У прыватнасці, у Бельску Падляскім прайшоў традыцыйны канцэрт беларускай песні, які штогод арганізуецца па ініцыятыве Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы і пры падтрымцы Пасольства нашай краіны. У выступленні прынялі ўдзел шматлікія беларускія эстрадна-фальклорныя ансамблі з Падляскага ваяводства. А галоўным упрыгажэннем канцэрта стала выступленне фальклорнага ансамбля Беларускай дзяржаўнай філармоніі "Купалінка" і Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца "Гарадзенскія карункі" з Гродна.
Нямецкія ж аматары выяўленчага мастацтва маюць магчымасць пазнаёміцца з цікавымі жывапіснымі палотнамі беларускіх майстроў. У прыватнасці, у палацы Грыбенаў у горадзе Грайфсвальд адкрылася выстаўка работ членаў Беларускага саюза мастакоў "Кветкі зямлі беларускай". Як паведаміла пасольства нашай краіны ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германія, у экспазіцыю ўвайшлі 35 карцін 18 творцаў з Беларусі - прадстаўнікоў класічнай школы жывапісу.