Карэспандэнты "К" заспелі творцу акурат пад час рэпетыцыі... Пан Кшыштаф крыху спазніўся, але з яго прыходам закуліснае жыццё адразу завіравала. Кіраўнік мастацка-пастановачнай часткі Наталля Грамыка дапамагала падбіраць адпаведны стол для інтэр'ера кватэры маленькай сям'і, у якой разгортваецца найвялікшая трагедыя. Манціроўшчыкі па некалькі разоў перасоўвалі бутафорскія дрэвы, імкнучыся як мага рэалістычней перадаць атмасферу далёкай краіны, а мастак па асвятленні Віктар Кудзінаў асабіста забіраўся ў ложы, пераносіў пражэктары, мяняў каляровыя фільтры - некалькі гадзін карпатлівай працы, каб надаць адной-адзінай сцэне аповеду шчымлівую нотку.
Такое скрупулёзнае стаўленне Кшыштафа Занусі да дэталей вядома прыхільнікам яго творчасці па фільмах майстра. Менавіта знарочыстая ашчаднасць у выбары колеру, беднасць фону, канцэнтрацыя на кантрастах дапамагала рэжысёру абвастрыць этычную дылему, раскрыць бездань маральнага канфлікту. Гэтую ж па-кінематаграфічнаму стрыманую сцэнаграфію мінскаму тэатру прапанавала польскі сцэнограф, легенда еўрапейскага тэатра і аднадумца пана Кшыштафа Эва Старавейска.
Але ў Мінску ўзнікла іншая праблема: камернасць дэкарацый амаль патанула на велічнай сцэне Горкаўскага тэатра. Не дзіва, што пан Кшыштаф столькі часу прысвяціў менавіта тэхнічным прагонам, шматкроць эксперыментаваў з варыянтамі асвятлення, нястомна шукаў магчымасць увасобіць ілюзію адбіткаў крон дрэў на падмостках... Усё гэта рабілася дзеля стварэння ў вялікай зале натуральнага пачуцця інтымнасці дзеі, што адбываецца.
А вось лягчэй за астатніх на апошніх перадпрэм'ерных рэпетыцыях адчувалі сябе, як ні дзіўна, акцёры. Справа ў тым, што асноўная работа з Таццянай Баўкалавай, Аляксандрам Ждановічам і Валерыем Шушкевічам праходзіла цягам жніўня... у варшаўскім доме Занусі!
- Мы такім чынам спрабавалі ўзгадаць старажытную традыцыю XVIII стагоддзя, калі тэатр быў сямейным прадпрыемствам. Мы разам жылі, рэпеціравалі, гатавалі ежу, гулялі з сабакамі і гаварылі, гаварылі, гаварылі, - прыгадвае сумесную працу з беларускімі творцамі пан Кшыштаф.
- Гэта быў незвычайны творчы вопыт,- дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Ждановіч. - У гэтым унікальным доме - асобая атмасфера: там заўсёды віруе творчая думка, пастаянна прыходзяць неардынарныя асобы, змяняюць адзін аднаго студэнты з усіх краін свету! Такое бурлівае жыццё творцы дапамагае лепей зразумець яго рэжысёрскія задумы.
Аб незвычайных рэпетыцыях з трымценнем узгадвае і Таццяна Баўкалава:
- Мы займаліся ў атрыуме. За сценамі- сонца, чутны гуллівая размова пані Занусі з хатнімі жывёламі, да нас пастаянна забягаюць з тузін гаспадарскіх сабак, а я павінна іграць самаразбуральную трагедыю! Гэта было жудаснае пераадоленне сябе, аднак у такіх незвычайных умовах нараджаецца сапраўднае ўсведамленне вастрыні болю гераіні, з якім яна павінна ісці па простым і радасным, на думку тых, хто побач, жыцці.
Дарэчы, Кшыштаф Занусі не лічыць, што рэжысёрскае "Я" павінна стаяць вышэй асобы акцёра. Як зазначыў мэтр, толькі ў акцёрскай імправізацыі нараджаецца сапраўды арыгінальны малюнак ролі, які робіць спектакль непаўторным, адзіным у свеце.
- П'есу Арыеля Дорфмана я некалі ставіў у Германіі. Працуючы з вашымі акцёрамі, бачу, як памяць іх былых ролей, нацыянальны менталітэт узнімае вядомы мне да апошняга радка тэкст на новую вышыню, - падкрэсліў польскі пастаноўшчык. - Прэм'ерны спектакль нясе ўніверсальнае пасланне: ад віны няма сыходу. Аб гэтым мы павінны нагадваць кожнаму новаму пакаленню. Галоўны акцэнт мінскай пастаноўкі- канфлікт справядлівасці і міласэрнасці. Каб атрымаць прабачэнне, трэба набрацца сілы і папрасіць яго. Вось у гэтым парадоксе крыецца ключ для разумення пастаноўкі. На мой погляд, узняць падобную тэму проста неабходна ў нашу эпоху, калі чалавек замыкаецца ў перамовах на адлегласці і патроху губляе разуменне каштоўнасці сапраўдных зносін. Мы перастаём чуць адзін аднаго і тэхніцы давяраем болей, чым таму, хто побач. Але кожны прагне спачування, любові, падтрымкі - усё гэта можа даць менавіта тэатр як жывы духоўны прадукт. І такія шматнацыянальныя праекты, як сённяшні ў вашай краіне, дапамагаюць аб'ядноўваць людзей, даюць ім магчымасць зразумець сябе і сваіх блізкіх. Шчыра скажу, што я выступаю за тое, каб тэатр у глабальным сваім разуменні быў міжнародным. Мінская прэм'ера стане яшчэ адным крокам у бок сусветнага аб'яднання тэатра.
На здымках: у час рэпетыцыі ў Мінску 16 верасня.
Фота Юрыя ІВАНОВА