Які фарватар у “Белай вежы”?

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Сёння завяршаецца Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа". У пятнаццаты раз форум падводзіць вынікі творчага спаборніцтва амаль дваццаці калектываў. Прыхільнікаў фестывалю чакае надзвычайны сюрпрыз: спецыяльна для форуму Сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы сумесна з салістамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета прадстаўляюць камічную оперу "Мядзведзь" Сяргея Картэса паводле аднайменнай аднаактоўкі Антона Чэхава. Але, праўду кажучы, творчымі сюрпрызамі і падарункамі быў насычаны практычна кожны фестывальны дзень. Пра тое, што сёння "Белая вежа" з'яўляецца не толькі старэйшым і самым буйным айчынным тэатральным фестывалем, але і творчым форумам, вядомым далёка за межамі нашай краіны, сведчыць многае. У тым ліку і статус акадэмічнага, які не так даўно брэсцкі тэатр атрымаў першым і пакуль што адзіным з абласных калектываў рэспублікі. А пад час адкрыцця "Белай вежы" кіраўнік тэатра і дырэктар фестывалю Аляксандр Козак быў абвешчаны акадэмікам Міжнароднай акадэміі тэатра: яе прэзідэнт Уладзімір Уласаў урачыста паведаміў аб гэтым рашэнні і ўручыў адпаведныя пасведчанні.

/i/content/pi/cult/287/4657/pic_25.jpgПад знакам Чэхава

Сёлетняя праграма фестывалю была прысвечана 150-годдзю з дня нараджэння Антона Чэхава. І значную частку афішы склалі пастаноўкі паводле твораў класіка. Натуральна, работы гэтыя далі падставы для "шматсерыйнай" размовы пра тое, чым жа для тэатра дня сённяшняга і сучасных творцаў з'яўляецца творчая спадчына такіх тытанаў мастацтва, як Чэхаў, і наколькі гнуткім з'яўляецца само паняцце тэатральнай традыцыі ў працэсе стварэння спектакля.

Чэхаўскую спадчыну арганізатары "Белай вежы" прапанавалі ў самай рознай "кулінарнай" апрацоўцы. Адкрылі фестывальную праграму купалаўцы з іх саўнддрамным эксперыментам над "Вяселлем" - спектаклем у рэжысуры масквіча Уладзіміра Панкова, знаёмага брэстчанам па яркім і глыбокім спектаклі "Гогаль. Вечары. Частка І", які летась атрымаў Гран-пры брэсцкага форуму. Акцёр Вячаслаў Мілер з Аўстраліі ў жанры монаспектакля "Мая Арыядна" вырашыў адцяніць чэхаўскае апавяданне ўласнымі аўтарскімі вершамі, ствараючы на сцэне эмацыянальна-лірычнае дзейства, прасякнутае асабістым прачуваннем і пражываннем класіка. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі са сваёй "Чайкай" атабарыўся ў гарадскім парку, змяшчаючы д р а матычны твор у прыроднае, "жывое" атачэнне. А Львоўскі тэатр "Уваскрэсенне", які некалькі гадоў таму атрымаў Гран-пры фестывалю за свой вулічны "Вішнёвы сад", у гэтым годзе, у дадатак да яго, прывёз у Брэст і сцэнічны варыянт твора. Звярнуліся да спадчыны Чэхава і гаспадары фестывалю. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прадставіў на суд гледачоў "Тры сястры" ў рэжысуры Цімафея Ільеўскага. Ідэя пастановачнага ажыццяўлення гэтага твора на сцэне вітала ў калектыве цягам шасці гадоў, і акурат у рамках "Белай вежы" адбыўся першы паказ спектакля на патрабавальную фестывальную публіку, які, на маю думку, меў пэўны творчы плён. І не толькі для крытыкаў, якім "Тры сястры" далі багатую глебу для разважанняў пра магчымасці сучасных трактовак знакамітай п'есы, але і для самога тэатра. Падаецца, там адчулі, што самая вялікая складанасць у тэатры - быць простым, бо толькі гранічная прастата акцёрскага існавання і рэжысёрскага выказвання на сцэне здольная спараджаць сапраўдныя метафары.

Зрэшты, далёка не кожны з прадстаўленых у /i/content/pi/cult/287/4657/pic_26.jpgафішы "чэхаўскіх" спектакляў выклікаў станоўчыя эмоцыі і жаданне дайсці да сутнасці тэатральнай трактоўкі аўтарскага матэрыялу. У прыватнасці, Гродзенскі абласны драматычны тэатр прадставіў сваю версію "Чайкі", якая, на думку рэжысёра Валянціна Мацулевіча, прэтэндуе на "класічнае прачытанне" твора. Аднак на паверку самым класічным з прапанаванага нам гродзенскімі акцёрамі былі адно толькі... тэатральныя штампы, якія так і сыпаліся на сцэне адзін за адным. Што ж, сказалася, відаць, тое, што калектыў гэты праз адсутнасць у апошнія гады прадуманага мастацкага кіраўніцтва практычна выпаў з агульнабеларускага тэатральнага поля і ператварыўся ў сапраўдную "істоту з Чырвонай кнігі", якую вельмі складана пабачыць дзе-небудзь, акрамя "арэала ўласнай сцэны".

 

Спадкаемства ХХІ стагоддзя

/i/content/pi/cult/287/4657/pic_27.jpgНягледзячы на тое, што сучаснага ірландскага драматурга Марціна Мак-Донаха называюць "Шэкспірам ХХІ стагоддзя", думаецца, акурат ён у рамках сёлетняй "Белай вежы" працягнуў у нашы дні чэхаўскую традыцыю пільнай увагі да чалавека "як меры жыцця". І яго "Калека з Інішмана", прадстаўлены Пермскім тэатрам "Ля моста", стаўся, бадай, адной з самых яркіх і бясспрэчных падзей сёлетняга фестывалю. У рэпертуары калектыву не адна і не дзве п'есы ірландца- пяць! Аднак яны, створаныя ў падобнай стылістыцы, з "пазнавальнымі" акцёрамі, не ўяўляюць сабою тэатральнага серыяла, які можна глядзець з любога месца: кожны спектакль тэматычна самастойны і завершаны. І пры гэтым усе яны складваюцца ў эпічную карціну, што распавядае пра сучасныя норавы... не, не Ірландыі- свету, дзе пануе "кантактна-штуршковы" спосаб стасункаў і людзі амаль забыліся на чалавечую цеплыню і спагадлівасць.

/i/content/pi/cult/287/4657/pic_28.jpgХаця, па словах рэжысёра Сяргея Фядотава, для пермскага калектыву "Белая вежа" - 85-ы фестываль у іх творчай біяграфіі, на працягу ўсяго спектакля (а гэта дзве гадзіны сорак хвілін без антракту!) не было ніводнага імгнення, калі сцэнічная прастора не аказалася б напоўненай цікавым, "густым" жыццём. Бліскучы акцёрскі ансамбль і дакладныя, тонкія акцёрскія работы. Нягледзячы на знарочыстую вонкавую "драўлянасць" персанажаў, з кожнай хвілінай сцэнічнай дзеі мы становімся сведкамі і саўдзельнікамі тытанічна складанага працэсу фармавання гэтых "бярвёнаў", ператварэння іх у людзей, істот, якія здольныя не толькі рэагаваць на знешнія "штуршкі", але і знаходзіць унутры сябе жывыя, чалавечыя памкненні і перажыванні.

 

Пачуць пра Беларусь і... прыехаць

Штогод у рамках "Белай вежы" брэсцкія тэатралы маюць магчымасць знаёміцца з самымі рознымі тэатральнымі культурамі свету. Сёлета ўпершыню на брэсцкі фэст завітаў калектыў з індыйскай Курукшэтры - Арт-група "Акіян", якая працуе на сплаве тэатральнага, харэаграфічнага і музычнага мастацтваў. "Неяк, абсалютна выпадкова, у адной песні мы пачулі: "Беларусь",- распавядае рэжысёр калектыву Раві Шарма, - і нам стала цікава, што гэта за краіна. Пацікавіўшыся больш падрабязна, мы зразумелі, адчулі, што тут мусіць быць высокая тэатральная культура, і вырашылі абавязкова наведаць ваш край".

/i/content/pi/cult/287/4657/pic_29.jpgШто ж, фестываль паказаў: інтарэс аказаўся ўзаемавыгадным і цікавым як для акцёраў з Індыі, так і для беларускай публікі. Апошняя спрычынілася не толькі да традыцыйных індыйскіх песень і танцаў, але і да тэатральнага асваення нацыянальнага эпасу "Махабхарата" і аднаго з самых драматычных яе герояў - Карны, чыя гісторыя апавядаецца ў драме "Рашміраці". І пад час кожнага прадстаўлення, а іх індыйскія акцёры давалі не толькі ў Брэсце, але і ў некаторых раённых гарадах, віталі Арт-групу "Акіян" шчырымі ўдзячнымі апладысментамі. Зрэшты, сёлета не толькі індыйская культура была прадстаўлена ў афішы "Белай вежы". Не меншы глядацкі інтарэс выклікаў калектыў Bazisazan з Ірана, які паказаў "Вяселле Мабарака" - прадстаўленне, заснаванае на нацыянальных іранскіх паданнях і міфах.

Зрэшты, у рэпертуары гэтага калектыву, што працуе ў стылістыцы вандроўнага тэатра, не толькі нацыянальны матэрыял, але і сусветная класіка, у тым ліку і Антон Чэхаў. Праўда, па словах кіраўніка тэатра і рэжысёра Хасана Азімі, у Іране для таго, каб зрабіць драматургічны матэрыял такога кшталту больш блізкім і зразумелым свайму гледачу, рэжысёры мяняюць месца дзеяння п'ес і імёны герояў на мясцовыя іранскія, больш знаёмыя і звыклыя для сярэдняга тэатральнага абывацеля.

Да іранскай паэзіі і літаратурных крыніц Суфі ў сваім даследчым тэатральным праекце і майстар-класе, па выніках якога з'явілася прадстаўленне "Ca Soufi!", звярнуўся і італьянскі рэжысёр Андрэа Бэнагліа, што на працягу фестывальнага тыдня меў магчымасць працаваць з маладымі брэсцкімі акцёрамі. А Дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя У.Маякоўскага з Душанбэ прадставіў брэсцкаму гледачу таджыкскую культуру і традыцыі праз этнічнае пал а т н о "Рустам і Сухроб", заснаванае на нацыянальным фальклорным матэрыяле і багатым этнаграфічным каларыце.

 

■ ■ ■

У рамках "Белай вежы" адбыўся "круглы стол", удзел у якім узялі тэатральныя дзеячы Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Германіі. Размова ішла пра тое, якім чынам "Белая вежа" можа развівацца ў будучым і якія з гэтых шляхоў падаюцца для яе найбольш прымальнымі і перспектыўнымі. Практычна ўсе госці, адзначаючы высокі ўзровень фэсту, пацвярджалі: сёння каштоўнасць такога фестывальнага "спектакля", як "Белая вежа", вымяраецца, у значнай ступені, тым узроўнем тэатральнай культуры і прафесіяналізму, якія пануюць на сцэне і, адпаведна, перадаюцца ў глядзельную залу. Бо сёння прыхільнікі гэтага форуму - брэстчане і госці горада - ужо ўяўляюць з сябе не проста цікаўную "біямасу", што прагна паглынае любыя тэатральныя прапановы. Яны, цяперашнія гледачы, - удумлівыя, патрабавальныя і, што надзвычай важна і каштоўна, - адкрытыя для рознага роду творчых эксперыментаў. А таму і Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, і "Белая вежа" мусяць трымаць тую высокую мастацкую планку, узнятую імі паўтара дзесяцігоддзя таму, і ні ў якім разе не зніжаць яе.