Сцэнарыі для музея

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Рэзананс на надрукаванае

/i/content/pi/cult/287/4677/pic_60.jpgПасля прачытання інтэрв'ю "Музейны інтэрактыў, або Каго чакае скарб Банапарта?.." у № 33 "К" хацелася б падтрымаць думку галоўнага спецыяліста ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Гаўрылавай, што "музейная пасіўнасць" часта бывае толькі вонкавай, і каб упэўніцца ў гэтым, трэба, уласна кажучы, наведаць музей. Да прыкладу, наш.

Экспазіцыя Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь "жывая" па вызначэнні. Тэатр, музыка, кіно - жанры, якія існуюць толькі ва ўзаемадзеянні з чалавекам, а спектаклі, канцэрты, кінапаказы - гэта паўсядзённая праца ўстановы. Імкнуцца быць бліжэй да кожнага наведвальніка, уключаць яго ў творчы працэс, каб адчуў ён сябе музыкантам, рэжысёрам, кінааператарам, - менавіта ў гэтым бачу нашу задачу.

На экспазіцыі "Вытокі тэатральнай і музычнай культуры на беларускіх землях" наведвальнікі спрабуюць сябе ў якасці музыкантаў - іграюць на музычных інструментах: бразготках, трашчотках, калотках, рагулі, званочку, лыжках... - ствараюць свае, магчыма, першыя музычныя творы.

Штодзённа адбываюцца прадстаўленні старажытнага /i/content/pi/cult/287/4677/pic_61.jpgлялечнага тэатра "Батлейка", ролі ў іх атрымліваюць і наведвальнікі. Уявіце сабе іх уражанні, калі яны знаходзяцца па той бок скрыні, у загадкавай для іншых прасторы, дзе лялькі ажываюць, рухаюцца па тваім сцэнарыі, гавораць і спяваюць тваім голасам. Гэты тэатр заўсёды быў вандроўны, і сёння яго можна запрасіць у госці, на свята, у школу. Зусім іншыя сучасныя лялькі і гісторыі ажываюць на трэцім музейным паверсе - на экспазіцыі "Лялечны тэатр ХХ ст."

У філіяле музея "Музей гісторыі беларускага кіно" пад час экскурсіі па экспазіцыі жадаючым прапануецца паспрабаваць сябе ў ролі кінамеханіка 1920-х гадоў - асвоіць азы гэтай прафесіі на перасоўным кінапраектары "ГОЗ". А па выніках кінавіктарыны (яна прысвечана гісторыі беларускага кіно і ладзіцца цягам экскурсіі) пераможцам даецца магчымасць пераапрануцца ў касцюм аднаго з персанажаў фільма Юрыя М а р у х і н а "Маці Урагана" і сфатаграфавацца ў адпаведных дэкарацыях...

Думаю, у кожным сучасным музеі супрацоўнікі імкнуцца знайсці новыя, арыгінальныя формы ўзаемадзеяння з наведвальнікамі, прапанаваць унікальныя інтэрактыўныя праграмы не толькі таму, што гэта патрабаванне часу - гэта цікава нам самім, музейшчыкам, як сталым прафесіяналам, так і вялікай колькасці моладзі, якая выбрала менавіта гэту прафесію.

Таццяна МЕЛЬНІКАВА, вучоны сакратар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь

На здымках: дзякуючы такім музычным інструментам і "Батлейцы" ў музеі ствараюць свой варыянт інтэрактыву.