Дзверы ў партэры адчыняюць прэм’еры

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Вядучыя музычныя калектывы краіны адкрываюць чарговы тэатральна-канцэртны сезон. І кожны падрыхтаваў з гэтай нагоды свае прэм’еры.

11 верасня Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр пачаў сезон прэм'ерай музычнага рэвю "Аднойчы ў Чыкага". А Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, адкрыўшы сезон 7 верасня операй "Набука", усё лета рыхтаваў прэм'еру... часопіса "Партэр".

На старонках выдання, што будзе выпускацца штомесяц тыражом 5 тысяч экзэмпляраў,- найперш, звесткі пра тое, што рыхтуецца на лепшых сцэнах свету. Не забыта і беларуская культура: увага чытачоў закцэнтавана на развіцці беларускай оперы ў ХVII- ХVIII стагоддзях, оперы "Дзікае паляванне караля Стаха" У.Солтана, постацях Ю.Траяна, Р.Паклітару, Ю.Гарадзецкага.

Серыя матэрыялаў прысвечана "Набука" Дж.Вердзі - самай эфектнай па відовішчнасці прэм'еры мінулага сезона. Паставіў оперу Міхаіл Панджавідзэ, які пасля гэтага быў запрошаны галоўным рэжысёрам нашага тэатра. Яго наступнай работай стане "Тоска" Дж.Пучыні, якую мы ўбачым ужо ў кастрычніку.

На лістапад запланаваны балет "Трыстан і Ізольда" паводле музыкі Р.Вагнера. На снежань- грандыёзны Калядны оперны форум з удзелам замежных тэатраў і салістаў. Падобны ж балетны зоркапад прыпадзе на кастрычнік. 8-га прыедзе знакаміты Тэатр балета Барыса Эйфмана з Санкт-Пецярбурга, прычым адразу з дзвюма сваімі культавымі пастаноўкамі: "Аннай Карэнінай", якую яны прывозілі на адзін са "Славянскіх базараў у Віцебску", і "Чайкай". 22-га ў нашым Вялікім - "Рускія сезоны ХХІ стагоддзя" Андрыса Ліепы. А пасля Навагодняга балю, паступова рыхтуючыся да вясны, можна будзе завітаць на прэм'еру оперы "Снягурка" М.Рымскага-Корсакава ў пастаноўцы С.Цырук...

Дый надалей прыемных сюрпрызаў будзе дастаткова. Сярод самых нечаканых - "прэм'ера" Міжнароднага музычнага фестывалю "Уладзімір Співакоў запрашае" ў Белдзяржфілармоніі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"