Дзяржпадтрымка культуры: дадатковыя прэферэнцыі

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

З 1 студзеня 2011 года ў Беларусі ўводзіцца новы парадак прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі арганізацыям культуры — на падставе нарматываў забеспячэння культурнай дзейнасці гэтых арганізацый. Таксама прадугледжваецца асобнае субсідзіраванне стварэння прэм’ерных пастановак і фільмаў. Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 457 “Аб падтрымцы асобных арганізацый культуры і ўнясенні змянення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 1999 г. № 770”.

 

У аснову нарматыву забеспячэння культурнай дзейнасці пакладзена колькасць мерапрыемстваў, якія арганізацыя культуры павінна правесці за год, каб атрымаць бюджэтную субсідыю. Гэты нарматыў будзе ўстанаўлівацца дыферэнцыравана для розных тыпаў арганізацый культуры з улікам іх рэжыму працы, спецыфікі творчай дзейнасці, наяўнасці ўласнай сцэнічнай пляцоўкі і іншых фактараў.

 Указам таксама прадастаўлены дадатковыя прэферэнцыі арганізацыям культуры. Яны атрымліваюць права накіроўваць даходы, якія засталіся пасля пакрыцця расходаў на іх дзейнасць і ажыццяўлення абавязковых плацяжоў у бюджэт, ва ўласныя фонды накаплення і спажывання.

Сродкі фонду накаплення (не менш як 10 працэнтаў ад агульнага аб'ёму даходаў, накіраваных на фарміраванне фондаў) будуць расходавацца на будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонт будынкаў, арэндную плату, набыццё абсталявання і інструментаў, стварэнне новых спектакляў, канцэртаў, паказаў і іншых мерапрыемстваў, фонду спажывання - на матэрыяльнае стымуляванне работнікаў і іншыя расходы сацыяльнага характару.

Арганізацыі культуры вызваляюцца ад абкладання падаткам на прыбытак. За імі таксама захоўваюцца льготы па падатку на нерухомую маёмасць, зямельным падатку.

 Адмяняецца таксама рэгуляванне Міністэрствам культуры цэн на 25 працэнтаў білетаў дзяржаўных тэатральна-відовішчных арганізацый.

 Прымяненне новага парадку фінансавання арганізацый культуры створыць для іх такія ўмовы гаспадарання, пры якіх будуць дакладна вызначаны памеры і парадак выкарыстання бюджэтных субсідый. У гэтых арганізацый з'явіцца магчымасць атрымліваць звышпланавыя даходы і самастойна распараджацца імі, што стане стымулам для павышэння творчай і эканамічнай эфектыўнасці іх дзейнасці.