Альбіён у Палацы

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Што такое сюрпрыз па-англійску?

/i/content/pi/cult/286/4626/6-1.jpg

Знакаміты Лонданскі філарманічны аркестр у Мінску? На Дзень горада? Многія, і я ў тым ліку, спачатку не верылі, што гэта магчыма. Ажно не: над праспектам Незалежнасці з'явіліся расцяжкі з рэкламай, на афіцыйным сайце калектыву - згадкі пра хуткае выступленне ў Мінску: 11 верасня ў Палацы Рэспублікі. На жаль, славуты аркестр прыедзе ў нашу сталіцу ўсяго на некалькі гадзін. Часу хопіць, каб толькі адладзіць мікрафоны, выступіць - і зноў у дарогу. Але ж, у якім атачэнні мусіць выступіць калектыў: румынскі дырыжор Ціберыу Саара і славутая спявачка Анжэла Георгіу (сапрана)! Напярэдадні падзеі мы звярнуліся да некалькіх дзеячаў мастацтва і культуры Беларусі, звязаных з англійскай сталіцай ды знаным калектывам творчым супрацоўніцтвам, і папрасілі падзяліцца ўражаннямі пра туманны Альбіён і музычнае майстэрства Лонданскага філарманічнага.

 Ад Лондана да Мінска

Праз Лондан у свой час пралягалі і шляхі нашага знакамітага маэстра Аляксандра АНІСІМАВА. А яго сын - Саша Анісімаў - выконваў там Другі фартэпіянны канцэрт С.Рахманінава.

 - Сапраўды, - распавядае Аляксандр Міхайлавіч,- вы маеце рацыю: гэты твор Саша спачатку выконваў у Лондане, а ўжо потым у Мінску. У Лондане гэта была новая зала, адбудаваная ў царкве, на 900 месцаў - па тамтэйшых мерках, невялікая, бо ў іх ёсць канцэртныя залы і на 3- 4 тысячы месцаў. Але гэта адбылося даўно, калі Сашу было 18 - 19 гадоў і ён вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Увогуле, ён іграў з рознымі сімфанічнымі аркестрамі: і з ірландскім, і з іспанскімі. Але тое лонданскае выступленне запомнілася яшчэ і таму, што яно папярэднічала мінскаму. Так што можаце напісаць: маўляў, у Лондане Саша "абкатваў" праграму, каб сыграць яе ў Мінску. Калі ж сур'ёзна, дык сапраўды: мінская публіка- адна з самых патрабавальных. Асабліва да сваіх музыкантаў. Гэта я чуў ад многіх нашых салістаў, якія апошнім часам працягваюць навучанне ці працуюць у замежжы. Мне гэта гаварылі і Андрэй Паначэўны, і Гарык Анішчанка, і, зусім нядаўна, Ваня Карызна: маўляў, вельмі хвалююцца, выступаючы/i/content/pi/cult/286/4626/6-3.jpg на радзіме.

 - Тады ёсць штосьці сімвалічнае ў тым, што выступленне Лонданскага філарманічнага аркестра становіцца быццам урачыстым "пралогам" да адкрыцця нашага філарманічнага сезона. 11 верасня ў Палацы Рэспублікі выступаюць госці, а 12-га ў Канцэртнай зале філармоніі - Нацыянальны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад вашым кіраўніцтвам. Проста міні-фестываль ды яшчэ з беларускай прэм'ерай.

- Так і павінна быць: Нацыянальны аркестр адкрывае сезон новым буйным нацыянальным творам. З гэтай партытурай Вячаслава Кузняцова я пазнаёміўся ў мінулым сезоне. Там няма асаблівага мадэрнізму, гэткіх "гульняў у сучаснасць", калі кампазітар быццам наўмысна робіць паказальную дэманстрацыю ўсяго набору найноўшых прыёмаў. Наадварот, музыка сканцэнтравана на яркіх вобразах, уся насычана эмоцыямі, накіравана да чалавечых пачуццяў. І, што вельмі важна, яна цудоўна аркестравана! Далёка не ўсе сучасныя кампазітары, і не толькі беларускія, валодаюць аркестрам так, як Кузняцоў. У яго творах аркестр заўсёды можна паказаць найлепшым чынам - і гэта здорава! Але ж "Клеапатра" стваралася як балет, была разлічана на харэаграфічнае ўвасабленне. Таму, каб паказаць гэту музыку ў сімфанічным канцэрце, я зрабіў сваю рэдакцыю - з'яднаў асобныя эпізоды балета ў цэласную структуру працягласцю амаль гадзіну. Нават памяняў штосьці месцамі: Адажыа з сярэдзіны балета перамясціў у канец, бо прынцыпы драматургіі тэатральнага твора і сімфанічнага крыху адрозныя. Кампазітар са мной пагадзіўся і скарэктаваў змяненні. Тады ж, у мінулым сезоне, мы не толькі развучылі гэту харэаграфічную сімфонію, што ў выніку атрымалася, але і запісалі яе. Рыхтуючыся да канцэртнай прэм'еры, я вырашыў пайсці яшчэ далей і замяніць харэаграфію - словам. Папрасіў рэдактара філармоніі, музыказнаўцу Іну Карпук падабраць да музыкі адпаведныя тэксты. Яна спынілася на Плутарху, Шоу, Ганне Ахматавай. Але ж паслядоўнасць тэкстаў, іх спалучэнне з музыкай сталі, зноў-такі, плодам маёй фантазіі. Я не быў упэўнены, што ўсё атрымаецца натуральна, баяўся, каб наша "мадэрнізацыя" не перашкодзіла кампазітарскай задуме. Вагаўся да апошняй хвіліны, таму нават не ўключыў чытальнікаў у афішу. Выбар артыстаў, дарэчы, таксама быў няпростым. Мне дапамог галоўны рэжысёр Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін - прапанаваў некалькі кандыдатур. Артысты прайшлі своеасаблівы кастынг, і толькі пасля гэтага я пераканаўся: тэкст будуць чытаць Кацярына Яворская і Андрэй Кавальчук.

Іншымі словамі, канцэртны сезон пачынаецца! У тым ліку, з Лонданскага філарманічнага і, назаўтра, Нацыянальнага акадэмічнага сімфанічнага аркестраў.

Каралеўскія музыканты

Беларускі піяніст і прадзюсер Расціслаў КРЫМЕР, які з'яўляецца дырэктарам Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, працягваў у Лондане сваё навучанне: ён скончыў Лонданскую Каралеўскую Акадэмію.

- Навучанне ў Лондане стала вельмі важным этапам у маім жыцці. Бо Лондан - адзін з цэнтраў еўрапейскай культуры. Гэты горад насычаны і нават часам перанасычаны разнастайнымі музычнымі падзеямі, канцэртамі, і выступленне ў любой з лонданскіх залаў - гэта сапраўдна/i/content/pi/cult/286/4626/6-2.jpgя з'ява для тых, хто там выступае. Апошнія гады ў Вялікабрытаніі працуе шмат музыкантаў з былой савецкай прасторы. Асабіста для мяне як для піяніста самым, бадай, памятным лонданскім канцэртам стаўся сольнік... Рыгора Сакалова - вядомага расійскага піяніста, пераможцы Трэцяга Міжнароднага конкурсу Чайкоўскага, прафесара Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. Дый абодвума вядучымі Лонданскімі аркестрамі кіруюць прадстаўнікі расійскай дырыжорскай школы. Усё гэта папраўдзе каралеўскія музыканты! Самы буйны калектыў, Лонданскі сімфанічны, з 2007 года ўзначальвае знакаміты Валерый Гергіеў - мастацкі кіраўнік Марыінскага тэатра. Аркестр лічыцца папраўдзе эталонным. Ён іграе настолькі дасканала, што многія свае запісы ажыццяўляе непасрэдна пад час канцэртаў, а не ў студыі. А па якасці яны - быццам студыйныя, зробленыя з некалькіх дубляў. Лонданскі філарманічны аркестр, які прыязджае да нас, - другі па значнасці сімфанічны калектыў Вялікабрытаніі. З 2007 года ім кіруе дастаткова малады, але вельмі вядомы Уладзімір Юроўскі. Ён прадстаўнік славутай сямейнай дынастыі: сын дырыжора Міхаіла Юроўскага і ўнук кампазітара Уладзіміра Юроўскага. Але галоўнае - таленавіты музыкант, тонкі інтэрпрэтатар. Ігра аркестра, якім бы добрым ён ні быў, з якіх выдатных музыкантаў ні складаўся б, у вельмі вялікай ступені залежыць ад дырыжора! І запрашэнне выхадцаў з былога Саюза на вядучыя пасады ў такія знакамітыя калектывы, як абодва гэтыя аркестры, гаворыць само за сябе. Прыезд любога лонданскага аркестра ў Мінск можна толькі вітаць. А прыезд Лонданскага філарманічнага - падзея!

Без туманоў і прывідаў

Салістку Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Аксану ВОЛКАВУ, якая апошнім часам стажыруецца ў Маскве, мы заспелі ў Іспаніі, дзе яна зараз знаходзіцца на гастролях разам з Вялікім тэатрам Расіі: у знакамітым мадрыдскім Тэатры Рэал спявае Вольгу ў оперы "Яўгеній Анегін" П.Чайкоўскага. А дагэтуль былі працяглыя гастролі ў Лондане: таксама паказваўся "Яўгеній Анегін" у пастаноўцы маладога рэжысёра Дзмітрыя Ча/i/content/pi/cult/286/4626/6-4.jpgрнякова. Там, дарэчы, наша салістка таксама выконвала партыю Вольгі. Знайшоўшы хвілінку паміж выступленнямі, Аксана Волкава адказала на нашы пытанні. - Лондан і Беларусь падобныя, пэўна, туманным надвор'ем? Толькі там, калі верыць даўно складзенаму іміджу Англіі, туманных дзён яшчэ больш. Ва ўсіх класічных англійскіх творах толькі і робіцца, што крытыкуецца надвор'е.

- А вось я крытыкаваць не буду. У Лондане пабывала ўпершыню. І адразу столькі ўражанняў - самых станоўчых! Найперш, дарэчы, узрадаваў клімат, хаця я, як і ўсялякі вакаліст, вельмі хвалявалася. Але пасля анамальнай спякоты ў нас і невыноснага маскоўскага смогу Лондан сустрэў прахалодай і свежасцю: гэта было акурат тое, чаго ўсім нам так не хапала ў жніўні.

 - Ці паспелі штосьці паглядзець? На гастролях часу звычайна не так многа.

- Не, у нас быў вельмі спрыяльны расклад. Тэатр гастраляваў там цэлы месяц, і было дастаткова часу, каб "акліматызавацца", што для вакалістаў вельмі важна, а таксама проста адпачыць, прагуляцца. Я наведала гістарычны музей, схадзіла на мюзікл, пра што даўно марыла. І ўвогуле атрымала шмат прыемных уражанняў. А з добрым настроем і лепей спяваецца!

- А ўражанні ад самога тэатра? Сцэна Ковэнт-Гардэна - мара любога спевака.

- Гэта сапраўды самы вялікі тэатр у Англіі. Зала - на 2 тысячы 250 месцаў. Убранне - раскошнае. Яго трэба бачыць на свае вочы, бо ніводны фотаздымак ці відэазапіс не перадае ўсёй прыгажосці. Але галоўнае - асаблівы дух тэатра, дзе спявалі самыя выдатныя вакалісты, і цудоўная акустыка, якую адчуваеш, здаецца, усім целам і якая табе дапамагае. Тут усё дыхае гісторыяй і традыцыямі.

- Пасля мюзікла Уэбэра "Прывід Оперы", пэўна, любы тэатр з багатым гістарычным мінулым успрымаецца насцярожана.

 - (Усміхаецца.) Самае цікавае, што ў зале Ковэнт-Гардэна няма жырандолі! Гэта сапраўды вельмі здзівіла. Але да ўсяго прывыкаеш.

- Як успрымала вас публіка? Лічыцца, што жыхары паўночных рэгіёнаў свету не самыя "гарачыя" людзі на планеце.

- Публіка ў Ковэнт-Гардэне папраўдзе асаблівая. Тут не проста любяць оперу, тут яе абагаўляюць. Спяваць для такіх знаўцаў і прыхільнікаў - яшчэ большае шчасце і адначасова адказнасць. Прымалі "Яўгенія Анегіна" цудоўна. Многія гледачы падыходзілі да службовага ўвахода, каравулілі ўпадабаных выканаўцаў, каб папрасіць аўтографы і асабіста выказаць сваю ўдзячнасць. Гэта заўсёды вельмі кранае! У нас было чатыры спектаклі, і першы, вядома, самы хвалюючы. Але тыя, хто на яго патрапіў, былі так уражаны, што потым прасілі білеты, каб паглядзець яшчэ раз.

 На здымку: Аксана Волкава ля Ковэнт-Гардэна.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"