“Кінашок” па-нашаму

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Заўтра ў Анапе падвядуць вынікі ХІХ Адкрытага фестывалю кіно краін СНД, Латвіі, Літвы і Эстоніі, які горад-курорт традыцыйна прымае з 1992 года.

Сёлета ён прайшоў пад знакам спецыяльнай праграмы "У фокусе - Беларусь". Яна складалася з шэрагу конкурсных і пазаконкурсных паказаў, спецыяльнай анімацыйнай праграмы, вялікай падборкі студэнцкіх работ... Таму, як кажуць, будзем хварэць за нашых!

У асноўным конкурсе - поўнаметражных стужак - нашу краіну прадставіў рэжысёр Андрэй Кудзіненка са сваім новым фільмам "Масакра", у конкурсе "ТВ-Шок" паўдзельнічала тэлевізійная карціна Дзмітрыя Лася "Трамвай у Парыж", у пазаконкурснай праграме - стужкі Аляксандра Колбышава "Ваўкі" і Аляксандра Канановіча "Дасціш фантасціш". Канкурэнцыю беларусам склалі конкурсныя работы такіх майстроў, як Сяргей Лазніца, Гіціс Лукшас, Аляксей Фядорчанка, Актан Арым Курбат, Андрэй Эшпай.

Узначаліў журы конкурсу поўнаметражных стужак вядомы расійскі мастак тэатра і кіно Павел Каплевіч, а ў склад суддзяў у розных намінацыях увайшлі кіназнаўца Сітара Аліева, кінакрытык Юрый Гладзільшчыкаў, рэжысёры Уладзімір Хаціненка, Шарунас Бартас, Павел Кастамараў ды іншыя вядомыя ў свеце кіно асобы. Нязменным старшынёй фестывалю выступіў кінадраматург Віктар Мярэжка.