Упершыню калектыў тэатра “Лялька” трапіў на фестываль у Субоціцу ў 1999 годзе. Той фестываль быў асаблівы. У Югаславіі толькі што скончылася вайна, і праз 100 дзён пасля яе заканчэння дарослыя, наладзіўшы тэатральнае свята, стараліся залячыць самыя балючыя раны — раны ў душах дзяцей.
Калектыў тэатра “Лялька” быў адзначаны вышэйшай узнагародай — Гран-пры за спектакль “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка” паводле Я.Баршчэўскага.
Праз год артыстаў “Лялькі” віталі ўжо як даўніх сяброў. І толькі негалоснае правіла, паводле якога аднаму калектыву нельга атрымаць два Гран-пры запар, не дазволіла спектаклю “Чароўная зброя Кэндзо” М.Супоніна стаць уладальнікам вышэйшай узнагароды. Калектыву быў уручаны прыз за высокія творчыя дасягненні.
Супрацоўніцтва “Лялькі” з фестывалем у Субоціцы актыўна працягваецца і па сённяшні дзень. В.Клімчук з’яўляецца членам журы, а таксама вядзе селекцыйную работу, рэкамендуючы арганізатарам фестывалю цікавыя тэатральныя калектывы. Менавіта таму пры ўручэнні ганаровага прыза В.Клімчуку адзначаліся таксама ягоныя вялікія асабістыя заслугі ў развіцці фестывалю і ва ўмацаванні культурных сувязей паміж Сербіяй і Беларуссю.
Узнагарода — скульптура “Маленькі прынц” вядомага скульптара Мійо Міюскавіча — аказалася даволі важкай, таму даставіць яе самалётам на Беларусь было цяжкавата. Ганаровы прыз едзе ў Віцебск праз усю Беларусь і ўжо вельмі хутка зойме сваё месца ў музеі Беларускага тэатра “Лялька”.
Вікторыя ДАШКЕВІЧ
Віцебск