Па прапанове Міністэрства культуры нашай краіны будзе створаны Інстытут культуры Беларусі. Адпаведная пастанова ўжо прынята Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Так што працаваць новая ўстанова пачне ўжо сёлета. Пра мэты яе стварэння і кірункі будучай дзейнасці распавёў "К" намеснік міністра культуры краіны Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ:
- На сёння вызначаны чатыры прыярытэтныя напрамкі, па якіх будзе працаваць Інстытут культуры Беларусі. Гэта навукова-метадалагічнае і прагнозна-аналітычнае забеспячэнне дзейнасці сферы культуры і мастацтва, павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў устаноў культуры і мастацтва, ахова гісторыка-культурнай спадчыны і, нарэшце, прэзентацыя нацыянальнай культуры за мяжой, работа з беларусамі замежжа.
- Пералічаныя вамі кірункі нельга назваць абсалютна новымі: усім гэтым розныя ўстановы займаліся і раней. Ёсць у новага інстытута і доўгая перадгісторыя, што пачынаецца, мабыць, ажно са знакамітага Інбелькульта (Інстытута беларускай культуры), які існаваў у 1920-я гады. Дый у 1991 - 2008 гадах у нас дзейнічаў Інстытут праблем культуры, некаторыя функцыі якога перайшлі да Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (раней, дарэчы, ён таксама называўся Інстытутам культуры). Праўда, ніводная з гэтых устаноў не мела такога шырокага спектру пералічаных вамі сфер дзейнасці. Пэўна, узнікла неабходнасць з'яднаць намаганні?
- Менавіта так. Бо мы бачым новую ўстанову сапраўды комплексным навукова-адукацыйным і арганізацыйна-метадычным центрам у сферы культуры Беларусі, які больш цесна з'яднаў бы навуку і практыку. Найноўшыя навуковыя распрацоўкі, у тым ліку метадалагічныя, а таксама інавацыйныя падыходы з'ядналіся б з дакладнай метадычнай дапамогай, інфармацыйна-аналітычныя агляды- з прагнознымі паказчыкамі, захаванне нашай спадчыны - з яе падтрымкай і шырокай папулярызацыяй, далейшае развіццё кантактаў - з актывізацыяй супрацоўніцтва з беларусамі замежжа. Такі комплексны падыход дазволіць сістэматызаваць асобныя намаганні, а значыць - забяспечыць больш эфектыўнае развіццё сферы ў цэлым, дазволіць працаваць не толькі на "сёння і зараз", але і на перспектыву. Аднак апошняе зусім не сведчыць пра тое, што Інстытут стане працаваць адасоблена - наадварот, ён зможа падвынікоўваць усё, што зроблена і робіцца. У прыватнасці, у самы бліжэйшы час Інстытут, актывізаваўшы супрацоўніцтва з грамадскім аб'яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", будзе працаваць над праектам праграмы "Беларусы ў свеце". Аддзел Інстытута, які зоймецца пытаннямі аховы гісторыка-культурнай спадчыны, распачне працу ў непасрэдным кантакце з Камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. У структуру Інстытута будзе ўключаны і Цэнтр захавання спадчыны вуснай традыцыі беларусаў, які цяпер існуе пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
- Ці вывучаўся замежны вопыт пры распрацоўцы ўсіх гэтых пытанняў? Як будуць вырашацца кадравыя праблемы, наяўнасць матэрыяльнай базы?
- Замежны вопыт, вядома, улічваўся. Падобныя каардынацыйныя цэнтры з рознымі структурамі і назвамі існуюць у многіх краінах, так што гэта шмат у чым апрабаваная і перспектыўная мадэль. Інстытут змесціцца ў вядомым многім дзеячам культуры будынку - па вуліцы Каліноўскага, 12. Менавіта там знаходзіліся і колішні Інстытут праблем культуры, і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Так што для пачатку дзейнасці новай установы неабходная матэрыяльная база маецца: там ёсць не толькі памяшканні для аўдыторных заняткаў, але і лекцыйная зала, свой інтэрнат, які можа змясціць да сотні чалавек. Пагадзіцеся, гэта таксама немалаважна, бо штомесяц у інстытуце будуць павышаць кваліфікацыю, удзельнічаць у семінарах і канферэнцыях прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, знаёмячыся з лепшымі сучаснымі тэарэтычнымі і практычнымі распрацоўкамі навукоўцаў і метадыстаў. Канешне ж, матэрыяльна-тэхнічная база патрабуе ўмацавання, у тым ліку і за кошт стварэння дадатковых камп'ютарных класаў, спецыяльных лабараторый, набыцця сучаснага абсталявання. Што ж да кадравых пытанняў, дык у новую ўстанову пяройдзе, найперш, большасць супрацоўнікаў цяперашняга Інстытута павышэння кваліфікацыі: яшчэ тыдзень таму там быў праведзены агульны сход, дзе ўсё гэта абмяркоўвалася. Безумоўна, запросім і новых спецыялістаў - і маладых, і тых, хто мае багаты вопыт у сваёй сферы дзейнасці, валодае замежнымі мовамі, бо Інстытут мяркуе актыўна развіваць міжнародныя культурныя сувязі. Спадзяёмся, ідэі новай установы будуць падхоплены папраўдзе неабыякавымі людзьмі, якія дбаюць пра захаванне, далейшае развіццё, папулярызацыю і сусветнае прызнанне нашай нацыянальнай культуры.