Уся справа ў... “матрушы”

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

На базе Капыльскага раённага Цэнтра ткацтва ў аграгарадку “Семежава” пачала працаваць “Школа ткачоў”. Яна стала часткай рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Накіраваны ён на пашырэнне вядомасці ткацтва як мясцовага віду народнай творчасці.

/i/content/pi/cult/287/4676/pic_59.jpgПры фінансавай падтрымцы згаданага праекта ў Цэнтры ткацтва абуладкаваны вучэбны клас: набыты ткацкія станкі, ніткі, выставачнае абсталяванне, абнаўляецца дзеючая экспазіцыя. З адкрыццём школы ўстанова стала не толькі музеем і творчай майстэрняй, але набыла статус вучэбнага цэнтра.

Паспяхова прайшла яго апрабацыя. Для дзяцей праводзіліся заняткі, дзе яны пазнаёміліся з прынцыпам работы ткацкага станка, даведаліся аб тэхніках вясковага ручнога ткацтва, на практычных занятках самі ткалі палавічок.

Пад час рэалізацыі новага праекта для групы замежных валанцёраў і вучняў Ляшнянскай школы праводзіліся майстар-класы "Тканыя вырабы сваімі рукамі" пад кіраўніцтвам народнага майстра Валянціны Кіені. А ў мясцовай школе ў бягучым навучальным годзе ўводзіцца цыкл пазакласных заняткаў "Семежавазнаўства", у тым ліку раздзел "Гісторыя развіцця ткацтва вёскі Семежава. Асновы ткацтва".

Варта адзначыць, што вёска Семежава з XVI стагоддзя была адным з буйнейшых цэнтраў ткацтва на Капыльшчыне. Адметнасцю семежаўскага ткацтва застаюцца знакамітыя і непаўторныя чырвона-белыя ручнікі, вытканыя закладной тэхнікай, якая па-мясцоваму называецца "ў матрушы"... Апошняя ў пачатку ХХ стагоддзя была ўжо рэдкай з'явай на Беларусі. А мясцовыя ткачыхі стваралі ручнікі амаль да 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У Цэнтры ткуцца яны і зараз.

Словам, праект будзе садзейнічаць развіццю культурных традыцый рэгіёна, ткацкага рамяства, паляпшэнню турыстычнай інфраструктуры маршруту "Міжрэчча Мажы і Морачы", які будзе праходзіць па тэрыторыі Семежаўскага сельскага Савета.

Наталля ХОЛАД, дырэктар Капыльскага раённага Цэнтра ткацтва

На здымку: майстар-клас у Цэнтры ткацтва.