“Маленькі прынц” едзе ў Віцебск

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Падчас адкрыцця ХІV Міжнароднага фестывалю дзіцячых тэатраў у Сербскім горадзе Субоціцы традыцыйна ўручаецца прэстыжная ўзнагарода фестывалю за выдатны ўклад у развіццё культуры і тэатральнага мастацтва для дзяцей на міжнародным узроўні. Уладальнікамі ганаровага прыза “Маленькі прынц” у розныя гады станавіліся такія знакамітыя тэатральныя дзеячы, як Генрык Юркоўскі (Польшча), Ёзеф Крофта (Чэхія), Маргарыта Нікалеску (Францыя). У гэтым годзе яго атрымаў мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” з Віцебска Віктар Клімчук.

 /i/content/pi/cult/121/466/Mal-prynz.jpg
Упершыню калектыў тэатра “Лялька” трапіў на фестываль у Субоціцу ў 1999 годзе. Той фестываль быў асаблівы. У Югаславіі толькі што скончылася вайна, і праз 100 дзён пасля яе заканчэння дарослыя, наладзіўшы тэатральнае свята, стараліся залячыць самыя балючыя раны — раны ў душах дзяцей.

Калектыў тэатра “Лялька” быў адзначаны вышэйшай узнагародай — Гран-пры за спектакль “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка” паводле Я.Баршчэўскага.

Праз год артыстаў “Лялькі” віталі ўжо як даўніх сяброў. І толькі негалоснае правіла, паводле якога аднаму калектыву нельга атрымаць два Гран-пры запар, не дазволіла спектаклю “Чароўная зброя Кэндзо” М.Супоніна стаць уладальнікам вышэйшай узнагароды. Калектыву быў уручаны прыз за высокія творчыя дасягненні.

Супрацоўніцтва “Лялькі” з фестывалем у Субоціцы актыўна працягваецца і па сённяшні дзень. В.Клімчук з’яўляецца членам журы, а таксама вядзе селекцыйную работу, рэкамендуючы арганізатарам фестывалю цікавыя тэатральныя калектывы. Менавіта таму пры ўручэнні ганаровага прыза В.Клімчуку адзначаліся таксама ягоныя вялікія асабістыя заслугі ў развіцці фестывалю і ва ўмацаванні культурных сувязей паміж Сербіяй і Беларуссю.

Узнагарода — скульптура “Маленькі прынц” вядомага скульптара Мійо Міюскавіча — аказалася даволі важкай, таму даставіць яе самалётам на Беларусь было цяжкавата. Ганаровы прыз едзе ў Віцебск праз усю Беларусь і ўжо вельмі хутка зойме сваё месца ў музеі Беларускага тэатра “Лялька”.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ
Віцебск