Якія яны, унукі Васіля і Ганны?

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Гэтымі днямі ў Хойніках сціх будаўнічарамонтны бум і завіраваў творчы дух прыемнага перадсвяточнага ажыятажу. На вуліцах і пляцах палескага гарадка рэй цяпер вядуць не будаўнікі, а рэжысёры з артыстамі: завяршаюцца апошнія рэпетыцыі рэспубліканскага свята.

 

Галоўны рэжысёр Дня беларускага пісьменства ў Хойніках Ніна Осіпава паведамляе "К", што канцэпцыя ўсіх мерапрыемстваў цесна знітавана з палескімі матывамі і творчасцю Івана Мележа. Сцэнарыем, што падрыхтаваў пісьменнік Алесь Бадак, Ніна Віктараўна вельмі задаволена: па яе словах, ён- арыгінальны і досыць нечаканы паводле сюжэтных ліній. Словам, глеба для рэжысёрскіх фантазій - самая ўрадлівая.

Пад час урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства, як распавядае Ніна Осіпава, госці пабачаць героя "Палескай хронікі" Васіля Дзятліка, які з кніжнай "рэальнасці" раптоўна трапіў у сённяшні час. Аднымі з герояў свята стануць унукі і праўнукі Васіля і Ганны. У тэатралізацыі будзе браць удзел каля сотні чалавек: апрача мастацкіх калектываў рэжысёрскую задуму рэалізуюць маладыя акцёры сталічных тэатраў. Гэта, так бы мовіць, - генеральная канцэпцыя свята.

 Але Дзень беларускага пісьменства ў Хойніках - вялізная і маляўнічая мазаіка. І ў кожнага яе "фрагмента" - свой рэжысёр. Да прыкладу, Уладзімір Клінчук адказвае за відовішчнасць выступлення мастацкіх калектываў Гомельшчыны, а таксама - за канцэрты беларускіх і ўкраінскіх салістаў ды ансамбляў.

А.С.