Карпаратыўны каталог

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі паведамляе “К”, што гэтымі днямі адбываецца прыёмка ў вопытную эксплуатацыю зводнага электроннага каталога рэсурсаў бібліятэк краіны. Прэзентацыя яго адбудзецца ў бліжэйшы час.

 

У карпаратыўным каталогу спярша будуць "зведзены" рэсурсы буйных устаноў. Да прыкладу, прадстаўлены Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Рэспубліканская навукова-тэхнічная і Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук.

З 2012 года, дадае Раман Матульскі, мяркуецца далучэнне абласных бібліятэк. А тэмпы падключэння раённых структур будуць залежаць ад ступені іх гатоўнасці: тэхнічнай узброенасці, прафесійнай падрыхтоўкі персаналу.

Карпаратыўны каталог будзе адкрытым, карыстальнікі займеюць магчымасць не толькі хутка адшукваць патрэбную літаратуру, але і замаўляць яе.

А на ўрачыстасцях з нагоды Дня бібліятэк Рэспублікі Беларусь было паведамлена аб атрыманні галоўнай кніжнай скарбніцай краіны кніг з фондаў Бібліятэкі Кангрэса ЗША. Гэта акцыя з'яўляецца крокам у адказ з амерыканскага боку. Летам, пад час знаходжання ў Вашынгтоне, дырэктар НББ Раман Матульскі перадаў у згаданую ўстанову сто беларускіх выданняў у рамках акцыі "Беларусь сёння".

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"