Артанія ў вусці Убарці

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Ці быў Тураў спадчыннікам далетапіснай цывілізацыі?

/i/content/pi/cult/287/4662/pic_47.jpgПытанне, дзе знаходзілася старажытная краіна Артанія, што размяшчалася, паводле звестак усходніх географаў, у чатырох днях руху па вадзе ад Кіева, хвалюе вучоных-гісторыкаў па сённяшні дзень. Артанія ў VII- ХІІ стст. была адной з трох усходнеславянскіх краін, з якой уступалі ў гандлёвыя зносіны ўсходнія купцы, падарожнічаючы па вадзе.

Як пісаў арабскі аўтар Х стагоддзя Ібн Хаўкаль у "Геаграфіі арыенціраў", "...жыхары Арты да сябе чужых не пускаюць, самі ж яны спускаюцца па вадзе для гандлю і не паведамляюць нічога аб справах сваіх, не дазваляюць нікому следаваць за сабою і ўваходзіць у краіну сваю".

Чаму? На гэтае пытанне паспрабавалі адказаць у сваёй новай кнізе "Беларусь далетапісная" даследчыкі айчыннай гісторыі Ірына Масляніцына і Мікола Багадзяж. Яны пагаджаюцца з версіяй вядомага рускага гісторыка Барыса Рыбакова, што чужынцаў у Арту маглі не дапускаць з-за таго, што гэта быў горад-свяцілішча. А "Вялесава кніга", на іх погляд, ускосна пацвярджае гэтую версію.

Цягам апошніх двух стагоддзяў выказвалася шмат розных версій наконт таго, дзе ж магла знаходзіцца Артанія? Беларускі даследчык А. Соніч меркаваў, напрыклад, што Арта - гэта Орша. Зыходзячы з гіпотэзы Масляніцынай і Багадзяжа, старажытную Артанію варта шукаць у іншым месцы, а калі дакладней, дык у басейне ракі Прыпяці якраз на тэрыторыі сучасных Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў - у раёне прытока Прыпяці Убарці. Як вынікае з працы даследчыкаў, тое, што мясціну гэтую некаторыя ўсходнія географы яшчэ называлі Уртабам, можна лічыць лінгвістычна-геаграфічный падказкай аб рэальным месцазнаходжанні Арты. Даследчыкі задаюцца гіпатэтычным пытаннем: "Можа, у вусці ракі Убарці або на Прыпяці, недалёка ад месца ўпадзення ў яе гэтага прытока, калісьці знаходзіўся старажытны град славян - Уборцеск або Уборта?"

Дарэчы, у перакладзе са старажытнаперсідскай мовы слова "Арта" азначае не што іншае, як "праўда", альбо "Боская ісціна". З гэтым горадам даследчыкі звязваюць традыцыю мясцовага кіравання - Рады Семярых Мудрацоў. Пра іх красамоўна распавядае "Вялесава кніга".

Згодна з яе данымі, падарожнічалі яны нават да Індыі, адкуль прынеслі нашым продкам звесткі пра індыйскых багоў і індыйскія веды.

Прамым жа пераемнікам старажытнай Арты, лічаць даследчыкі Беларусі далетапіснай, мог стаць беларускі горад Тураў, куды тыя ж сямёра мудрацоў запрасілі на кіраванне брата Рагвалода - князя Тура.

Каменціруючы пытанне аб сапраўднасці звестак, выкладзеных у "Вялесавай кнізе", Мікола Багадзяж паведаміў: "Справа ў тым, што гэта не маналітны твор, а выразаныя на букавых дошчачках тэксты пропаведзей жрацоў. І яны напісаныя настолькі рознай мовай, што ніяк не маглі аказацца творам аднаго чалавека. На адных з іх- мова вельмі падобная да летапіснай, іншыя ўтрымліваюць такія абароты і словы, што перакласці іх адразу вельмі цяжка. Некаторыя тэксты насычаны словамі, падобнымі да сучасных беларускіх і польскіх, а дзесьці шмат аналагаў паўднёваславянскіх. Шэраг тэкстаў уяўляе з сябе амаль што вершы, іншыя - прозу... Перакананы, аўтараў было шмат, яны жылі ў розныя стагоддзі, e розных мясцінах, мелі розныя літаратурныя і аратарскія здольнасці. Але кожны з іх пакінуў нам бясцэнную спадчыну - веды пра мінулае".

"Мы, напрыклад, з "Вялесавай кнігі" са здзіўленнем даведаліся пра тое, што князь Кій, легендарны заснавальнік Кіева, можа лічыцца і нашым героем, - удакладніла Ірына Масляніцына. - Бо менавіта Кій аб'яднаў плямёны ўсходніх славян для агульнай абароны ад готаў і стаў ваенным правадыром палян, драўлян, крывічоў і ляхаў. А яшчэ там ёсць сведчанні пра яцвягаў, якія спакон веку жылі на беларускай зямлі, пра князя Радзіма і іншае.

Ірына Масляніцына зазначыла, што, працуючы над даследаваннямі па айчыннай гісторыі, акрамя "Вялесавай кнігі" яны карысталіся яшчэ цэлым шэрагам антычных і сярэднявечных крыніц. Нельга не прыгадаць, што пра нашых продкаў пісалі і Герадот, і Іардан, і арабскія географы Ібн Хордадбег, Аль Масудзі, Ібн Хаўкаль, Аль Ідрысі. Утрымліваюць цікавыя звесткі пра людзей, што жылі ў розны час на землях беларускіх, манускрыпт ХІ стагоддзя "Тыфліскі рукапіс" і такі помнік старажытнай літаратуры, як "Жыціе Дзмітрыя Салунскага", скандынаўскія сагі, "Магілёўская хроніка" Трафіма Сурты і "Віцебскі летапіс".

Паліна ЦІКАВА