Віртуальны Музей Мележа

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Ужо даволі працяглы перыяд у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.Леніна праводзіцца праца па стварэнні віртуальных музеяў пісьменнікаў — ураджэнцаў гэтага рэгіёна Беларусі. На віртуальнай старонцы ўстановы культуры з’явілася асобная спасылка на сайт, прысвечаны Івану Мележу.

/i/content/pi/cult/285/4602/12-3.jpg

- Увогуле гэта - калектыўная праца работнікаў нашага аддзела, - кажа загадчык аддзела краязнаўства бібліятэкі Ніна Канавалава. - Акрамя сайта, прысвечанага Івану Мележу, ёсць у нас і web-старонкі Андрэя Макаёнка, Івана Шамякіна, Барыса Сачанкі... І такая праца ў нас не спыняецца. Цяпер падрыхтавалі сайт, што распавядае пра Івана Навуменку...

Прайшоўшыся па спасылцы http://ivan-melezh.iatp.by, можна даведацца пра асноўныя старонкі біяграфіі пісьменніка, паглядзець ягоныя фота розных гадоў жыцця, знайсці ўсе літаратуразнаўчыя тэксты па творчасці Івана Мележа, што выходзілі на Беларусі да апошняга часу. Але самы цікавы раздзел сайта - "На зямлі Івана Мележа". Гэта своеасаблівая віртуальная экскурсія, з дапамогай якой любы ахвотны зможа пабачыць тыя мясціны, дзе вырас вядомы беларускі пісьменнік, а таксама - яго Дом-музей у Глінішчах і пазнаёміцца з тамтэйшай экспазіцыяй.

 Дарэчы, як распавёў "К" вядучы бібліятэкар аддзела інфармацыйных тэхналогій Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Ігар Патапенка, сайт, прысвечаны Івану Мележу, карыстаецца попытам. Так, цягам сямі месяцаў бягучага года яго наведала больш за 10 тысяч інтэрнет-карыстальнікаў. Натуральна, у святочныя вераснёўскія дні колькасць наведвальнікаў будзе вельмі высокай.

Ю.Ч.