Усё сваё жыццё Ірына Мікалаеўна прысвяціла Музею (музейнай дзейнасці). Пасля заканчэння Ленінградскага ўніверсітэта ў 1952-м сем гадоў працавала ў Дзяржаўным Рускім музеі, а з 1959-га, па запрашэнні дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алены Васільеўны Аладавай, пераехала ў Мінск і амаль паўстагоддзя была супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. З 1960 года Ірына Мікалаеўна - намеснік дырэктара па навуковай рабоце, і ў гэтай якасці нязменна працавала да 2000 года.
І.М. Паньшынай у музеі былі створаны ўмовы для развіцця навукова-даследчай работы, закладзены той моцны фундамент, дзякуючы якому і сёння Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь можа з гонарам называць сябе адным з буйнейшых цэнтраў айчыннага мастацтвазнаўства. Больш за дзесяць гадоў музей выдае заснаваныя ёй штогадовыя навуковыя "Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь", якія адлюстроўваюць хроніку і навуковыя адкрыцці ў музейнай справе краіны.
Па сёння захоўваюць сваю пазнавальную значнасць такія працы Ірыны Мікалаеўны, як "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" (1975), "Час у вобразах і фарбах" (1980), застаюцца па сёння актуальнымі альбомы-каталогі, прысвечаныя творчасці Івана Хруцкага (1990) і Валенція Ваньковіча (2003). Своеасаблівым вынікам шматгадовай працы па атрыбуцыі твораў выяўленчага мастацтва з фондаў музея стала апошняя кніга Ірыны Мікалаеўны Паньшынай- "Што ў імені табе маім?" (2009).
Пры непасрэдным удзеле Ірыны Мікалаеўны Паньшынай, у многім дзякуючы яе энергіі і выдатным арганізатарскім магчымасцям былі створаны філіялы НММ РБ - Музей народнага беларускага мастацтва ў Раўбічах (1979), задуманы яшчэ А.В. Аладавай мемарыяльны Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве (1982), Музей "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва Беларусі першай паловы ХІХ ст." у Мінску (2000) і Мемарыяльны музей-майстэрня народнага мастака СССР З.І. Азгура (1998), зараз перададзены гораду Мінску.
Усе, хто ведаў Ірыну Мікалаеўну, і асабліва супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, з удзячнасцю і цеплынёй будуць успамінаць гэтага светлага чалавека.
Уладзімір ПРАКАПЦОЎ,
генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь