Стэла Багушэвічу

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Як вядома, сёлета адзначаецца 170-годдзе з дня нараджэння пачынальніка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Святочныя мерапрыемствы ўжо прайшлі ў шматлікіх кутках Беларусі і, натуральна, на Ашмяншчыне, дзе, у вёсцы Жупраны, паэт пахаваны.

/i/content/pi/cult/286/4634/14-1.jpg

Літаральна днямі, як распавяла "К" начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская, там, на магіле паэта, былі ўсталяваны новая, рэканструяваная, стэла і надмагільная пліта.

- Ранейшая стэла паўстала тут яшчэ ў 1975 годзе, - кажа Галіна Іванаўна, - таму з цягам часу яна пачала разбурацца. Патрабавалася замена, і, дзякуючы спонсару, мы змаглі гэта зрабіць.

Фінансавую дапамогу ў гэтай пачэснай справе аказаў мясцовы ўраджэнец Юрый Гурскі. Юрый Іванавіч сам ездзіў на Украіну за патрэбным па колеры гранітам - і прывёз яго ажно тры з паловай тоны!

Таму матэрыялу хапіла не толькі на стэлу Францішку Багушэвічу, але і на тое, каб рэканструяваць помнік і надмагільную пліту сваякам паэта, што знайшлі свой спачын побач з магілай класіка. Дапамога была аказана і пры добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"