У кроплі адчуць бясконцасць

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” працуе юбілейная выстаўка жывапісных работ Вячаслава Рускевіча “Абліччы — у часе, час — у абліччах”.

/i/content/pi/cult/121/467/Margaryta.jpg 
 В.Рускевіч. “Маргарыта”.
Больш за чвэрць стагоддзя аддаў мастак педагагічнай
дзейнасці. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.Глебава, выхаваў не адно пакаленне маладых жывапісцаў. Аднак некаторы час таму, здзяйсняючы даўнюю мару, усур’ёз і цалкам прысвяціў сябе творчасці. Ён актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх, групавых выстаўках, адкрывае і персанальныя, — напрыклад, у Гарадской мастацкай галерэі Л.Шчамялёва прадставіў серыю новых партрэтаў. Пяцідзесяцігадовыя ўгодкі адзначыў выстаўкай у Палацы мастацтва, дзе паказаў свае здабыткі не толькі ў партрэтным жывапісе, але і ў жанрах нацюрморта і пейзажа.
В.Рускевіч называе сябе мастаком камерным. “Мне цікавы канкрэтны чалавек, праз якога я імкнуся адчуць працэсы, што адбываюцца ў навакольным свеце. Як гавораць, бясконцасць можа існаваць і ў акіяне, і ў кроплі вады. Хаця часам я ствараю і эцюдныя творы, пейзажы, нацюрморты — усё залежыць ад настрою, тэмы, якая прыцягнула маю ўвагу”.
Яго героі — у асноўным звычайныя людзі. Мастак часта піша сваіх бацькоў, ганарыцца партрэтам А.Малішэўскага, побач з якім працаваў шмат гадоў у вучылішчы. Шукае нестандартныя, незвычайныя вобразы. Імкнецца адчуць і ўвасобіць на палатне характар чалавека, раскрыць яго сутнасць. Таму, верагодна, яму падабаецца пісаць людзей старэйшага ўзросту, на тварах якіх час пакінуў свой адбітак, або юнакоў, асветленых непрыхаванай радасцю жыцця і марамі аб будучым.
Захапляецца мастак і аўтапартрэтамі. Піша іх да кожнай уласнай юбілейнай даты. Зусім не з-за самалюбавання, зазначае ён, проста “гэта вельмі зручна — пісаць самога сябе: мадэль заўжды, калі спатрэбіцца, “на месцы”.
Экспазіцыя новай выстаўкі мастака засведчыла, што творчы патэнцыял В.Рускевіча вялікі, а яго творчасць, як і раней, жывіць акадэмічная школа.

Н.Ж.