Адна легенда на тры вёскі

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Калі ў любой з трох гэтых вёсак спытаць жыхароў аб іх паходжанні, вам раскажуць адно і тое ж паданне. Тры браты: Хама, Карп і Абакум выбіралі сабе месца для пасялення. Старэйшы — Хама ўпадабаў мясціну за 15 кіламетраў ад вусця Сожа, каля возера — там узнікла вёска Хамінка. Сярэдні брат Карп выбраў месца бліжэй да вусця ракі — пазней там вырасла Карпаўка. У Абакума была самая паэтычная душа, ён тонка адчуваў прыгажосць роднай зямлі: веліч дуброў, празрыстасць бярозавых гаёў, неабсяжнасць духмяных лугоў. Таму і выбраў ён мясціну самую лепшую, самую прыгожую — там, дзе Сож зліваецца з Дняпром. Збудаваў моцную звонкую хаціну. Так нарадзілася вёска Абакумы.

 /i/content/pi/cult/121/461/Histaryegraf.jpg
У тым, што ў аснове падання ляжыць
рэальная падзея, звязаная з зараджэннем у гэтым краі раннефеадальных адносін, упэўнены вядомы даследчык Гомельшчыны, кандыдат гістарычных навук Алег Макушнікаў. Ён мяркуе, што факт атрымання дадзенай мясцовасці ў спадчыннае ўладанне баярамі мог даць падставу для гэтага падання. Але, магчыма, яно адлюстроўвае толькі чарговасць узнікнення вёсак: першай пабудавалася Хамінка, затым — Карпаўка, апошняй Абакумы.
Гэтыя тры вёскі размяшчаюцца ў міжрэччы Сожа і Дняпра ў Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці — у краі лясоў, балот і пяскоў. Глебы тут пераважна малаўрадлівыя. Але не такі ён ужо і бедны, гэты край. Нездарма здаўна тут густа сяліліся людзі. Колькі тут іншых выгод! Багатыя сенажаці, лясы, старычныя азёры ў поймах рэк. Здаўна вёскі славіліся сваімі рыбаловамі, паляўнічымі, цеслярамі, кашарамі і іншымі майстравітымі людзьмі.
Гарадзішча балотнага тыпу ранняга жалезнага веку выяўлена паблізу Хамінкі. Мясцовыя жыхары некалі знайшлі тут манету дзяржавы Сасанідаў перыяду праўлення Хазрола ІІ, 590 — 628 гадоў нашай эры. Курганны могільнік паблізу Карпаўкі даследавалі беларускія археолагі Е.Раманаў, Ю.Кухарэнка, І.Ляпушкін. Былі ўскрыты два курганы з пахаваннямі-трупаспаленнямі, дзе знойдзены дробныя косці і кераміка. Курганны могільнік культуры Старажытнай Русі ХІІ стагоддзя размешчаны каля Абакумаў. Ён налічвае 23 курганы. Нябожчыкаў у іх клалі галавой на захад на попельнай праслойцы. Знойдзены фрагменты керамікі, вісочныя кольцы з медзі, шкляныя пацеркі. Даследавалі гэты помнік археалагічныя экспедыцыі: у 1977 годзе— Міхаіла Лашанкова, у 1998 — 99 гг. — Алега Макушнікава.
Гэтыя тры вёскі яднае не толькі гісторыя паходжання, але і агульны лёс. З 1730 года міжрэчча Сожа і Дняпра належала магнацкаму роду Чартарыскіх і ўваходзіла ў іх Гомельскі маёнтак. Паводле пісьмовых крыніц, вёска Хамінка вядома з XVIII стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. Дакументы сведчаць, што ў маі 1752 года каля Хамінкі дзейнічаў атрад паўстанцаў-гайдамакаў у колькасці 25 чалавек і спаліў тут гуту. Вёска ў тыя часы знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай на яе памежжы з Расійскай дзяржавай. Яна пазначана на карце Якуба Кантара “Каралеўства Польскае, Вялікае княства Літоўскае”, выдадзенай у 1771 годзе, а таксама на карце Рэчы Паспалітай, выдадзенай картографам Рычы Зяноні ў 1772 годзе.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай міжрэчча Дняпра і Сожа апынулася ў складзе Расіі. З той прычыны, што Міхал Чартарыскі адмовіўся прысягнуць на вернасць імператрыцы Кацярыне ІІ, яго Гомельскі маёнтак быў секвестраваны.
Ужо ў ліпені 1775 года вёскі Хамінку, Карпаўку і Абакумы, прыпісаныя да Гомельскага маёнтка, імператрыца падарыла фельдмаршалу Пятру Румянцаву-Задунайскаму за перамогу ў руска-турэцкай вайне. У 1798 годзе ў Хамінцы пражываў 181 жыхар, дзейнічала драўляная Свята-Юр’еўская царква. Яе прыход складалі вернікі вёсак міжрэчча.Абакумы ж вядомы з канца XVIII ст. як вёска ў Дзятлавіцкай воласці Беліцкага павета Магілёўскай губерні. У складзе гэтай жа воласці з пачатку ХІХ ст. згадваецца і Карпаўка.
У 1816 г. Хамінка стала цэнтрам Хамінкаўскай эканоміі Гомельскага маёнтка канцлера Расійскай імперыі графа Міхаіла Пятровіча Румянцава, яна налічвала 41 двор і 268 жыхароў. Да гэтай эканоміі належалі таксама Карпаўка і Абакумы, у якіх налічвалася адпаведна 25 двароў, 140 жыхароў і 41 двор, 183 жыхары. У 1834 годзе Гомельскі маёнтак, а разам з ім і Хамінкаўскую эканомію выкупіў у дзяржаўнай казны князь І.Ф. Паскевіч-Эрыванскі.
Тутэйшыя сяляне, як і стагоддзі таму, займаліся промысламі: цяслярствам і пчалярствам, нарыхтоўвалі лазу для гацяў, плялі кашы, збіралі грыбы і ягады, лавілі рыбу. Мужчыны за плату ганялі плыты па Дняпры. Жанчыны пралі лён, каноплі, воўну, ткалі на кроснах.
Па перапісе 1897 г. у Хамінцы налічвалася 140 двароў і 811 жыхароў, існавалі хлебазапасная крама, вятрак, кузня, вінакурня і вінная крама.
У другой палове ХІХ ст. у Хамінцы было адкрыта народнае вучылішча, у якім у 1889 г. навучалася 49 вучняў. У 1916 г. княгіня Ірына Паскевіч, апошняя гаспадыня Гомельскага маёнтка, пабудавала за свае сродкі новы цагляны будынак для вучылішча. Ён захаваўся дасюль, зараз выкарыстоўваецца як клуб і бібліятэка.24 красавіка 1926 г. у Хамінцы нарадзіўся будучы доктар гістарычных навук, прафесар Георгій Герасіменка, даследчык гісторыі Беларусі 1920 — 30 гг. 8 снежня 1926 г. былі створаны Абакумаўскі, Карпаўскі і Хамінкаўскі сельсаветы ў складзе Дзятлавіцкага раёна Гомельскай акругі, але ўжо з 4 снежня наступнага года яны былі ўключаны ў склад Лоеўскага раёна. У снежні 1927 г. Карпаўскі сельсавет узбуйніўся за кошт далучэння да яго Абакумаўскага і Хамінкаўскага сельсаветаў.
Значна пацярпелі вёскі падчас Вялікай Айчыннай вайны: загінулі 322 жыхары, была спалена траціна хат. 18 кастрычніка 1943 г. у выніку крывапралітных баёў воіны 65-й арміі генерал-лейтэнанта П.Батава вызвалілі вёскі. Нагадвае аб тых гераічных падзеях размешчаная ў скверы ў цэнтры Хамінкі брацкая магіла 198 савецкіх воінаў.
Апошнім часам цудоўныя мясціны ў міжрэччы Сожа і Дняпра сталі ўлюбёным месцам адпачынку аматараў прыроды і рыбалоўства. Многія гамяльчане прыязджаюць сюды сем’ямі. Зараз ёсць усе магчымасці для наладжвання ў гэтых вёсках інфраструктуры агратурызму, тут ужо 128 хат выкарыстоўваюцца гараджанамі як дачы. І адлегласць ад Гомеля — 60 кіламетраў — не перашкода, бо з абласнога цэнтра сюды вядуць добрыя дарогі.У жніўні 1999 г. рашэннем Савета Міністраў РБ з мэтай захавання цудоўных лясных і лугавых краявідаў з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл у міжрэччы Сожа і Дняпра быў створаны рэспубліканскі біялагічны заказнік “Днепра-Сожскі”. Агульная плошча заказніка— 14556 гектараў, з іх 7561 гектар — землі Першамайскага лясніцтва Гомельскага лясгаса. У склад запаведніка ўвайшлі і помнікі прыроды мясцовага значэння: дуброва “Вербуж” на левым беразе Дняпра і дуброва “Свірэжа” на правым беразе Сожа ў водаахоўнай зоне.Жыхары міжрэчча спадзяваліся, што стварэнне заказніка дасць новы імпульс жыццю ў гэтай мясцовасці: з’явяцца дадатковыя рабочыя месцы, будзе ўведзены іншы рэжым земле- і лесакарыстання.Але за прамінулы час тут практычна нічога не змянілася. Безумоўна, “Беларуская Індыя”, як называюць сваю малую радзіму жыхары міжрэчча, патрабуе больш значнай падтрымкі як з боку мясцовых органаў улады, так і Гомельскага аблвыканкама і Міністэрства прыроды РБ.

Мікалай АНІСАВЕЦ,
настаўнік гісторыі Каўпенскай
базавай школы Лоеўскага раёна
Фота з кнігі М.Раманюка
“Беларускае народнае адзенне” (1981)