Пяро для картографа

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

“Свет з вышыні” пачынаецца са… шпацыру

/i/content/pi/cult/286/4633/14-2.jpgПабачыць горад з вышыні птушынага палёту, безумоўна, цікава, аднак, спусціўшыся на зямлю, наўрад ці адразу пазнаеце месца, што захапіла вас некалькі хвілін таму. Ды і звычайная геаграфічная карта дапаможа хіба зарыентавацца ў вуліцах, а каб адшукаць усё астатняе - помнікі архітэктуры, музеі, - прыйдзецца паблукаць па іх. Выйсце з такой сітуацыі прапанаваў мінскі мастак-картограф Рубэн Атаян.

Атаяна можна смела назваць "бацькам" мастацкай картаграфіі. Мастак прадставіў звычайную, на першы погляд, карту як твор мастацтва. Галоўны крытэрый працы картографа - максімальная дакладнасць, з якой ён стварае не толькі план горада "зверху", але і кожны асобна ўзяты дом. Нават колькасць вокнаў на яго работах супадае з арыгіналам. Па дарогах Атаяна "рухаюцца" аўтобусы і машыны, а вуліцы і плошчы аздабляюць ліхтары. Упэўніцца ў гэтым можна і на выстаўцы "Свет з вышыні" ў музеі "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя" .

На выстаўцы прадстаўлена каля пяцідзесяці маляваных панарам Масквы, Берліна, Варшавы, Ватыкана, Ерэвана... "Беларускі ж маршрут" Рубэна Атаяна праходзіць праз Брэст і Паставы, Гомель і Навагрудак, Заслаўе і Мінск. Амаль на кожнай карце існуюць "вынаскі" найбольш значных турыстычных аб'ектаў. Да прыкладу, у старажытным Навагрудку гэта замчышча ХV ст., у Жыровічах - манастыр, у Нясвіжы - замак Радзівілаў. Майстру, па яго ўласных словах, падабаецца працаваць у месцах, дзе шмат помнікаў архітэктуры, дзякуючы якім можна адчуць подых эпохі.

 Праца Рубэна Уладзіміравіча нагадвае журналісцкую. Спачатку - збор інфармацыі: знаёмства з мясцовасцю, шпацыры з планшэтам, відэакамерай і фотаапаратам, дасканалае вывучэнне кожнай дэталі, даследаванне гарадскіх вуліц, паркаў і сквераў. А ў новым горадзе вандроўка абавязкова пачынаецца з наведвання краязнаўчага музея.Такім чынам, этап падрыхтоўкі "матэрыялу" можа займаць ад трох дзён да некалькіх тыдняў. Затым - так званы кабінетны этап: стварэнне чарнавога варыянта, шэраг вымярэнняў і падлікаў. А пры дапамозе акварэлі, тушы і пяра карта набывае свой маляўнічы выгляд.

Таццяна БІРУК, Вольга ЛЯЎКЕВІЧ,

студэнткі Інстытута журналістыкі БДУ

 На здымку: адна з работ Р.Атаяна