Галіна АНЧЫШКІНА: “Падводзіць рахункі рана”

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Сёлетні год для Гомельскага маладзёжнага эксперыментальнага тэатра-студыі багаты на самыя розныя падзеі. Сярод іх ёсць і тыя, якія даюць падставы для ўрачыстасцей. У кастрычніку “Маладзёжцы” спаўняецца 15 гадоў — для некалі першага ў сучаснай Беларусі прыватнага, а сёння — муніцыпальнага тэатра гэтая дата надзвычай значная. Колькі было за гэты не вельмі доўгі адрэзак часу бліскучых прэм’ер, таленавітых рэжысёрскіх і акцёрскіх работ, шчырых і ўдзячных глядацкіх апладысментаў! Вядома, былі і цяжкасці, няпростыя часы, але яны невялікі калектыў тэатра толькі загартавалі і згуртавалі. І практычна ўвесь гэты няпросты шлях разам з тэатрам прайшла яго вядучая актрыса — Галіна Анчышкіна. Літаральна адразу пасля стварэння тады яшчэ Незалежнага тэатра яе запрасіў у трупу першы мастацкі кіраўнік калектыву Якаў Натапаў.

 /i/content/pi/cult/121/465/(KiT).jpg/i/content/pi/cult/121/465/(KiT).jpg
Галіна Анчышкіна і Яніна Дрозд у спектаклі “Я ўсім прабачэнне дарую” па А.Ахматавай.  
... Вучоба актрысы прыйшлася на шасцідзесятыя гады. У ГИТИСе яе педагогамі былі акцёры і рэжысёры, якіх ужо тады лічылі легендамі, — Варвара Вронская, Уладзімір Гатоўцаў... Г.Анчышкіна з вялікай любоўю і павагай успамінае гэтых людзей, якія дапамаглі ёй у свой час пракласці дарогу на прафесійную сцэну.

“Шасцідзесятыя гады — саамы шчаслівы час. Час, які нікому не аддам!” — кажа актрыса. Гады “адлігі” прынеслі магчымасць убачыць шматлікіх вядомых людзей, сустракацца з імі, гутарыць. Вечары Акуджавы, Еўтушэнкі, Вазнясенскага ў Політэхнічным музеі, прэм’еры на Таганцы, імпрэзы ў СТД… Ганна Маньяні і Юрый Гагарын, Марсэль Марсо і Аляксандр Галіч, Уладзімір Высоцкі і Анатоль Эфрос... Калі б быў іншы збег абставін, Г.Анчышкіна працавала б у тэатры Эфроса. Але ў той час майстар ужо быў у няміласці. І тым не менш, вялікі рэжысёр напісаў ліст маладой пачынаючай актрысе. Ліст гэты дасюль захоўваецца ў Галіны Іванаўны як дарагая рэліквія...

А пасля было... акцёрскае жыццё: няпростае і далёка не заўсёды поўнае кветак і апладысментаў. Тэатры Бранска, Калінінграда, Вялікіх Лук, год жыцця ў Канадзе — няпросты геаграфічны і жыццёвы маршрут прывёў Галіну Анчышкіну ў гомельскі Незалежны, а пазней — Маладзёжны тэатр. Ёй здавалася, што — на некаторы час. Лёс вырашыў — назаўжды.

У Маладзёжнага тэатра спецыфічныя ўмовы працы: невялікая, камерная сцэна, з трох бакоў акружаная месцамі гледачоў. Падыход да фарміравання рэпертуару застаўся з часоў Незалежнага тэатра — асноўная стаўка робіцца на інтэлектуальную драматургію, айчынную і замежную. У такіх умовах фальш і непрафесіяналізм адразу выяўляюцца гледачом. І вось ужо каля пятнаццаці гадоў Г.Анчышкіна ў тэатры — той камертон, на які раўняюцца калегі: як сталыя, так і маладыя акцёры...

Колькі за гэты час сыграна роляў? Пэўна, іх можна было б падлічыць. Але падобныя рахункі — не для Г.Анчышкінай. Адзіны “рахунак”, які прызнае актрыса, — не званні і ўзнагароды (дакладней, іх адсутнасць), а людзі, з якімі звёў яе лёс, любімыя ролі, спектаклі. Г.Анчышкіна з удзячнасцю ўспамінае рэжысёраў Уладзіміра Караткевіча і Валерыя Бартосіка, цяпер ужо нябожчыкаў... Ролю Эстэр у “Святых пачварах” па п’есе Ж.Както, створаную ў пастаноўцы Генадзя Мушперта, актрыса лічыць да гэтага часу адной са сваіх самых моцных работ.

Вось і ў нядаўняй працы з гэтым жа рэжысёрам Г.Анчышкіна ў чарговы раз здзівіла тэатральную публіку — у ролі Прафесаршы ў “Разбойніку” К.Чапека выявіліся нечаканыя паўтоны. У сутыкненні дзёрзкай, безагляднай юнацкасці з закасцянелай мяшчанскай мараллю раптам выяўляецца, што ёсць яшчэ адна праўда — матчынага сэрца…

Роля Актрысы ў п’есе Э.Радзінскага “Старая актрыса на ролю жонкі Дастаеўскага” чарговы раз дала магчымасць папрацаваць са “знакавым” для Г.Анчышкінай рэжысёрам — Якавам Натапавым. Вельмі шмат тут знайшлося асабістага, патаемнага, што Галіна Іванаўна змагла перанесці на сцэну…

А варажбітка Мадам Аркаці ў “чорнай” камедыі Н.Коуарда “Няўрымслівы дух” рэжысёра Вітаўтаса Грыгалюнаса здзіўляе нечаканай эксцэнтрычнасцю і экстравагантнасцю…

З вялікай пяшчотай і павагай гаворыць актрыса аб сваіх партнёрах. У студыі, створанай пры тэатры, маладыя акцёры, што навучаюцца завочна ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, спасцігаюць пад кіраўніцтвам Г.Анчышкінай асновы прафесіі. Галіна Іванаўна гатова вельмі доўга і цёпла распавядаць пра кожнага са сваіх студэнтаў, пра іх поспехі, дасягненні. І наогул, у дачыненні да яе выраз “актыўная жыццёвая пазіцыя” перастае быць звыклым замусоленым стэрэатыпам.

Зусім нядаўна Галіна Анчышкіна адзначыла свой юбілей — саракагоддзе творчай дзейнасці. Наперадзе — новая праца, новыя ролі таленавітай, яркай актрысы, якая не ўяўляе свайго існавання па-за тэатрам.

Уладзімір СТУПІНСКІ,Загадчык літаратурна-драматычнай часткіГомельскага маладзёжнага

эксперыментальнага тэатра-студыі