Лошыцкі парк: інвестыцыі ў княжацкі ландшафт

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Люстраная роўнядзь Лошыцкага вадасховішча адкрывае перад наведвальнікам незвычайны пейзаж: ціхую затоку акаймоўваюць брукаваныя сцежкі, вытанчаныя пергалы, стылізаваныя пад даўніну ліхтары. Глядзіш — і вачам не верыш, што яшчэ на пачатку 2000-х адно з ўлюбёных месцаў мінчан для шпацыраў і фатаграфавання было непраходным лесам, падперазаным бетонным воставам колішняга плота… Два гады таму пачалася генеральная рэканструкцыя ўнікальнага помніка гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння. З якімі праблемамі сутыкаюцца пры рэалізацыі праекта будаўнікі і праекціроўшчыкі? Калі, нарэшце, старадаўні парк і сядзіба стане працаваць на поўную моц? Сталічную Лошыцу наведала карэспандэнт “К”.

 "Чорны піяр" і брусы сядзібы

Сёлета здадзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс будаўніцтва - паўднёвая частка парку, дзе сканцэнтраваны шматлікія архітэктурныя помнікі ХVІІІ стагоддзя. З тэрыторыі зніклі дысануючыя з навакольным асяроддзем ветхія памяшканні, якія не ўяўлялі гісторыка-культурнай каштоўнасці - адміністрацыйны будынак, склад, складсушылка, цяпліцы, канюшні, кацельня і газаразмеркавальная падстанцыя.

 - Майстэрняй УП "Мінскпраект" было шмат зроблена, каб захаваць цудоўны парк князёў Прушынскіх-Любанскіх, - запэўніла галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі паркавай часткі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу Ірына Сінельнік.- Але не трэба забывацца, што з сённяшніх ста гектараў ён займае толькі пэўную частку. Таму асновай архітэктурна-планіровачнага рашэння стала неабходнасць пры захаванні гістарычнага вобраза парку, яго ўнікальных стылістычных асаблівасцяў даць аб'екту далейшае жыццё ў часе і ўключыць у сучасны працэс сацыякультурнага развіцця Мінска.

На дзіва, менавіта такі падыход праекціроўшчыкаў у свой час выклікаў шырокае абмеркаванне. У 2008 годзе рэстаўратараў і архітэктараў на ўваходзе ў парк сустракалі незадаволеныя гараджане, а ў Інтэрнэце разгарнуліся акцыі ў ахову даўніны. Аднак мала хто з выступаючых па пытаннях "мадэрнізацыі" Лошыцы меў поўную інфармацыю аб тым, якія работы будуць праведзены ў парку. Прыкладам, вырубка ў нека

торых яго частках аказалася ўсяго толькі санацыяй тэрыторыі, калі выкарчоўваліся дрэвы, аджылыя сваё, а сёння - небяспечныя для чалавека.

- Недахоп інфармацыі стаў падставай для атрымання яе ў скажоным выглядзе. З-за такога "чорнага піяру" мы, можна сказаць, згубілі сядзібу,- заўважае Ірына Сінельнік.- Насамрэч размова аб яе рэстаўрацыі была распачата яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя, а праект падпісаны ў 2002 годзе. Аднак з-за шуміхі, узнятай непрафесіяналамі, пачатак актыўнай працы быў адцягнуты амаль што на пяць гадоў! За гэты час драўляны дом прыйшоў у жудасны стан, знаходзіцца ў ім стала небяспечна для жыцця - так усё і згніло. І ужо не магло быць нават гаворкі аб тым, каб узнавіць гістарычны аб'ект на старадаўнім матэрыяле.

Рэстаўратары скрупулёзна перабіралі драўляную частку, ім прыйшлося замяняць згнілыя брусы на новыя. Хутка работы прыпыняцца: па тэхналогіі, збудаванню патрэбны паўтара года на ўсадку бярвенняў.

Як неаднойчы пад час размовы падкрэслівала галоўны архітэктар рэканструкцыі паркавай часткі, рэстаўрацыя не трывае мітусні, таму, калі хочам атрымаць сапраўды добры вынік, неабходна выконваць тэхнічны рэгламент. П

/i/content/pi/cult/286/4625/5-1.jpg

асля гэтага можна будзе без боязі займацца інтэр'ерамі. Сёння, дарэчы, праектныя майстэрні падымаюць архівы, праглядаюць аналагі, каб узнавіць унутранае аздабленне літаральна да кафляў.

 Партэр пад коламі

Рэстаўратары з вялікай павагай ставяцца да тых каштоўнасцей, што засталіся мінчанам ад продкаў, імкнучыся як мага болей захаваць для новага часу нават там, дзе, здавалася б, не знойдзеш відавочных артэфактаў. Так, на тэрыторыі Лошыцкага парку знаходзяцца рэшткі селішча Х- ХІ стагоддзяў і курганныя пахаванні, якія ўжо немагчыма прадставіць шырокай публіцы. Праекціроўшчыкі знайшлі цікавы стылістычны ход: валунамі абазначылі межы гэтых гістарычных зон.

Цягам будаўніцтва архітэктары чулі ў свой адрас з боку грамадскасці шмат крытыкі з-за ўзвядзення новых, хоць і ў стылістыцы старога парку, пабудоў. Але ўзнікненне кожнай з іх мае свой рацыянальны падмурак. Прыкладам, будынак вытворчай базы УП "Мінскзялёнбуд" дапамог выключыць са спісу службовых памяшканняў старадаўні флігель. Непаўторныя залы апошняга шкада было выкарыстоўваць толькі для захоўвання інвентару гаспадарнікаў. Да таго ж, да былога адміністрацыйнага збудавання бясконца пад'язджалі грузавікі, разбіваючы коламі ландшафтны партэр цэнтральнай паляны.

- Зараз УП "Мінскзялёнбуд" атрымала адпаведнае вялікаму штату работнікаў памяшканне з боку камвольнага камбіната, што, у сваю чаргу, забяспечвае зручны пад'езд неабходнай тэхнікі з горада, - растлумачыла Ірына Сінельнік.- А гістарычны аб'ект хутка будзе перададзены ў распараджэнне Міністэрства культуры краіны. Тады дзеячы мастацтва змогуць ператварыць флігель у сапраўдны палац муз. Антураж парку гэтаму спрыяе. .

Інфраструктура па-за гісторыяй

За дзвесце гадоў, што прайшлі з таго часу, як сфарміраваўся цэласны вобраз сядзібнага парку, да гэтай тэрыторыі далучылі шматлікія землі. Адным з найбольш цікавых аб'ектаў з'яўляюцца надзелы, якія ў 1920-х належалі беларускаму філіялу Усесаюзнага інстытута раслінаводства. Узначальваў яго вядомы селекцыянер Мікалай Вавілаў. Але экзоты тут выгадаваў яшчэ раней Яўстафій Любанскі. Сярод іх - магнолія-кобус, маньчжурскі абрыкос, ліпа крымская, гартэнзія Брэтштэйрэра. І па сёння сярод мінчан гэтая частка Лошыцкага парку славіцца яблыневым садам.

Гэтая зона, звязаная з іменем акадэміка Вавілава, стала наступнай часткай адноўленага паркавага комплексу. Тут максімальна захаваны эксперыментальныя пароды. Пладовыя дрэвы, што адміраюць, паступова замяняюць на новыя доследныя культуры.

 Пасярэдзіне яблыневага саду пралягла сцежка, што злучыла гістарычную частку з цэнтральнай алеяй "новага парку" - адаптацыйнай зонай, якая адпавядае сучасным умовам жыцця.

 - Упэўнена, нельга на ста гектарах у межах горада ствараць мемарыял, бо парку патрэбна жыць! - падкрэсліла галоўны архітэктар праекта. - Мы захавалі даўніну, але абавязаны стварыць і годныя ўмовы для адпачынку сучаснікаў. Прыкладам, убаку ад гісторыка-культурных аб'ектаў паставілі навесы для пікнікоў. І адразу адпачынак у комплексе набыў больш цывілізаваныя формы.

На поўначы парку пракладзены веладарожкі. Улетку і круглы год пасля вучобы сюды ідуць падлеткі. Па-за гістарычнай часткай пачалі ўзводзіць тэнісныя корты, валейбольную пляцоўку...

- Такім чынам, калі не знойдзецца ахвотнікаў для заняткаў спортам, на пляцоўцы можна будзе проста загараць, - растлумачыла Ірына Барысаўна. - Насамрэч, падобныя аб'екты нават не супярэчаць атмасферы княжацкага парку. Вядома, што Прушынскія-Любанскія шмат займаліся спортам, у прыватнасці конным. А апошні гаспадар сядзібы Яўстафій Любанскі папулярызаваў сярод гараджан веласіпедныя шпацыры. Княжацкая фамілія, як бачым, была прыхільніцай усяго новага і сучаснага.

 Пакуль без візітоўкі

Да гонару праекціроўшчыкаў трэба зазначыць, што яны сапраўды заглыбіліся ў атмасферу, якая віруе ў Лошыцкім парку. Рэстаўратары звярнулі ўвагу на шматлікіх выканаўцаў этна-музыкі, якія штогод улетку збіраюцца на зліцці Свіслачы і Лошы. Каб у будучым рознага роду этнаграфічныя фестывалі і рыцарскія турніры праводзіліся ў зручных умовах, распачалося будаўніцтва ландшафтнага амфітэатра. На высокім беразе на месцы прыроднага кратара ствараецца пляцоўка для разборнай сцэны, ярусы накшталт рымскіх амфітэатраў, гасцявыя трыбуны. У выніку культурныя мерапрыемствы набудуць шыкоўны антураж для творчасці.

На супрацьлеглым баку закладзены падмурак унікальнага дзіцячага гарадка, аналагаў якому няма ў Беларусі. Архітэктары прынцыпова адмовіліся ад папулярных пластыкавых канструкцый, што можна пабачыць у многіх гарадскім дварах. Сёння з чырвонай цэглы ўзводзіцца гульнявы цэнтр у стылістыцы княжацкага парку: вежы, званы, падвесныя масткі, вінтавыя пераходы. Маленькія жыхары сталіцы змогуць апрабаваць незвычайную пляцоўку ўжо наступным летам.

 На жаль, некаторыя праекты пакуль не могуць знайсці сродкаў для ажыццяўлення.

- Мы адмовіліся ад першапачаткова запланаванага фантана на цэнтральнай плошчы адаптацыйнай зоны, некаторых элементаў аздаблення. Аднак асабліва шкада паркавыя скульптуры Уладзіміра Жбанава, - смуткуе Ірына Сінельнік. - Творца прапанаваў узвесці выяву легендарнай Пані Лошыцкай сядзібы, а ля брамы дзіцячага гарадка размясціць Лясную фею з незгасальным ліхтаром у руцэ. Упэўнена, гэтыя работы сталі б у жыхароў папулярным аб'ектам для фатаграфавання, а горад атрымаў бы яшчэ адну пазнавальную паўсюль візітоўку.

Наступны крок - інвестыцыі

Да заканчэння года павінен завяршыцца другі этап рэканструкцыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу. Зараз праводзяць вертыкальную планіроўку, каб парк меў неабходныя кампазіцыйныя дамінанты і пазбавіўся ад самасеву, складаюць сцежкавую сетку, прыдатную для лёгкага і прыемнага шпацыру па ўсёй яго тэрыторыі. Тут асаблівым гонарам праекціроўшчыкаў стаў драўляны тратуар на сваях у той частцы комплексу, што перыядычна падтапляецца ракой. Як паведаміў гал о ў н ы спецыяліст аддзела капітальнага будаўніцтва УП "Мінскзялёнбуд" Раман Міхалевіч, на гэтыя работы ў 2010 годзе са сталічнага бюджэту было выдаткавана каля 14 міліярдаў рублёў.

 Нават зараз, калі гатова адносна невялікая частка Лошыцкага парку, значна павялічыўся прыток наведвальнікаў. Праекціроўшчыкі спадзяюцца, што цалкам гатовы комплекс стане цэнтрам для знаёмства з гісторыяй і адпачынку не толькі мінчан, але і турыстаў з замежжа. Ужо распрацоўваюцца экскурсіі, каб уключыць Лошыцкі парк у рэспубліканскія турыстычныя маршруты, рыхтуюцца і гістарычныя даведкі, якія будуць размешчаны каля ўсіх паркавых аб'ектаў сівой мінуўшчыны.

- Тым самым Лошыцкі сядзібнапаркавы комплекс стане прывабным аб'ектам для інвестараў,- падкрэслівае Ірына Сінельнік.- Тады можна будзе вярнуцца да пытання аб стварэнні сувенірных крам, кавярань у гістарычным стылі. У нашай майстэ/i/content/pi/cult/286/4625/5-2.jpgрні мараць, што знойдзецца інвестар, які ажыццявіць задуму з пракатам старадаўніх веласіпедаў, адчыніць фотаатэлье ў рэтрастылі. Дарэчы, у гістарычных комплексах суседніх краін звыклай справай з'яўляецца сустрэча з касцюміраванымі князямі і царамі. Чаму б і нам не ўзяць гэтую ідэю на ўзбраенне?

Атрыманыя ад інвестыцый грошы, магчыма, стануць падмуркам для новай рэканструкцыі: рэстаўрацыі капліцы і млына. Руіны са шлейфам сівой даўніны сёння закансерваваны, але да гэтай пары прыцягваюць увагу ўсіх, хто неабыякавы да гісторыі роднага краю. Падобныя прывабныя праекты могуць стаць "разыначкай" адзінай сядзібы, якая захавалася ў Мінску да нашых дзён, што, у сваю чаргу, прывядзе сюды дадатковыя інвестыцыі на ўзбагачэнне комплексу, які мае статус рэспубліканскай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"