Дызайнер “…Фартушка” і…

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

У Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” працуе выстаўка “Бясконцы свет гармоніі” мастака, мастацтвазнаўцы, педагога і паэта Аркадзя Дзенісевіча, прысвечаная яго 70-годдзю.

/i/content/pi/cult/286/4640/12-4.jpg

Дзяцінства Аркадзя Мікалаевіча прыпала на вайну, юнацтва - на пасляваенныя гады. Бацька, Мікалай Аляксандравіч, скончыў адзін клас польскай школы, чытаў слаба, пісаў на мяшанцы з рускай, беларускай і польскай моваў. Але быў ён таленавітым апавядальнікам і нават выдумшчыкам шматлікіх казак, баек, гумарэсак, калекцыянерам і рэстаўратарам старадаўніх гадзіннікаў, музычных інструментаў, чырванадрэўшчыкам, баяністам. Карацей, у сям'і панавала творчасць. Так што здольнасці Аркадзя пачалі выяўляцца рана. Захаваліся школьныя сшыткі яго вершаў, аповедаў, штодзённік назіранняў. А першай карцінай (1959 г.) стала копія работы невядомага мастака "Паляванне на львоў". Назіраць працэс нараджэння карціны збіраліся ўсе жыхары вёскі. Затым былі копіі палотнаў Васняцова, Саўрасава, Шышкіна. У сярэдзіне 1960-х з'явіліся і першыя аўтарскія работы./i/content/pi/cult/286/4640/12-5.jpg

Але ж у Брэсцкай вобласці Аркадзя Дзенісевіча ведаюць у першую чаргу як майстра інтэр'ераў. Сярод яго работ: будынак аблвыканкама (эскіз рэльефа), абласная бібліятэка, дзіцячая бібліятэка ў Іванаве, школьны музей у вёсцы Махро Іванаўскага раёна, у Драгічынскім раёне - ваенна-гістарычны музей імя Д.Удавікова і музей "Бездзежскі фартушок", які сёлета атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

 З 1991 года Дзенісевіч - педагог Брэсцкай дзіцячай мастацкай школы, у свой час выкладаў гісторыю сусветнай культуры ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна..

Аркадзь Дзенісевіч вывучае творчасць Напалеона Орды, вынікам чаго стала кніга "Тэндэнцыі класіцызму і рамантызму ў творах Напалеона Орды", і Юзэфа Крашэўскага. Мастацтвазнаўца ўжо падрыхтаваў да выдання манаграфію "Крашэўскі: этнаграфія, жывапіс, графіка".

Алена ЗЯЛЕВІЧ, супрацоўнік Музея-сядзібы "Пружанскі палацык"