвароце свету. Сярод іх — “Дрэва жыцця”, адзін з самых ёмістых і шматзначных славянскіх сімвалаў: выток усяго жывога, паяднанне зямнога і нябеснага існавання.“У родным краю ёсць крыніца жывой вады ...”
Гэтай святой вадой радзімы мацаваліся жыццёвыя сілы і паэтычныя радкі М.Багдановіча, у ёй і сёння творцы знаходзяць сваё натхненне.“ Апошні свой скарб аддаю...”
Назва мастацкай выстаўкі асацыіруецца з запаветам Багдановіча нашчадкам.Музей у Гродне наведвае вялікая колькасць школьнікаў, студэнтаў, таму ёсць упэўненасць, што скарб Максіма не страціцца, а шматкроць памножыцца.

Марына ЗАГІДУЛІНА
Гродна