Тэхналогіі лексікону

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Сёлета з’явілася добрая нагода згадаць, што пісьменства і правапіс — словы аднакарэнныя. Акурат напярэдадні Свята нацыянальнага слова, 1 верасня набыў сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які хтосьці неабачліва называе “зменай правапісу” або нават “моўнай рэформай”.

/i/content/pi/cult/285/4599/12-1.jpg

 - Перш-наперш мушу адзначыць: ніякіх кардынальных змен беларускага правапісу закон не прадугледжвае, - кажа дырэктар Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ.- Традыцыі пісьмовай беларускай мовы захоўваюцца - яны не парушаюцца, а толькі ўдакладняюцца. Змены скіраваны перш за ўсё на тое, каб спыніць арфаграфічны разнабой, што цяпер сустракаецца на старонках беларускамоўных выданняў. А таксама- надаць статус нормы тым варыянтам, якія ўжо даволі трывала замацаваліся ў пісьмовай практыцы.

Прывяду банальны прыклад. Кожны школьнік ведае, што ў беларускай мове "у" скарачаецца пасля галоснага. Але Звод правілаў 1959 года, якім мы карысталіся да 1 верасня бягучага года, прадугледжваў выключэнні для запазычанай лексікі, у тым ліку і слова "універсітэт". Тады для носьбітаў мовы яно было куды менш звыклым, чым, скажам, слова "ўзгорак", і гэта апраўдвала яго асобнае напісанне. Але ж сёння яно настолькі трывала ўвайшло ў паўсядзённы лексікон, што рабіць для яго выключэнне няма ніякага сэнсу. Тым больш, новы варыянт напісання адпавядае сучаснай пісьмовай практыцы. Таму па новых правілах замацоўваецца нарматыўнае напісанне "ва ўніверсітэце". Тое ж тычыцца і цэлага шэрагу слоў іншамоўнага паходжання.

 - Значная частка цяперашніх змен тычыцца менавіта запазычанай лексікі...

- Сапраўды, удакладненне правапісу скіравана на ўніфікацыю (дарэчы, правапіс гэтага слова таксама змяняецца) і нарматыўнае ўрэгуляванне напісання шматлікіх моўных запазычанняў. Да таго ж, многія з гэтых лексічных адзінак проста не зафіксаваны арфаграфічнымі слоўнікамі папярэдняга пакалення. Пашукайце там, прыкладам, слова "менеджмент". Ці знойдзеце? І, мабыць, менавіта таму на старонках друку да сёння можна было сустрэць ажно чатыры варыянты яго напісання. Цяпер будзе толькі адзін.

- А ці не будуць скардзіцца школьнікі на тое, што праз змены ў правапісе іх жыццё ўскладніцца?

- Прывяду яшчэ адзін прыклад. Паводле новых арфаграфічных норм, мы будзем пісаць "адажыа", "трыа" і г.д. Раней школьнікі мусілі запамінаць гэтыя словы як выключэнні: "адажыо", "трыо"... Цяпер вучням будзе дастаткова толькі ведаць агульнае правіла правапісу "о", якое ў аднакаранёвых (не складаных) словах пішацца толькі пад націскам. Выключэнняў таму ўвогуле паменее. Змены правапісу скіраваны на больш паслядоўнае адлюстраванне асаблівасцей беларускага маўлення - у тым ліку і ў запазычаных словах.

 Да таго ж, часу на засваенне інавацый школьнікі будуць мець дастаткова. Для іх Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжаны своеасаблівы "пераходны перыяд" працягласцю ў тры гады. Пры ацэнцы ведаў памылкі, зробленыя ў словах, правапіс якіх спазнаў змены, не будуць улічвацца. Адпаведна, на вынікі экзаменаў і чыесьці лёсы гэтыя змены ніякім чынам не паўплываюць.

 - Але ж рэдактараў, карэктараў і ўвогуле тых, хто карыстаецца мовай прафесійна, гэтая своеасаблівая "адтэрміноўка" не тычыцца...

 - Безумоўна, ім давядзецца прыкласці пэўныя намаганні для засваення новых норм. Але... Думаю, высілкі акупяцца. Тым болей, словы, напісанне якіх спазнала змены, сустракаюцца ў пісьмовай практыцы не так і часта. Да таго ж, за тыя два гады, якія прайшлі з моманту прыняцця Закона да ўвядзення яго ў дзеянне, была зроблена немалая падрыхтоўчая работа. Таму карэктары забяспечаны новымі арфаграфічнымі слоўнікамі, што ўлічваюць інавацыі.

 - Сёлетні Дзень пісьменства адбываецца ў Хойніках - пасярод Палесся, вядомага, у тым ліку, і сваімі сакавітымі гаворкамі. Ці праяўляе да іх цікавасць акадэмічнае мовазнаўства?

 - Беларускія народныя гаворкі сёння вывучаны вельмі дэталёва, прычым гэта тычыцца не толькі Палесся, але і ўсёй тэрыторыі краіны. Варта толькі нагадаць, што за "Дыялектны атлас беларускіх гаворак" спецыялісты нашага інстытута ў 1970 годзе атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР - факт папраўдзе беспрэцэдэнтны! А ў 2000 годзе нашы дыялектолагі былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. І сёння гэтыя даследаванні актыўна працягваюцца.

- Рэгіянальныя моўныя скарбы актыўна ўзбагачалі літаратурную мову дзякуючы творчасці пісьменнікаў,- згадайма хаця б Івана Мележа. Ці працягваецца гэты працэс і цяпер?

 - Як вядома, беларуская літаратурная мова ўвогуле мае народна-гутарковую аснову. Таму рэгіянальная лексіка заўсёды адыгрывала вялікую ролю ва ўзбагачэнні слоўнікавага складу беларускай мовы, і працягвае гэта рабіць сёння. Вядома, мова мастацкай літаратуры - вельмі спецыфічная разнавіднасць пісьмовай мовы, і яна не заўсёды адпавядае агульналітаратурным стандартам. Аднак некаторыя дыялектызмы, ужытыя пісьменнікамі дзеля рэалізацыі сваіх творчых задум, з цягам часу пашыраюцца ва ўжыванні і замацоўваюцца слоўнікамі літаратурнай мовы.

 - Адпаведна, мова - гэта не штосьці канстантнае і непарушнае, а зменлівая субстанцыя...

- Абсалютна правільна! І гэтыя змены адбываюцца пастаянна. Слоўнікавы склад заўсёды папаўняецца, і, вядома ж, апошняе звязана не толькі з пранікненнем дыялектызмаў. З'яўленне новых паняццяў, пашырэнне сфер чалавечай дзейнасці, развіццё новых тэхналогіх - усё гэта пашырае абсягі літаратурнай мовы, абумоўлівае з'яўленне новых лексічных адзінак для называння актуальных з'яў рэчаіснасці. Удумайцеся, як шмат новых слоў з'явілася ў нашай мове за апошнія гады! І задача правапісу - адэкватна адлюстроўваць і нарматыўна замацоўваць гэтыя лексічныя інавацыі.

Фота Юрыя ІВАНОВА