У інтарэсах гледачоў, артыстаў і прадзюсераў

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

У мэтах далейшай лібералізацыі эканамічнай дзейнасці Кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб адмене абавязковага атрымання пасведчанняў на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у самыя кароткія тэрміны падрыхтаваць праект адпаведнага нарматыўнага прававога акта.

 

Такі крок зроблены з улікам шматлікіх просьб арганізатараў канцэртаў і артыстаў. Цяпер яны абавязаны атрымліваць пасведчанне на кожны свой канцэрт або спектакль і плаціць за яго дзяржаўную пошліну, памер якой можа даходзіць да 300 базавых велічынь.

Такі парадак параджае залішнюю папяровую валакіту і дадатковыя фінансавыя выдаткі. У выніку церпяць артысты і гледачы.

Цяпер усе гэтыя перашкоды на шляху развіцця сучаснага, цывілізаванага шоу-бізнесу ў краіне зняты. Замест дазвольнага будзе ўведзены паведамляльны прынцып арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Гэта дасць магчымасць дзяржаўным органам планаваць і рэгуляваць гастрольна-канцэртную дзейнасць, не закранаючы інтарэсы гледачоў, артыстаў і прадзюсераў.

Паводле паведамленняў Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь