Ідзём на плюс, але…

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Фінал нацыянальнага адбору на дзіцячае “Еўрабачанне” чымсьці парадаваў, а чымсьці і засмуціў. Бо падобныя конкурсы, на якіх паказваюцца выключна новыя песні, заўсёды даюць гэткі зрэз развіцця нашага мастацтва “тут і зараз”, падводзяць вынікі песенна-спеўнага года, намацваюць далейшыя шляхі. Што ж мы ўбачылі і пачулі?

/i/content/pi/cult/287/4658/pic_31.jpgДобра, што, у параўнанні з мінулымі гадамі, больш стала песень "усялякіх і розных", а не толькі радасна танцавальных - як кажуць у такіх выпадках, "ні пра што". Дрэнна, што не было сярод іх ніводнай "стопрацэнтнай", зробленай і даробленай да дробязяў, каб пры яе праслухоўванні не ўзнікала аніякіх "але".

Добра, што дзеці сталі спяваць больш чыста, інтанацыйна ўстойліва. Гэта сведчыць, што з імі займаліся не толькі дастаткова, але і, што вельмі важна, правільна. Дрэнна, што сярод удзельнікаў малавата аказалася яркіх асоб, якія б вылучаліся сваім асаблівым унутраным святлом, а не толькі знешняй "разыначкай".

Добра, што 10 песень з 11-ці атрымалі годную, даволі стыльную падтанцоўку. Дрэнна, што ў большасці выпадкаў яна была падобная на данс-стыль іншых нумароў. І так - ва ўсім: дзе плюс, там і мінус - і наадварот.

Не будзем аспрэчваць рашэнне журы і тэлегледачоў: усіх рассудзіць "Еўрабачанне". У тыя два месяцы, што засталіся да яго правядзення, трэба давесці пераможцу фіналу Данілу Казлова і ягоную песню "Музыкі святло" да музычнай і відовішчнай дасканаласці. Але ж надалей - ёсць над чым прызадумацца.

Выбарам цяперашняй песні мы быццам паказалі ўсёй Еўропе, што нашы дзеці лепей ведаюць класіку Бетховена, чымсьці ідалаў мас-культуры. І гэта цудоўна! Але ўвайсці ў суквецце еўрапейскіх культур трэба не проста "на роўных", але і са сваёй уласнай адметнасцю. Леташні "Трусік" Юры Дземідовіча, хаця і не прынёс першага месца, запомніўся сваёй неардынарнасцю. Гэтак жа, як калісьці было з "сонечным хлопчыкам" - Андрэем Кунцом: не заняўшы першую прыступку "Еўрабачання", ён запомніўся ментальнай беларускай шчырасцю і добрай усмешкай.

І яшчэ. Можа, усё ж праводзіць фінальныя адборы крыху раней? Бо многіх яго патэнцыйных удзельнікаў добра ведаюць і самі арганізатары, і ўсе тыя, хто займаецца дзіцячай творчасцю. Вызначыўшыся з лідарам, яму можна было б дапамагчы больш мэтанакіравана.

На здымку: Даніла Казлоў.

Фота tvr.by

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"