Упоравень са стагоддзем…

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Фёдар Іванавіч Дарашэвіч увайшоў у гісторыю беларускага жывапісу як высакакласны майстар пейзажа і нацюрморта, фігуратыўнай карціны. Сёлета споўнілася 105 гадоў з дня яго нараджэння.

/i/content/pi/cult/287/4673/pic_56.jpgУраджэнец старажытнага Камянца, Ф.Дарашэвіч атрымаў мастацкую адукацыю далёка ад радзімы: ён выпускнік Омскага мастацкага прамыслова-тэхнічнага вучылішча імя М.Урубеля (1929 г.) і Інстытута жывапісу і архітэктуры ў Ленінградзе (1938 г.). У Беларусь мастак з сям'ёй вярнуўся ў 1950-м і з таго часу жыў у Мінску... Яго палотны "Гарманіст ідзе", "Страляйце, не шкадуйце нас!", "Трывога", "1941 год", "Над Прыпяццю", "Крыгаход на Бярэзіне" ў свой час мелі шырокі глядацкі рэзананс. Сёння работы Ф.Дарашэвіча знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея і Беларускага саюза мастакоў, музеяў Полацка, Бялынічаў і Пермі, у прыватных зборах. У дадзеным праекце акцэнтуецца ўдзел апошніх - як захавальнікаў імёнаў творцаў мінулага.

Выстаўка ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва працягвае серыю праектаў "Прыватная калекцыя". Экспазіцыя пад назвай "Імя ў гісторыі" сфарміравана пры актыўным садзейнічанні дачкі мастака Людмілы Баравіцкай і сакуратара "Прыватнай калекцыі" Аляксандра Радаева.

У галерэі прадстаўлена больш чым 50 работ жывапісца, сярод якіх- эцюды і эскізы да маштабных тэматычных карцін "Далёка ад Радзімы", "Эвакуацыя завода", лірыка-эпічныя пейзажы з увасабленнем беларускай прыроды, марыны, напісаныя ў час творчай паездкі мастака на Балтыку, партрэты рабочых і сялян. Асаблівасцю выстаўкі з'яўляецца наяўнасць індустрыяльных пейзажаў Дарашэвіча, дзе, дзякуючы ўнікальнаму почырку мастака, шэрыя гарадскія пабудовы ператвараюцца ў паэтычнанастальгічныя і прыцягальныя святлаколерныя вобразы.

Адлюстроўваючы ў сваіх творах надзённыя тэмы рэчаіснасці, ён надзвычай тонка перадаваў дух часу. Таму падзеі ХХ стагоддзя ў творчасці Дарашэвіча не здаюцца замкнутымі ў рамках сухой, бяздушнай факталогіі. Яны вызначаюцца глыбокім драматызмам і непадробным аўтарскім почыркам.

Марыя МІХАЙЛАВА, супрацоўнік Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва