Тэатральнае… прызнанне ў любові

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Нарэшце арганізатары тэатральнага праекта “Мінск, я люблю цябе” раскрылі ўсе карты і далі падрабязныя каментарыі пра ўласнае дзецішча.

 

Ідэя праекта "Мінск, я люблю цябе" зыходзіць з боку Сучаснага мастацкага тэатра, а падтрымала яе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Упершыню недзяржаўнаму тэатру былі выдзелены сродкі на рэалізацыю падобнага праекта ў памеры 68 млн. рублёў. Па словах начальніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры краіны Міхаіла Казловіча, падтрымаць хацелася новыя ідэі і п'есы менавіта беларускіх аўтараў. І адно, і другое ў гэтым праекце ёсць.

Заснавальнік і мастацкі кіраўнік СМТ Уладзімір Ушакоў распавёў, што галоўная мэта спектакля - паказаць Мінск, так бы мовіць, знутры - падкрэсліць унікальнасць сталічных жыхароў. Спектакль будзе складацца з некалькіх міні-п'ес, сюжэты якіх абсалютна непадобныя і напісаныя рознымі аўтарамі. З драматургаў на канферэнцыі прысутнічалі Андрэй Курэйчык, Дзіяна Балыка і Мікалай Рудкоўскі. Кожны з іх, пры выбары і напісанні сюжэта, праследаваў сваю мэту.

Так, Андрэй Курэйчык у сваёй п'есе паспрабаваў адказаць на пытанне, што ж асабіста яго вабіць у сталіцы нашай радзімы. Дзіяна Балыка наважылася падкрэсліць унікальнасць мінчан, давесці, што ёсць у іх тыя непаўторныя рысы характару, якія адрозніваюць іх ад жыхароў іншых гарадоў. Мікалай Рудкоўскі ўвогуле не пісаў п'есу адмыслова для Мінска і яго жыхароў.

Нечакана было пабачыць на прэс-канферэнцыі тэлевядучых Люсю Лучшык і Яўгена Булку: аказалася, што яны з'яўляюцца новымі акцёрамі СМТ і прымаюць удзел у спектаклі.

Ідэя спектакля вельмі нагадвае фільмы "Парыж, я люблю цябе", "Масква, я люблю цябе" і г.д. Гэтага падабенства ніхто не адмаўляў, а Уладзімір Ушакоў выказаў спадзяванні на тое, што калінебудзь у нашых кінатэатрах мы ўбачым такі ж фільм аб Мінску. А што да лёсу пастаноўкі, то рэжысёр упэўнены, што яна ніколі не страціць сваю папулярнасць і актуальнасць. Таму што гэта гісторыі пра звычайных людзей, якія жывуць побач, а людзям заўсёды цікава глядзець на сябе і сваё жыццё з боку. І акрамя таго праект будзе перыядычна абнаўляцца, а адны сюжэты - саступаць месца новым гісторыям...

Марына САЛАВЕЙ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ