Квадратныя метры — пытанне ў квадраце

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Чаго бракуе будучаму гораду-спадарожніку? Райвыканкамаўская “лятучка” з “К”

/i/content/pi/cult/286/4641/10-1.jpgАдраджэнне і развіццё сяла: сацыякультурны зрэз

Згодна з Дзяржаўнай праграмай па будаўніцтве вялікіх жылых раёнаў для жыхароў Мінска вызначана 9 ягоных гарадоў-спадарожнікаў. Асноўная мэта праграмы - аптымізацыя колькасці сталічнага насельніцтва і вынясенне за МКАД вытворчых аб'ектаў, што не адпавядаюць генеральнаму плану далейшага развіцця беларускай сталіцы.

Сярод такіх гарадоў-спадарожнікаў Смалявічы. Там плануецца пабудаваць каля 200 тысяч квадратных метраў жылля. Будоўля, як падкрэсліў на адной з прэс-канферэнцый старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька, пачнецца ўжо ў лістападзе бягучага года... Выязджаючы ў камандзіроўку ў гэты рэгіён Міншчыны, карэспандэнт "К" на свае вочы пераканаўся ў тым, што ў Смалявічах патрэба ў новых памяшканнях для сферы культуры - рэаліі ўжо сённяшняга дня. Дадатковых квадратных метраў не хапае ў гарадскім Доме культуры, Цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзіцячай школы мастацтваў, і гэта, сярод іншага, стрымлівае сацыякультурнае развіццё гэтага населенага пункта. Зрэшты, апошняе - не толькі прыватнае меркаванне карэспандэнта "К".

 Народ пытаецца і прапануе

"Вось і чарговы год мінае..."

 Апытанне на вуліцах райцэнтра і тых аграгарадкоў, якія паспеў н/i/content/pi/cult/286/4641/10-2.jpgаведаць цягам камандзіроўкі, заўсёды падказвае - тое адбылося і гэтым разам - генеральную тэму для артыкула. Хаця, шчыра кажучы, дастаткова наведаць любую з устаноў культуры Смалявічаў, каб адразу ж убачыць тыя праблемы, што замінаюць сёння работнікам сферы.

Сяргей Іванавіч, настаўнік, г. Смалявічы:

 - Вельмі добрая ў нас дзіцячая школа мастацтваў. Ведаю, што пры паступленні туды - заўсёды конкурс, асабліва на мастацкае аддзяленне. З аднаго боку гэта добра, а з іншага - чаму б не набраць больш дзяцей?

Кацярына, бухгалтар, г. Смалявічы:

 - На маю думку, наш ГДК зусім не цягне на статус галоўнай культурнай установы горада. Звонку выглядае няблага, а вось унутры... Там размяшчаецца не толькі сам Дом культуры, але і Цэнтральная бібліятэка, таму цеснавата. Да таго ж, ГДК патрабуе рамонту... Але калі гэта будзе - невядома.

Святлана Георгіеўна, выхавацелька дзіцячага садка, г. Смалявічы:

 - Дзіцячая бібліятэка ў нас чамусьці аб'яднана цяпер з "дарослай". Карацей, нашы Смалявічы, мусіць, адзіны горад на Міншчыне, дзе адсутнічае дзіцячая бібліятэка. Праблема, як падаецца, вельмі важная.

Марыя Сцяпанаўна, пенсіянерка, жыхарка аграгарадка "Забалацце":

 - Летась наша вёска была аб'яўлена аграгарадком. Але, калі казаць пра СДК, дык за мінулы год паспелі зрабіць толькі палову справы: адрамантавалі ў ім пакоі для бібліятэкі і гурткоў. Да глядзельнай залы - а яна ў нас вельмі вялікая! - так пакуль і не падступаліся. Вось і чарговы год мінае...

Куды ўпасці яблыку?

Дырэктар Смалявіцкага гарадскога Дома культуры Вольга Цітова распавяла, што не так даўно за кошт раённага бюджэту ва ўстанове культуры быў праведзены рамонт танцавальнай залы. Цяпер яна прымае да ста чалавек штовыхадныя. Актавая зала таксама патрабуе ўвагі будаўнікоў: неабходна замяніць сцэну, яе "адзенне", чакаюць лепшых часоў і старыя крэслы. Апошнім разам яна рамантавалася ў 2002 годзе, калі ў горадзе адзначаліся абласныя дажынкі...

 Аднак галоўная праблема ўстановы ўсё ж не рамонтная. Гарадскому Дому культуры, па словах яго дырэктара, катастрафічна не хапае вольных памяшканняў для працы 16 клубных аматарскіх аб'яднанняў.

Ёсць тут і гурток, які працуе на платнай аснове - прыватная студыя сучаснага бальнага танца "Шарм". У ёй займаецца больш за сто чалавек.

- У нас заўсёды бываюць накладкі з рэпетыцыямі, - кажа Вольга Цітова, - бо асноўны час для заняткаў, натуральна, вячэрні, а мы можам прадаставіць толькі танцавальную і глядзельную залы: у нас фактычна няма памяшканняў для гуртковай работы.

І справа не ў тым, што ў кабінетах ГДК, дзе маглі б займацца дзеці, працуюць супрацоўнікі Раённага метадычнага цэнтра і аўтаклуба. Яшчэ з часоў узвядзення будынка - а гэта 1961 год - у левым яго крыле, на другім і трэцім паверхах "прапісалася" Цэнтральная раённая бібліятэка.

 - Калі б бібліятэка пераехала ў іншы будынак, - кажа Вольга Цітова, - тады б вызваліліся такія неабходныя нам памяшканні. Чакаем, што з цягам часу так і будзе...

Бібліятэка: два ў адным

- Мы б з радасцю пераехалі адсюль, - адказала на маё пытанне дырэктар Смалявіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі і ЦБС раёна Святлана Чэрваненка. - Калі б нам прадаставілі асобны будынак, і пажадана - у цэнтры горада. Бо, на маю думку, бібліятэка не павінна размяшчацца на ўскрайку.

У раённых цэнтрах Беларусі даводзіцца сустракацца з падобнай сітуацыяй: бібліятэка і раённы або гарадскі Дом культуры "суіснуюць" у адным будынку. Прычына вядомая і зразумелая: недахоп вольных плошчаў пад аб'екты культуры ў цэнтры горада.

 І трэба сказаць, што такая практыка "агульнасці" часам сябе апраўдвае. Установы жывуць пад адным дахам, дапамагаючы адна адной у правядзенні разнастайных мерапрыемстваў. Так, натуральна, робяць і ў Смалявічах. Але чаму ж востра стаіць пытанне з недахопам квадратных метраў, дарагіх як для клубнікаў, так і для бібліятэкараў?

Аказалася, справа ў тым, што ў маі мінулага года прызнаны аварыйнымі і зачынены плошчы дзіцячай бібліятэкі, размешчаныя ў пабудове... 1906 года. Цяпер дзецям даводзіцца хадзіць па кнігі туды ж, куды і дарослым.

- Мы адгарадзілі невялікі куток для дзяцей у зале перыёдыкі, - кажа Святлана Чэрваненка, - але, канешне ж, у такіх умовах пра камфорт і гаворкі няма. Да таго ж, у гэтым жа памяшканні ў нас размешчаны Прававы цэнтр...

Акрамя залы перыёдыкі, а таксама "дзіцячага" і "дарослага" абанемента, на двух паверхах ГДК здолелі памясціцца і іншыя службы ЦБС раёна: аддзелы маркетынгу, камплектавання, кніг а з а х а в а н н я ... Праўда, "прапісаны" яны ў невялікіх калідорчыках, сярод стэлажоў выстаўлены сталы, дзе і сядзяць супрацоўнікі. На асобныя кабінеты для гэтых служб разлічваць пакуль не даводзіцца. Але ж кожнаму зразумела, што бібліятэкарская справа патрабуе цішыні і канцэнтрацыі ўвагі. У падобных умовах казаць пра гэта цяжка. Цягам камандзіровак неаднаразова, на жаль, даводзілася бачыць падобную сітуацыю: калі ў горадзе ці гарадскім пасёлку была зачынена дзіцячая бібліятэка і на "нявызначаны тэрмін" з'яднана з дарослай. Згадаю два населеныя пункты, дзе даводзілася з падобным сустрэцца: гэта Крупкі Мінскай вобласці і г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзеншчыны. І ўсе тыя праблемы, якія паўстаюць перад дзецьмі і бібліятэкарамі пасля закрыцця адной з устаноў культуры, аднолькавыя. Але ж не гэта самае галоўнае. На вялікі жаль, не першы раз - і напэўна, не апошні - даводзіцца зноў казаць пра тое, што дзіцячая бібліятэка - установа са сваім распарадкам дня, таму і патрабуе, натуральна, уласнага будынка. Але на гэта не заўжды зважаюць тыя структуры, ад якіх і залежыць вырашэнне праблемных пытанняў...

І яшчэ. У сувязі з нечаканым і, трэба прама сказаць, нежаданым "прыходам" дзіцячай установы ў ЦРБ, бібліятэкарам давялося згарнуць усе выстаўкі, што ладзіліся ў зале прававой інфармацыі. Ды і вялікія мерапрыемствы, якія праходзілі на базе Цэнтральнай бібліятэкі, цяпер часцей за ўсё адбываюцца не тут, а ў зале ГДК ці музычнай школы. У апошняй маецца памяшканне на 98 месцаў... "Служба дастаўкі": зіма не за гарамі

Мала месца ў памяшканнях Цэнтральнай раённай бібліятэкі не толькі для дарослых і маленькіх чытачоў, але і для кніг, што месцяцца ў двух фондасховішчах. На жаль, з парушэннем усіх магчымых нарматываў...

Напрыклад, бібліятэкарцы Маі Зубовіч, што працуе на абанеменце ЦРБ, для таго, каб выдаць патрэбную кнігу, даводзіцца прыстаўляць да патрэбнага стэлажа лесвіцу і па ёй "прабірацца" да мэты не адзін дзясятак разоў на дзень. А стэлажы з кнігамі тут вялікія, да самай столі. Цяпер "сядзячай" работу смалявіцкіх бібліятэ/i/content/pi/cult/286/4641/11-1.jpgкараў язык назваць не павернецца.

Пад час размовы з дырэктарам ЦБС высветлілася і яшчэ адна праблема. З-за той жа нястачы вольных памяшканняў багатыя фонды дзіцячай бібліятэкі - 19 тысяч экзэмпляраў - амаль усе засталіся ў неацепленым аварыйным будынку. Таму даволі часта замоўленую чытачом кнігу даводзіцца прыносіць са старога будынка бібліятэкі.

 - Мы перавезлі сюды толькі пяць стэлажоў з самымі запатрабаванымі маленькімі чытачамі кнігамі, - кажа Святлана Чарваненка, - але ж, канешне, нярэдка дзеці замаўляюць тую літаратуру, што засталася на старым месцы. Тады запісваем гэты заказ і ідзём па кнігі ў той будынак. Усё гэта вельмі нязручна...

На свае вочы бачыў і той самы аварыйны дарэвалюцыйны будынак, і кнігі ў ім. Шматлікія зборы твораў пакуль выглядаюць даволі няблага, але сырасць і вільгаць, а асабліва холад з часам зробяць сваю негатыўную справу. На жаль, перавезці кнігі, як вынікае, няма куды. Як прызнаваліся мне бібліятэкары, зімою, у асабліва марозныя дні, яны самастойна палілі печы ў памяшканнях былой бібліятэкі, але, натуральна, гэтыя паўмеры выратаваць фонды ад пашкоджання не змогуць. А чарговая зіма не за гарамі...

Арэндныя таямніцы

Яшчэ адна гарадская ўстанова культуры, якая марыць аб дадатковых плошчах, - дзіцячая школа мастацтваў. Справа ў тым, што адно крыло двухпавярховага будынка займае рэдакцыя раённай газеты.

- Рэдакцыя газеты арандуе ў нас памяшканні па дагаворы, - кажа начальнік аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Галіна Харламава. - І пераязджаць яна пакуль што не плануе.

Дырэктар ДШМ Юрый Навіцкі распавёў мне, што з задавальненнем адкрыў бы ў школе яшчэ адзін клас па выяўленчым мастацтве. Натуральна, пры наяўнасці вольных квадратных метраў, якія ў Смалявічах- на вагу золата.

- У гэтым годзе, - кажа Юрый Аляксандравіч, - у нас быў нават конкурс, бо падалі заяўкі на аддзяленне выяўленчага мастацтва 40 чалавек, а ўзялі мы толькі дваццаць. Больш не можам з-за адсутнасці кабінетаў.

Ды і цяпер у невялікім пакоі, дзе праходзяць заняткі будучых мастакоў, займаюцца аж 70 навучэнцаў. Хлопцам і дзяўчатам даводзіцца вучыцца ў дзве змены і пастаянна займаць для правядзення ўрокаў фае ДШМ...

І яшчэ адна дэталь. Цікава тое, што сам аддзел культуры месціцца не ў будынку райвыканкама, а таксама... арандуе некалькі пакояў у мясцовай гасцініцы. Сітуацыя сапраўды дзіўная: рэдакцыя раёнкі плаціць арэнду аддзелу культуры, а ён у сваю чаргу- іншай арганізацыі... І такому арандаванню, па словах начальніка аддзела культуры Галіны Харламавай, вось ужо дзесяць гадоў. Кіраўніцтва раёна хоча, каб рэдакцыя пераехала ў іншае памяшканне ці, што яшчэ лепей, - у асобны будынак. Але пакуль такой магчымасці няма...

Глядзельная зала пакуль "не глядзіцца"

 Паводле Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла ў Смалявіцкім раёне планавалася пабудаваць 12 аграгарадкоў. На сённяшні дзень у сферы культуры засталіся тры пераходныя аб'екты - у вёсках Забалацце, Клінік, Усяжа.

 Як паведамляла наша газета, на нядаўняй выязной калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, што праходзіла на Брэстчыне, міністр Павел Латушка зазначыў аб неабходнасці выканання ўсіх планавых паказчыкаў Дзяржпраграмы. Натуральна, мяне не магла не зацікавіць інфармацыя аб пераходных аб'ектах у сферы культуры раёна. Завітаў на адзін з іх у вёсцы Забалацце.

Забалоцкі СДК размешчаны ў адным будынку з сельскім саветам. Гмах установы культуры, пабудаваны ў 1970-я гады мінулага стагоддзя, уражвае велічнасцю і манументальнасцю. Шмат пакояў для гуртковай работы, для бібліятэкі і размяшчэння класаў філіяла музычнай школы. Пах фарбы, здаецца, яшчэ не выветрыўся з гэтых памяшканняў, і, натуральна, новы іх выгляд не можа не задавальняць мясцовых культработнікаў.

- Адрамантавалі кабінеты, паставілі шклопакеты, правялі ўсюды ацяпленне, адрамантавалі дах, - кажа начальнік аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Галіна Харламава. - Цяпер засталося завяршыць глядзельную залу.

Сапраўды, яна пакуль "не глядзіцца": абшарпаныя сцены, дрэнныя столь і падлога, якая месцамі ўжо ўскрытая. Але неўзабаве, па словах начальніка аддзела культуры, усё тут будзе выглядаць іначай.

Чакае свайго рамонту і фасад будынка. Галіна Харламава запэўніла, што і з гэтым пытаннем будаўнікі разбяруцца да пачатку халадоў.

Усе праблемныя пытанні горада і раёна закрануў на райвыканкамаўскай "лятучцы", зыніцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр ШЛЫКАЎ і начальнік аддзела культуры Галіна ХАРЛАМАВА.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Хацелася б пачаць гутарку з аграгарадкоў. Бо, як вядома, 2010ы - ап/i/content/pi/cult/286/4641/11-2.jpgошні год дзеяння Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. А ў Смалявіцкім раёне засталіся аб'екты культуры ў трох аграгарадках, не даведзеныя да ладу з мінулага года. Ці паспееце ўсё завяршыць?

Аляксандр ШЛЫКАЎ:

 - Усё гэта - рабочыя моманты. Цягам апошніх некалькіх гадоў намі праводзілася вялікая работа па рамонце ўстаноў культуры раёна. Бо на балансе аддзела ёсць будынкі 1940-1950-х гадоў пабудовы. Усе яны патрабуюць увагі. А аграгарадкі абавязкова завершым да канца бягучага года.

Галіна ХАРЛАМАВА:

 - Увогуле, за гэты год мы ўжо адрамантавалі дах у пяці установах культуры раёна, цякучы рамонт быў у Доме культуры вёскі Усяжа, Прылепскім СДК, Пекалінскім СДК, Дынараўскім СДК і Барсукоўскім СДК. На ўсё гэта пайшло прыкладна 770 мільёнаў рублёў з улікам трох аб'ектаў аграгарадкоў.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Былі ў Забалацці, там яшчэ ладны кавалак работы. Справіцеся?

 Аляксандр ШЛЫКАЎ:

- У Забалацці ўжо закладзена аснова для шыкоўнага будучага СДК. І ён там будзе, як і ў іншых аграгарадках ранейшых гадоў здачы - Будагова, Барсуках...

Галіна ХАРЛАМАВА:

- На гэтым аб'екце ўжо асвоена прыкладна 300 мільёнаў рублёў. Сёлета зробім столь, сцены і сцэну, карацей, давядзем да ладу глядзельную залу. На гэта патрэбна прыкладна 100 мільёнаў рублёў. А крэслы ў залу ў нас ужо ёсць - атрымалі ад абласнога ўпраўлення культуры. Таксама сёлета зробім рамонт фасада Забалацкага СДК - пад гэтыя мэты прадугледжана прыкладна 150 мільёнаў рублёў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Ёсць пытанні, натуральна, і па гарадскіх установах культуры. Ці плануецца рамонт Смалявіцкага ГДК?

Аляксандр ШЛЫКАЎ:

 - Сёлета пачнём. Аддзел падрыхтаваў ужо ўсю патрэбную дакументацыю. Плануем зрабіць з нашага танцавальнага фае залутрансформер: гэта будзе і фае, і прастора для харэаграфічных заняткаў. Справа ў тым, што ў ГДК вельмі добрыя харэаграфічныя калектывы, таму ім вельмі патрэбна месца. Мяркуем выкарыстаць для іх мабільныя люстэркі, мабільны харэаграфічны станок...

Галіна ХАРЛАМАВА:

- Тым больш, нашы харэаграфічныя калектывы годна прадстаўляюць раён не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі - у Францыі, краінах Балтыі, Італіі, Германіі... Таму і ўвага да іх з боку райвыканкама - адпаведная.

Аляксандр ШЛЫКАЎ:

 - Безумоўна. Зыходзячы з таго, што мы не можам па аб'ектыўных прычынах пабудаваць вялізны Дом культуры, такі, як, напрыклад, у Маладзечне, дык думаем цяпер над тым, каб рацыянальна выкарыстаць наяўныя памяшканні.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Наколькі ведаю, асноўнае рамонтнае пытанне па ГДК - гэта глядзельная зала. Патрэбны новыя крэслы, рамонт сцэны, замена адзення сцэны...

Аляксандр ШЛЫКАЎ:

- Так, думаем і над гэтым. Рамонт тут мяркуецца паэтапны, зыходзячы з наяўных фінансавых магчымасцей.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Грошы пойдуць з бюджэту райвыканкама?

Аляксандр ШЛЫКАЎ:

- Так, бо план па аказанні платных паслуг аддзел культуры выконвае няблага, кожны год - прырост.

Галіна ХАРЛАМАВА:

 - Цяпер па ЦБС раёна ўводзім яшчэ пяць відаў платных паслуг. За сем месяцаў бягучага года план выкананы на 118 працэнтаў... За гэтыя грошы мы набываем абсталяванне, музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы. За першае паўгоддзе выкарысталі прыкладна 125 мільёнаў рублёў.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- На жаль, больш пытанняў узнікае не з рамонтам, а з недахопам вольных памяшканняў у гарадскіх установах культуры, у тым жа ГДК...

Аляксандр ШЛЫКАЎ:

 - Не бачу ў гэтым вялікай праблемы. Так, нам на сёння не стае плошчаў. Але ў хуткім часе Смалявічы стануць горадам-спадарожнікам сталіцы. Ужо цяпер архітэктары з Мінска працуюць над развіццём архітэктуры Смалявіч. Галіна Харламава атрымала днямі даручэнне, згодна з якім яна адлюструе ўсе праблемы і перспектывы развіцця нашай культуры. І ўсе прапановы і пажаданні будуць закладзены ў архітэктурнае рашэнне ў далейшым.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Гэта будзе заўтра, а сёння галоўная праблема - дзе размясціць дзіцячую бібліятэку... Ды і ейныя багатыя кніжныя фонды захоўваюцца ў дрэнных умовах.

 Аляксандр ШЛЫКАЎ:

 - На сёння мы падрыхтавалі адпаведныя лісты, каб атрымаць магчымасць арэнды ў новым будынку гандлёвага цэнтра, які цяпер узводзіцца. І хоць работы праводзіць прыватная арганізацыя, мы звярнуліся ў райвыканкам з прапановай аб выдзяленні часткі памяшканняў для размяшчэння там дзіцячай бібліятэкі. Гэта значыць, усе ўмовы для працы бібліятэкі будуць створаны.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але яна там будзе размяшчацца часова?

Аляксандр ШЛЫКАЎ:

- Натуральна. Да таго моманту, калі будзе пабудавана адпаведная ўстанова. Канечне, пытанні пакуль ёсць, і сродкаў недастаткова. Тым не менш, перспектывы застаюцца.

Галіна ХАРЛАМАВА:

 - А каб вырашыць пытанне з кнігамі, перавязем фонд дзіцячай бібліятэкі ў сельскі клуб вёскі Станок Вадзіца. Там у нас ёсць пад гэта вольныя памяшканні.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Будзем спадзявацца, што Смалявічы праз пэўны час пераўтворацца карэнным чынам. Гэта аксіёма, што горадспадарожнік па сваіх культурнасацыяльных умовах не павінен саступаць магчымасцям сталіцы.

Аляксандр ШЛЫКАЎ:

 -Безумоўна, гэта комплексны праект, рэалізацыя якога вырашыць многія нашы праблемы.

 наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Смалявіцкі раён - Мінск

Фота аўтара  

Дэталь да агульнай карціны

Фолк-цэнтр для...

 У аграгарадку "Барсукі" размешчаны адзіны ў Смалявіцкім раёне Цэнтр традыцыйнай культуры. З 10 клубных аб'яднанняў, што існуюць пры СЦТК, 6 працуюць у накірунку захавання беларускай народнай культуры.

 - Чым ваш СЦТК адрозніваецца ад іншых сельскіх устаноў культуры? - задаў я пытанне дырэктару ўстановы Вікторыі Колесавай. - Чым здзівіце?

І вось што яна адказала:

 - У нас вялікая ўвага надаецца менавіта працы з фальклорам. Мы маем адзіны ў раёне народны фальклорны ансамбль "Жывіца", ёсць таксама дзіцячы ансамбль народнай песні і дзіцячы ўзорны танцавальны калектыў "Ніка", які прывівае дзецям любоў да народных танцаў.

У народнага фальклорнага ансамбля "Жывіца" ў СЦТК ёсць музей-пакой, які выкарыстоўваецца для правядзення пасяджэнняў калектыву. Тут сабраны шматлікія этнаграфічныя рэчы. А "Ніку" цяпер наведваюць паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёлета калектыў паспяхова пацвердзіў званне "ўзорнага".

 На базе Барсукоўскага СЦТК сёлета праходзіў і фальклорны раённы фестываль "Святочнае кола", які сабраў вялікую колькасць удзельнікаў з усёй Смалявіччыны.

На аказанні платных паслуг мясцовыя клубнікі ўжо зарабілі больш за 11 мільёнаў рублёў пры 13мільённым гадавым плане. Так што і звычайная клубная работа - правядзенне платных канцэртаў і дыскатэк - у Барсуках таксама на належным узроўні.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"