Пры фінансавай падтрымцы згаданага праекта ў Цэнтры ткацтва абуладкаваны вучэбны клас: набыты ткацкія станкі, ніткі, выставачнае абсталяванне, абнаўляецца дзеючая экспазіцыя. З адкрыццём школы ўстанова стала не толькі музеем і творчай майстэрняй, але набыла статус вучэбнага цэнтра.
Паспяхова прайшла яго апрабацыя. Для дзяцей праводзіліся заняткі, дзе яны пазнаёміліся з прынцыпам работы ткацкага станка, даведаліся аб тэхніках вясковага ручнога ткацтва, на практычных занятках самі ткалі палавічок.
Пад час рэалізацыі новага праекта для групы замежных валанцёраў і вучняў Ляшнянскай школы праводзіліся майстар-класы "Тканыя вырабы сваімі рукамі" пад кіраўніцтвам народнага майстра Валянціны Кіені. А ў мясцовай школе ў бягучым навучальным годзе ўводзіцца цыкл пазакласных заняткаў "Семежавазнаўства", у тым ліку раздзел "Гісторыя развіцця ткацтва вёскі Семежава. Асновы ткацтва".
Варта адзначыць, што вёска Семежава з XVI стагоддзя была адным з буйнейшых цэнтраў ткацтва на Капыльшчыне. Адметнасцю семежаўскага ткацтва застаюцца знакамітыя і непаўторныя чырвона-белыя ручнікі, вытканыя закладной тэхнікай, якая па-мясцоваму называецца "ў матрушы"... Апошняя ў пачатку ХХ стагоддзя была ўжо рэдкай з'явай на Беларусі. А мясцовыя ткачыхі стваралі ручнікі амаль да 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У Цэнтры ткуцца яны і зараз.
Словам, праект будзе садзейнічаць развіццю культурных традыцый рэгіёна, ткацкага рамяства, паляпшэнню турыстычнай інфраструктуры маршруту "Міжрэчча Мажы і Морачы", які будзе праходзіць па тэрыторыі Семежаўскага сельскага Савета.
Наталля ХОЛАД, дырэктар Капыльскага раённага Цэнтра ткацтва
На здымку: майстар-клас у Цэнтры ткацтва.