Традыцыйнае саломкапляценне: лакальныя традыцыі

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Саломкапляценне як від мастацтва і рамяства атрымала ў нашай краіне ў апошнія два-тры дзесяцігоддзі шырокае развіццё. Ім займаюцца ў гуртках, дамах рамёстваў, школах. Садзейнічалі гэтаму выданні навукова-метадычнага і практычнага характару, дзе паказаны розныя прыёмы пляцення, якія можна асвоіць самастойна. У мінулым традыцыйныя прыёмы рамяства перадаваліся з вуснаў у вусны, з рук у рукі ў межах сям’і, ад старэйшага пакалення — малодшаму. Гэтыя практычныя веды былі патрэбны для стварэння неабходных побытавых прадметаў: сявенек, каробак для захавання збожжа, капелюшоў і інш. Значная частка вырабаў з саломкі была звязана з абрадамі. Так з’яўляліся з саломкі пластычныя выявы людзей — лялькі, падвесныя ўпрыгожанні хаты — “павукі”, жніўныя вянкі і іншыя атрыбуты жніва. Прыёмы пляцення з саломкі — спіральнае, плоскія і аб’ёмныя вітыя пляцёнкі, ромб на крыжавіне. Асноўныя віды саламяных вырабаў вядомы па ўсім арэале рассялення земляробчых народаў. Разам з тым у беларусаў склаліся самабытныя мясцовыя традыцыі ў гэтым відзе мастацтва. Так, напрыклад, нідзе ў свеце не стваралі з саломкі манументальныя творы для царкоўных інтэр’ераў — царскія брамы, якія выраблялі сялянскія майстры ў пачатку ХІХ стагоддзя на Заходнім Палессі.

Метадычныя парады:
Сёння важна вывучыць і задакументаваць мясцовыя традыцыі саломкапляцення і скласці ўяўленне аб лакальных адметнасцях гэтага віду народнага мастацтва і рамяства. Асноўнымі інфармантамі па дадзенай тэме з’яўляюцца людзі старэйшага ўзросту, якія атрымалі навыкі пляцення ў дзяцінстве, памятаюць назвы відаў пляцёнак і абрадавых прадметаў з саломкі. Распытайце іх і прапануйце зрабіць з саломкі тыя ці іншыя вырабы або паказаць, як іх рабілі. На падставе апісанняў і выкананых у матэрыяле ўзораў ці іх частак паспрабуйце самастойна рэканструяваць традыцыйныя абрадавыя атрыбуты і іншыя вырабы з саломкі.
І. Абрадавыя атрыбуты з саломкі
Зажынкі, дажынкі
1. Пластычныя атрыбуты, якія спадарожнічалі зажынкам і дажынкам — вянок, “барада”, сноп, упрыгожаныя кветкамі, стужкамі, поясам; сноп антрапаморфнай формы ў выглядзе лялькі — “баба”, “стары”; выявы птушак ці жывёл.
2. Якую функцыю яны выконвалі ў абрадах, што азначалі, з якой мэтай іх рабілі?
3. Якім чынам рабілі — звязвалі або запляталі — на жніве “бараду”?
4. Як плялі вянок?
5. Як рабілі “бабу” — антрапаморфны сноп?
Каляндарныя абрады і святы
6. Ці рабілі чучалы з саломы на Івана Купалу, Масленку?
7. Як такія чучалы выглядалі, што сабой уяўлялі? Якім чынам іх рабілі? Якую саломку выкарыстоўвалі для гэтага? Якія матэрыялы, акрамя саломкі, былі для гэтага патрэбны?
8. Хто рабіў саламяныя чучалы (дарослыя, моладзь, падлеткі, усе разам)?
9. Што рабілі з чучалам пасля заканчэння абраду (спальвалі, разрывалі, тапілі, пускалі па вадзе)?
10. Ці пераапраналіся ў салому калядоўшчыкі, якія хадзілі гуртом па хатах на Каляды? Для ўбрання якіх персанажаў выкарыстоўвалі саломку (конь, каза, бусел, дзед)? Якія часткі касцюмаў пераапранутых рабілі з саломкі і якім чынам?
11. Ці ўпрыгожвалі елку саламянымі цацкамі на Каляды, Новы год? Якія яны былі і як іх рабілі?
12. Ці вешалі на Вялікдзень пад столлю ў чырвоным куце (покуці) саламяных птушак? Колькі іх магло быць? Называлі іх “галубамі” або інакш? Атаясамліваліся яны са Святым Духам або проста былі ўпрыгожаннем?
Вяселле
13. Ці прынята было да вясельнага каравая дадаваць саламяныя фігуркі жывёл і людзей? Іх ставілі на каравай або побач? Для чаго іх рабілі і што яны азначалі? Як рабілі такія фігуркі і якога памеру яны былі?
14. Ці прынята было ставіць саламяныя фігуркі ля ўвахода дома маладых?
15. Ці рабілі саламяную падвеску — “павука” спецыяльна на вяселле? Дзе яго размяшчалі (у покуці, над галовамі маладых)?
ІІ. Дзіцячыя цацкі і абярэгі з саломкі
16. Ці прынята было рабіць з саломкі цацкі для дзяцей? Якія яны былі (конік, лялька, птушка)?
17. Ці былі саламяныя цацкі ахоўным сродкам — абярэгам для дзяцей (напрыклад, ад сурокаў)?
18. Як выглядалі такія цацкі-абярэгі? Хто іх рабіў (маці, старэйшыя браты і сёстры ці хто яшчэ)?
ІІІ. Саламяныя падвескі — “павукі”
19. Што азначаюць дэкаратыўныя падвескі з саломкі або чароту, якія рабілі звычайна на Каляды ці на Вялікдзень?
20. Чаму іх называюць “павукі”? Запішыце мясцовыя паданні пра павука, на якога падобны саламяны “павук”.
21. Іншыя назвы саламянай падвескі — “саламон”, “ліхтар”. Што яны азначаюць?
22. У якім месцы дома прынята было вешаць “павука” (у покуці) і чаму менавіта там?23. Да якога свята ў вашай мясцовасці звычайна быў прымеркаваны выраб “павука”? Ці адрозніваліся па форме “павукі”, якіх рабілі на Каляды і на Вялікдзень?
24. Хто рабіў “павука” (дарослыя жанчыны, моладзь на вячорках, падлеткі або дзеці)?25. Ці навучалі рабіць “павукоў” у школе (у польскай школе ў 1920 — 30-я гады ў Заходняй Беларусі)?
26. Як доўга вісеў “павук” у хаце і што з ім рабілі потым?
27. Якая форма павука (рамбічная, пірамідальная, у выглядзе шара, у выглядзе зоркі)? З якіх элементаў, дэталей збіралі “павука”?
28. Як называецца асноўны модуль, з якіх збіралі павукоў рамбічных, пірамідальных і ў выглядзе зоркі — аб’ёмны ромб з 12 саломін (“скрыначка”)?
29. Ці рабілі “пяціручных павукоў”? Як называлі іх цэнтральную частку (“вялікі павук”) і падвескі па баках і ўнізе (“маленькія павучаняткі”, “ногі павука”)?
30. Чым упрыгожвалі “павука” (саламяныя ланцужкі, пацеркі, кветкі з паперы, насенне раслін, пер’е, яечныя шкарлупкі, абрэзкі тканіны)? Ці мелі аздобы якое сімвалічнае значэнне?
31. Ці было прынята падвешваць да “павука” саламяных птушак, фігуркі жывёл або людзей? Што яны азначалі?
32. Ці робяць “павукоў” у вашай мясцовасці цяпер?
33. Калі перасталі рабіць “павукоў”? Па якіх прычынах гэта адбылося?
IV. Саламяныя вырабы царкоўна-культавага прызначэння
34. Распытайце самых старых людзей у вашай мясцовасці — ці існавалі ў мінулым у царкве плеценыя з саломкі царскія вароты?
35. Ці рабілі на абразы кіёты, плеценыя з саломкі?
36. Ці аздаблялі абразы саламянымі кветкамі?
37. Ці меліся ў царкве шлюбныя вянцы для вянчання, плеценыя з саломкі?
V. Вырабы з саломкі утылітарнага прызначэння
38. Які асартымент вырабаў утылітарнага і дэкаратыўна-утылітарнага прызначэння існаваў у вашай мясцовасці і як называліся гэтыя рэчы:
капелюшы (брылі, картузы);
торбы;
кашолкі, у якіх на Вялікдзень асвячалі яйкі ў царкве;
ёмістасці для захавання збожжа, мукі, харчовых прадуктаў і меркі (сявенькі, гарнцы, каробкі, кузубы,шыяны);
збанкі для збору ягад;
абутак на зіму;
шкатулкі;
рамкі для фотаздымкаў;
пано.
VI. Промыслы саломкапляцення
39. Ці рабілі ў вашай мясцовасці вырабы з саломкі на продаж (каробкі, капелюшы, шкатулкі)?
40. Калі існавалі такія промыслы (вызначыць, у якія гады)?
41. Хто гэтым займаўся? Ці было гэта сямейным заняткам?
42. Дзе гэтыя плеценыя з саломкі вырабы прадавалі? У якой колькасці?
43. Ці былі ў вашай мясцовасці майстры, якіх добра ведалі ў наваколлі?
VI. Традыцыйная тэхналогія і прыёмы рамяства саломкапляцення
44. Якую салому выкарыстоўвалі для пляцення (жытнюю, пшанічную, ячменную)?
45. Як называлі салому, нарыхтаваную для пляцення (кулявая, акалотка)?
46. Ці фарбавалі салому для дэкаратыўных дэталей? У якія колеры? Якімі фарбавальнікамі (расліннымі, анілінавымі)?
47. Збярыце ўзоры пляцёнак, зафіксуйце, з якой колькасці саломін спляталася кожная з іх. Якую назву носіць кожная пляцёнка (зубатка, елачка, коска і інш.)?
48. Як па-мясцоваму называюцца пляцёнкі, з якіх робяць саламяныя шкатулкі, — ромб і вітая пляцёнка ў выглядзе круглага шнура?
VII. Сучасны стан рамяства саломкапляцення
49. Ці ёсць у вашай мясцовасці такі майстар, якога можна лічыць заснавальнікам мясцовай школы саломкапляцення?
50. Хто з майстроў займаецца саломкапляценнем? Ці валодае ён рамяством спадчынна? Адкуль навучыўся рамяству (па кнігах, індывідуальна ад іншага майстра, у гуртку ці доме рамёстваў)?
51. Якія прадметы, творы мастацтвавырабляюць майстры сёння? Зафіксуйце іх
асартымент.
 

Вольга Лабачэўская