Ганаруюць прафсаюзы

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Пачынаецца вылучэнне кандыдатур на саісканне прэмій Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2011 года ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці

 

Пра гэта паведаміў "К" намеснік старшыні Камісіі па прэміях ФПБ у галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці Аляксандр Суша.

 Нагадаем, прэміі прысуджаюцца з 1989-га, раз у два гады, да Свята працы - 1 Мая. За гэты час лаўрэатамі сталі 3 прафесійныя калектывы і 20 аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, а таксама 143 дзеячы культуры, мастацтва, журналісты.

У жніўні 2010 г. прынята рашэнне аб умовах прысуджэння прэмій 2011 года за творы прозы, паэзіі і драматургіі ; за музычныя творы, канцэртна-выканальніцкую дзейнасць; за работы ў галіне тэатральнага мастацтва і кінамастацтва; за творы жывапісу, скульптуры, графікі і прыкладнога мастацтва; за лепшы твор аб прафсаюзах (літаратурны, музычны, канцэртны, тэатральны, кінамастацкі, жывапісны, скульптурны і іншы); за актыўную работу па развіцці народнага мастацтва і аматарскай творчасці працоўных (сярод кіраўнікоў прафсаюзных і ведамасных устаноў культуры); за выдатныя дасягненні аматарскіх калектываў мастацкай творчасці; у галіне журналістыкі. У кожнай з названых катэгорый мяркуецца прысудзіць па адной прэміі.

На саісканне прэміі, падкрэслілі "К" у ФПБ, прымаюцца творы і работы, апублікаваныя, публічна паказаныя або выкананыя за апошнія чатыры гады, але не пазней чым за 6 месяцаў да ўстаноўленага тэрміну вылучэння на саісканне прэміі. Не могуць быць прадстаўлены работы, якія адначасова вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, міжнародных прэмій або прэмій іншых дзяржаў, або тыя, што ўжо атрымалі такія прэміі. А колькасць саіскальнікаў у складзе калектыву аўтараў не павінна перавышаць 4 чалавекі.

Вылучэнне работ і твораў на саісканне прэміі ФПБ праводзіцца на сходах працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, пасяджэннях прэзідыумаў раённых, абласных і рэспубліканскіх камітэтаў і аб'яднанняў прафсаюзаў, калегій, прэзідыумаў і сакратарыятаў праўленняў органаў культуры, творчых саюзаў, міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь.

Пры гэтым улічваецца абавязковае членства ў прафсаюзе кандыдата і яго ўдзел у рабоце прафсаюзнай арганізацыі, выбарных органаў прафсаюзаў і мерапрыемствах, якія праводзяцца прафсаюзамі.

Як адзначаецца, памер прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2011 года будзе ўстаноўлены пры прыняцці рашэння аб іх прысуджэнні ў красавіку 2011 г.

Дакументы і матэрыялы па вылучэнні работ і твораў на саісканне прэміі ФПБ прымаюцца да 10 снежня.