Інтэрактыўны дыялог з моладдзю

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

БРСМ прапануе: “Зрабі свой выбар”

/i/content/pi/cult/287/4649/pic_11.jpgВерасень для Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праходзіць пад знакам некалькіх сімвалічных дат. 24 верасня 90 гадоў спаўняецца камсамольскаму руху Беларусі. Літаральна дзесяць дзён аддзяляюць гэты юбілей ад 20-годдзя з дня стварэння ў краіне Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. І, нарэшце, на пачатку месяца восьмы дзень нараджэння святкуе сам Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Дата яго заснавання - 6 верасня 2002 года. Падзяліцца планамі найбуйнейшай маладзёжнай арганізацыі краіны, датычнымі сацыякультурнай сферы, "К" папрасіла першага сакратара ЦК БРСМ Ігара БУЗОЎСКАГА.

- 25 верасня ў Футбольным манежы Мінска адбудзецца вялікі Маладзёжны форум "Зрабі свой выбар", які прэзентуе самыя яскравыя праекты БРСМ,- з ходу распавёў Ігар Іванавіч пра будучае маштабнае мерапрыемства грамадскага аб'яднання. - 90-годдзе камсамола і, у цэлым, маладзёжнага руху краіны, мы вырашылі адзначыць нетрадыцыйна. Не будзе вялікіх пасяджэнняў і канцэртаў, на Маладзёжным форуме, які мы назвалі "Зрабі свой выбар", яшчэ раз прэзентуем усе праекты - "візітныя карткі" арганізацыі. Усе нашы сумесныя ініцыятывы з міністэрствамі, ведамствамі, СМІ, пачынаючы з дабрачынных, спартыўных і заканчваючы турыстычнымі, - усё будзе прапанавана ўвазе гледачоў. На форуме наладзім працу як мінімум 20 пляцовак. На кожнай з іх мае разгортвацца свая праграма. Да прыкладу, калі наведвальнік прыходзіць на пляцоўку нашага праекта "Уладар сяла", ён можа паўдзельнічаць у адпаведных конкурсах. На форуме створым імправізаванае сельскае падвор'е, каб прадставіць тым хлопцам і дзяўчатам, якія не сутыкаліся з вясковай гаспадаркай - а такое бывае, - што яна з сябе ўяўляе. На прэзентацыі ініцыятывы БРСМ па стварэнні маладзёжных атрадаў правапарадку можна будзе атрымаць майстар-клас па самаабароне. Іх дадуць самі ўдзельнікі сумеснага патрулявання з работнікамі МУС. На пляцоўцы вядомай дабрачыннай акцыі "Добрае сэрца" глядач атрымае веды аб тым, як наладзіць працу, да прыкладу, па развіцці маторыкі з хворымі людзьмі. Адбудзецца не проста прэзентацыя праекта, а інтэрактыўны дыялог з гледачом. Выступленні і майстар-класы ролераў і велатрыалістаў, біт-боксераў і МС, чэмпіянат па брэйк-дэнсу, бітва дзі-джэяў- усе субкультуры, з якімі сёння мы працуем, прымуць удзел у Маладзёжным форуме. Пакажуць сваё майстэрства і мастакі-графіцісты... Не забыліся мы і на яшчэ адну нашу ініцыятыву - кастынг "Стань тварам БРСМ". Акцыя абяцае быць маштабнай: дэлегацыі ад кожнай вобласці будуць налічваць каля 100 чалавек. Наведаюць Футбольны манеж, дарэчы, і ветэраны камсамольскага руху...

- Форум зусім не выпадкова мае назву "Зрабі свой выбар"...

- Так, вы маеце рацыю. Усім наведвальнікам мы прапануем выбраць, адзначыць той накірунак дзейнасці БРСМ, які найбольш спадабаўся. Пасля прэзентацыі ўсіх праектаў зладзім галасаванне, пасля па яго выніках аб'явім пераможцаў. У цэлым, мы імкнуліся сканструяваць праграму нашага мерапрыемства такім чынам, каб кожны наведвальнік, з аднаго боку, здолеў цікава правесці час, з іншага, абавязкова ўзяў на заметку штосьці карыснае для сябе.

- Калі падсумаваць плён працы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі за апошнія гады, якое з дасягненняў вы назвалі б найбольш значным?

-Галоўнае - тое, што сёння ў нашых праектах і праграмах задзейнічана вялікая колькасць моладзі, а гэта сведчыць: наша арганізацыя - патрэбная. Толькі членаў БРСМ - амаль паўмільёна, а згодна Статуту мы не абмяжоўваемся працай толькі са "сваімі" хлопцамі і дзяўчатамі. Тое, што мы прыцягваем увагу, што цікавасць да нашых праектаў расце, - галоўны паказчык грунтоўнасці працы саюза. Калі казаць прадметна пра нашы праекты, адным з найбольш значных дасягненняў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі лічу захаванне студатрадаўскага руху. Гэты накірунак дзейнасці з'яўляецца, без перабольшання, "візітнай карткай" аб'яднання. Так, змяніўся час, эканамічныя ўмовы, стасункі паміж моладдзю і працадаўцам з часоў тых легендарных будатрадаў - усё гэта трэба ўлічваць. Але мы здолелі развіць вядомую ініцыятыву на новым гістарычным этапе. Скажам, цяпер ініцыюем змены ў заканадаўстве з мэтай удасканалення працы ў гэтым накірунку. Валанцёрскі рух моладзі... Да прыкладу, праект "Добрае сэрца". Мы нават не чакалі, што ён атрымае такі розгалас, што знойдзе такі пазітыўны водгук. Як толькі мы аб'явілі аб тым, што нашы высілкі скіраваны на дапамогу ветэранам, дзецям-інвалідам, тым, хто аказаўся ў цяжкай сітуацыі, - справа тут жа закіпела і праект атрымаў шырокі розгалас.

- А што скажаце пра рэалізацыю культурных праектаў?/i/content/pi/cult/287/4649/pic_12.jpg

 - Яны - неад'емная частка нашай дзейнасці, гэтак жа, як патрыятычная і культурна-масавая дзейнасць, паколькі моладзь аб'ядноўваецца на пэўных інтарэсах. У першую чаргу, моладзь зацікаўлена ва ўласнай творчай самарэалізацыі - і мы даем ёй такую магчымасць. "Першая сцэна", "першы мікрафон" - гэткі шанц даецца на нашых канцэртах, імпрэзах, акцыях... Той Дзень моладзі, які мы ладзілі на "Славянскім базары ў Віцебску" ў мінулыя гады, плануем правесці і ў 2011-м. Спадзяюся, гэта будзе новы крок, новыя свежыя думкі - і зноў-такі магчымасці для самавыяўлення выканаўцаў-пачаткоўцаў. Магчыма, налета мы аб'явім аб спецыяльнай прэміі БРСМ на віцебскім форуме. Лаўрэата яе вызначаць праз sms-галасаванне. Не хачу пакуль забягаць наперад, але, вядома, не абыдзецца без канцэртнай пляцоўкі непадалёк ад амфітэатра, дзе моладзь з усёй рэспублікі зможа паказаць сябе. Наш вядомы праект "Чарнобыльскі шлях. Дарога жыцця", які ладзіцца штогод, таксама ахоплівае вялікую колькасць маладых выканаўцаў і калектываў. Бывае, ён нават выходзіць за межы чарнобыльскіх рэгіёнаў, паколькі завітаць з канцэртамі да сябе просяць жыхары суседніх гарадоў і мястэчак. Не магу не ўзгадаць у дадзеным кантэксце прыклад калектыву "Палеская зорачка": яны пачыналі з намі, сталі лаўрэатамі прэміі БРСМ, а сёння, як кажуць, "парвалі" Галівуд, заваяваўшы чатыры залатыя медалі на Чэмпіянаце выканальніцкіх мастацтваў за акіянам. Іх прыклад пацвярджае: той рэсурс, які прадастаўляе наша аб'яднанне - канцэртная пляцоўка, магчымасць выступіць, - усё гэта значныя прыступкі ў лесвіцы поспеху.

- Ігар Іванавіч, а што наконт згаданых вамі праектаў культурна-патрыятычнай скіраванасці? Да прыкладу, сёлета Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь стала ініцыятарам латарэі, частка сродкаў ад якой пайшла на рэстаўрацыю Навагрудскага замка. Наколькі цікавы аб'яднанню ўдзел у падобных ініцыятывах? Скажам, паўдзельнічаць у рэстаўрацыі гэтага аб'екта на валанцёрскіх пачатках...

- Гэта традыцыйная наша практыка, калі моладзь саюза задзейнічана ў валанцёрскіх ініцыятывах. Хлопцы і дзяўчаты прымаюць удзел ва ўпарадкаванні помнікаў, могілак воінаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, тут жа можна ўзгадаць і пра ўдзел БРСМ у працы на Мемарыяльным комплексе "Хатынь". Праца на культурных аб'ектах - адзін са сталых кірункаў нашай дзейнасці. Безумоўна, мы з задавальненнем выправілі б атрад валанцёраў для працы на Навагрудскім замку. Тым больш, гэты горад - мая радзіма. Што да арганізацыі валанцёрскага лагера на гэтым аб'екце, дык гэта тая праца, якая патрабуе больш часу і высілкаў. Усе мы разумеем: падобныя сур'ёзныя праекты маюць на ўвазе і атрыманне шэрагу дазволаў ад адпаведных інстанцый. Але калі нас прымуць у каманду энтузіястаў, мы з вялікім імпэтам возьмемся за працу.

 - І апошняе пытанне. Пад час нашай размовы ў дачыненні да дзейнасці БРСМ вы часта выкарыстоўвалі словазлучэнне "прадастаўляць магчымасці"...

 - Так, бо я лічу, што галоўная справа нашага саюза сёння - якраз прадастаўляць магчымасці для моладзі. У нас часта пытаюцца: "Што карыснага дае членства ў БРСМ?" І я адказваю: "Наша аб'яднанне - гэта шэраг магчымасцей, якія дазваляюць вам праявіць сябе. Так, вы здольны зрабіць гэта і паасобку, але разам з намі дасягнуць вынікаў вам будзе лягчэй".  

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"