Вежа і экзоты

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Пра вёску Барысаўшчына, якая вядомая ў Беларусі знаходкамі найстаражытнай металічнай прылады (меднае долата сярэдзіны III тыс. да н. э.) і шматлікіх каменных баявых сякер, энцыклапедыя “Гарады і вёскі Беларусі” паведамляе, нібыта ўпершыню яна была згадана ў пісьмовых крыніцах пад 1567 годам. Але тут мы маем справу з відавочнай блытанінай, бо практычна тыя ж самыя звесткі аўтары прыводзяць і ў дачыненні да вёскі Барыскавічы на Мазыршчыне. Але, у адрозненне ад апошняй, наша Барысаўшчына не пазначана на карце аднаго з найбольш дасведчаных у Беларусі знаўцаў крыніц XVI ст. — М.Ф. Спірыдонава.

/i/content/pi/cult/285/4598/pic_36.jpgНам пакуль удалося знайсці інфармацыю пра вёску ад 1702 г. у скарзе былога аканома хойніцкага маёнтка, капітана Фрыдэрыка Левенфатэра, на тагачаснага яго адміністратара пана Зыгмунта Шукшту, дасланай у Оўруцкі гродскі суд. Тады вёска належала пану Вольскаму. Пазней ёй валодаў або трымаў у арэндзе ўладальнік Хойнікаў князь Ігнацый Шуйскі. У 1752 г. зямлю ў Барысаўшчыне займеў ротмістр Мазырскага павета Францішак Збароўскі, (відавочна, родзіч жонкі згаданага князя Людвікі з дому Збароўскіх), ад якога яна перайшла ў спадчыну сыну Алаізію. У 1782 г. маёнткі Новы Двор і Барысаўшчыну кашталян навагрудскі Багуслаў Леапольд Аскерка завяшчаў свайму сыну Фларэнцыю Юзэфу, суддзі земскаму мазырскаму. У 1802 г. Барысаўшчыну трымаў у заставе ад Аскеркі шляхціч Немчыновіч. Пасля гэтага маёнтак набыла сям'я Ястжэмбскіх і валодала ім ажно да канца 1917 г.

Згодна з гербоўнікам графа Севярына Урускага, шляхцічы Ястжэмбскія (Ястшэмбскія) герба "Зарэмба" паходзілі з Польшчы. Яны і заклалі ў другой палове XIX ст. сядзібу - панскі дом ды іншыя жылыя пабудовы, парк і сад, ад якіх захаваліся да сённяшняга дня хіба што рэшткі.

На малюнку І.Урублеўскага 1891 г. мы бачым ад пад'езда аднапавярховы, адзінаццацівосевы будынак, узведзены на высокім падмурку ў плане прамавугольніка і пакрыты гонтавым чатырохсхілавым дахам. Галоўны ўваход акцэнтаваў ганак, увянчаны трохвугольным шчытом на шасці тонкіх калонах. Бакі ганка былі зашклёныя.

Гісторык Кулагін паспрабаваў апісаць сядзібу, абапіраючыся на выгляд будынкаў, што захаваліся. Паводле яго, у аснову кампазіцыі ансамбля пакладзена рэгулярная планіроўка, якой падпарадкаваны ўсе элементы: сядзібны дом (не збярогся), жылыя і гаспадарчыя будынкі, парк. Усе пабудовы - з цэглы, неатынкаваныя. Дамінуе будынак бровара, вырашаны ў выглядзе квадратнага ў плане аб'ёму з круглымі ў сячэнні вежачкамі па вуглах. Архітэктурны дэкор тут - у стылі неаготыкі. Аднапавярховыя, прамавугольныя ў плане жылыя будынкі дэкарыраваны стылізаванымі порцікамі і фрызам геаметрычнага малюнка. Паводле даследчыка В.Анціпава, закладзены ён быў у XIX ст., і разам з сядзібай займае плошчу ў 8 га. Размешчаны на дзвюх прыбярэжных тэрасах правага берага ракі Гаранкі - прытока Віці. Агульнае пейзажнае вырашэнне кампазіцыі дысгармануе з сістэмай шырокіх просталінейных каналаў у ніжняй частцы парку.

На верхняй тэрасе знаходзіўся панскі дом са службовымі /i/content/pi/cult/285/4598/pic_37.jpgі гаспадарчымі пабудовамі. Гэта быў мураваны, з дзвюма сіметрычнымі верандамі, аднапавярховы будынак, тарцом звернуты да ніжняй тэрасы. Адна з веранд месцілася на грэбні адхону.

 З гаспадарчых пабудоў цікавасць уяўляе воданапорная вежа (гэта той самы будынак, які А.Кулагін чамусьці назваў броварам) з агляднай пляцоўкай наверсе, выкананая ў неагатычным стылі, пабудаваная на мяжы парку. З яе добра праглядалася ўся тэрыторыя маёнтка, у якую ўваходзіў таксама пладовы сад, абнесены глухой мураванай сцяной. Асноўныя перспектывы адкрываліся ўздоўж каналаў, і многія з іх да сённяшняга дня не страцілі сваёй прывабнасці. Ад дома па аднамаршавай лесвіцы можна было спусціцца да дзесяціметровага канала і на лодцы праехаць да Гаранкі, дзе на выспачцы, перад каналам, знаходзіўся каменны павільён (захаваўся фундамент).

Парк на ніжняй тэрасе складаецца ў асноўным з мясцовых парод дрэў, сярод якіх высаджаны лістоўніцы і піхты. На верхняй растуць шматлікія экзоты, у большасці сваёй прывезеныя з пітомнікаў Рыгі, Кіева, Варшавы, а часткова - вырашчаныя на месцы. Аб разнастайнасці калекцыі дрэў і кустоў сведчыць тое, што ў парку калісьці было зарэгістравана да 300 іх відаў і форм, у тым ліку акцінідзія палігамная, міндаль нізкі, бярозы даурскія- чорная і папяровая, - самшыт, чашацвет кветаносны, клемаціс, глог, бружмель і многія іншыя. У 1929 г. у парку налічвалася больш за 100 відаў і форм ва ўзросце 30 - 50 гадоў. Усё гэта моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да прыкладу, на месцы унікальнага для Беларусі цюльпанавага дрэва нямецкія войскі пабудавалі дот...

Але частка экзотаў усё ж захавалася да нашага часу...

Матэрыялы падрыхтаваў Сяргей БЕЛЬСКІ, настаўнік гісторыі Хойніцкай сярэдняй школы № 3

На здымках: сучасны выгляд сядзібы ў Барысаўшчыне.

Фота Юрыя ІВАНОВА