Хто робіць першы крок?

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Сяброўства харэаграфіі з драматычным тэатрам — адна з адметных з’яў часу. І аказваюцца танцавальныя праграмы часцей менавіта на тэатральных пляцоўках. Вось і на пачатку верасня на cцэне Тэатра-студыі кінаакцёра адбылася прэм’ера шоу-спектакля “Танга: учора, сёння, назаўжды”, а ў Гродзенскім абласным драмтэатры і ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі прайшлі вечары сучаснай шведскай харэаграфіі ў выкананні маладых гродзенскіх і мінскіх артыстаў.

/i/content/pi/cult/287/4672/pic_54.jpgТанга для Радзівілаў

Сцэна Тэатра-студыі кінаакцёра, падзеленая на два паверхі, ператварылася ў невялічкае ўтульнае кафэ - скажам, дзесьці ў цэнтры Еўропы стагоддзе таму. На верхнім ярусе - музыканты на фоне афіш, на ніжнім - некалькі крэслаў, канапа, столік з кветкамі, вешалка. І звычайныя людзі, якія знаёмяцца, адпачываюць, танцуюць, кахаюць - жывуць. Але ж галоўнай дзейнай асобай застаецца танга - не толькі як уласна танец, але і як асобая культура ўзаемаадносінаў, пачуццяў, як лад жыцця. Разгортванне танцавальнага дзеяння - бы знітаваныя паміж сабой гісторыі кахання персанажаў, што выбудоўваюцца ў гісторыю паходжання і развіцця самога танга.

Спектакль развенчвае міф, што танга можа быць альбо жорсткім паядынкам паміж жанчынай і мужчынам, альбо карыкатурным "дуэтам згоды" камедыйных ці, яшчэ горш, адмоўных персанажаў. Узровень удзельнікаў пастаноўкі - розны, бо ў спектаклі занятыя і тыя, для каго танга стала прафесіяй, і пачаткоўцы, што займаюцца ім літаральна два-тры месяцы. Але яднае іх тое, што ўсе пары дэманструюць розныя адценні лірычнага прачытання танца, азоранага трапяткім подыхам жарсці. Невыпадкова сярод найбольш яркіх харэаграфічных элементаў - рамантычныя ўзлёты і кружэнні партнёршы. Відавочны і нацыянальны ўхіл, што выяўляецца ў імкненні танцоўшчыкаў да мяккай грацыі і нейкай асаблівай шляхетнасці - бы перад намі сапраўдныя нашчадкі Радзівілаў, што танцуюць, па меншай меры, у адным з пакояў замка ці палаца.

- Гэта ўжо другі наш спектакль, пастаўлены Хасэ Васкесам/i/content/pi/cult/287/4672/pic_55.jpg з Аргенціны, - расказвае ўдзельніца спектакля Іна Лебедзева. - Ідэя ж нарадзілася некалькі гадоў таму, калі ў Іспаніі мы з Ганнай Ярыга (яна выконвае ў спектаклі адну з цэнтральных партый, выступаючы ў пары з Хасэ) звярнулі ўвагу, што людзі танцуюць танга проста на вуліцах. Бо гэта для іх - адзін з відаў адпачынку, які прыносіць фізічную і, галоўнае, эмацыйную разгрузку.

Ці цячэ вада ўгару?

Ужо не ўпершыню пры падтрымцы Пасольства Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь і Шведскага Інстытута да нас прыязджаюць пастаноўшчыкі Бэна Ваархам і Сібрыг Доктэр, каб папрацаваць з нашымі калектывамі сучаснай харэаграфіі. Мінулым разам пастаноўчыя эксперыменты ладзіліся з Гродзенскім абласным драматычным тэатрам, пры якім ужо больш за дзесяцігоддзе, дзякуючы намаганням Аляксандра Цебянькова, існуюць танц-тэатр "Галерэя" і студыя "Фолюш-балет". Сёлета супрацоўніцтва шведскіх харэографаў з маладымі гродзенскімі акцёрамі і танцорамі працягнулася, але далучыўся і мінскі калектыў- тэатр танца "Каракулі" на чале з Вольгай Лабоўкінай.

Гродзенцы і мінчане, якія патрапілі на спектаклі, атрымалі не толькі задавальненне, але і падставу для роздуму, бо цяперашнія спектаклі "Там, дзе вада цячэ ўгару" і "Але не я..." аказаліся, як і ранейшыя шведскія праекты, з глыбокім філасофскім ухілам. Заснаваныя на распаўсюджанай у мадэрне кантактнай імправізацыі, яны адрозніваліся стылёва, у іх відавочна прасочвалася імкненне харэографаў выявіць і падкрэсліць асаблівасці кожнай трупы: у "Каракуляў"- танцавальную лексіку, у гродзенскіх удзельнікаў - акцёрскую пластыку, дапоўненую дыялогамі. А што ж самі артысты, якіх так высока ацанілі замежныя пастаноўшчыкі?

- Любы эксперымент,- распавяла Вольга Лабоўкіна, - радасць для артыстаў, якім не церпіцца рухацца наперад, спазнаваць штосьці новае для сябе, а не сядзець увесь час на месцы. Захапіў ужо сам рэпетыцыйны працэс! Дарэчы, рэпетыцыі пачаліся яшчэ ўвесну, але ішлі гэткім "пункцірам": дзесяць дзён у сакавіку, гадзін па сем на дзень, гэтак жа - у красавіку і, нарэшце, дзевяць дзён - непасрэдна перад прэм'ерай. Мы працавалі над рознымі мастацкімі прыёмамі, уключаючы перформанс. Але галоўным стаў феномен г р у п ы , п р ы н ц ы п ы калектыўнага мыслення, якія хвалявалі і пастаноўшчыка: хто бярэ на сябе адказнасць за рашэнні, хто зробіць першы крок, каб за ім пайшлі астатнія?

На здымках: фрагменты з "Танга..."

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"