На радзіме князёўны Соф’і

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Многія жанчыны Беларусі пакінулі адметны след у гісторыі. Іх імёны і справы памятаюць нашчадкі. Адны адыгралі значную ролю ў палітыцы, другія — у духоўным жыцці, культуры, навуцы, былі прыкладам мацярынскага абавязку, сямейнай вернасці. Сярод іх — князёўна Соф’я Друцкая (Гальшанская), заснавальніца магутнай вялікакняжацкай і каралеўскай дынастыі Ягелонаў.

У прывітанні Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам святкавання 1000-годдзя Друцка ў 2001 годзе адзначалася, што радзіма каралевы Соф’і была асноўным цэнтрам праваслаўнай духоўнасці. Тут была пабудавана адна з самых першых праваслаўных цэркваў і створаны унікальны помнік пісьменства — Друцкае Евангелле. Імя беларускай князёўны Соф’і, якая стала польскай каралевай, назаўсёды ўвайшло ў летапіс славянства...
“Мы не маем права забываць спадчыну тых, хто закладваў асновы высокай духоўнасці і культуры нашага народа. Мы павінны зрабіць усё для таго, каб гэтая спадчына дапамагала нам у сённяшнім жыцці”.У Гальшанах і Навагрудку адкрыты помнікі і памятныя знакі, прысвечаныя 600-годдзю каралевы. Летась Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь выпусціў памятную манету, на якой увасоблены вобраз Соф’і Гальшанскай (Друцкай).
А сёлета 21 — 23 верасня ў славутых Гальшанах павінна адбыцца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі”. Яе рыхтуюць Ашмянскі райвыканкам і Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Мяркуецца, што ўдзельнікі канферэнцыі разгледзяць досыць шырокае кола тэм з гісторыі рэгіёна ў кантэксце гісторыі нашай дзяржавы.
Навукоўцы абвесцяць вынікі новых даследаванняў шляхецкіх родаў Ашмяншчыны (Агінскіх, Сапегаў, Слізняў і інш.). Некалькі дакладаў будуць прысвечаны магнатам Дарагастайскім (з нагоды 445-годдзя з дня нараджэння Крыштафа Монвіда Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага). Гаворка пойдзе таксама пра культурную спадчыну Гальшанскай зямлі — яе архітэктурныя помнікі, мастацтва, асвету, літаратуру, пра яе славутых людзей і знакавыя падзеі. Будуць праведзены гістарычныя паралелі кіравання рэгіёнам. На прыкладзе ашмянскага досведу спецыялісты абмяркуюцьметодыку і праблемы вывучэння рэгіянальнай гісторыі.
Матэрыялы канферэнцыі будуць надрукаваны ў зборніку.

Анатоль ШНЭЙДАР,
краязнаўцаТалачын