Абозны Вялікага Княства

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Прозараўскія мясціны і “Chojniki”

/i/content/pi/cult/285/4597/pic_33.jpgНа сённяшні дзень аб тых мясцінах засталіся хіба што ўспаміны старажылаў ды кароценькія нататкі ў літаратуры. Таму не выпадае назваць іх інакш як "страчанай спадчынай".

Сядзібны дом "на Замку" (у адрозненне ад таго, які ў парку) быў закладзены Каралем Прозарам у часы Чатырохгадовага сейма (1788 - 1792 гг.), а знаходзіўся, паводле слоў мясцовых жыхароў, колішніх і цяперашніх, на сучаснай вуліцы Жыляка ў раёне былых фабрыкі мастацкіх вырабаў, двара дзіцячага садка і дамоў №№ 24 і 26. Напэўна, гэта не тое месца, на якім размяшчалася старадаўняе ўмацаванне, з-за чаго ўся мясціна і атрымала назву "Замак", бо на апошнім, як высветліў у 1982 годзе гісторык Міхась Ткачоў, жыццё ў XVIII ст. замерла. Захаваліся, бадай, толькі адзіны фотаздымак сядзібы, зроблены напярэдадні Першай сусветнай вайны і апублікаваны ў кнізе Рамана Афтаназы аб рэзідэнцыях на ўскраінах Рэчы Паспалітай, ды малюнак 1891 г. Ігнацыя Урублеўскага, змешчаны ў артыкуле "Chojniki" Чэслава Пяткевіча.

Прозараўская рэзідэнцыя ў плане архітэктурным не была чымсьці незвычайным. Каштоўнасць старой сядзібе надае тое, што з ёй пэўным чынам звязаны важныя гістарычныя падзеі, у ёй жыў вялікі чалавек, якога Тадэвуш Касцюшка называў рэдкім грамадзянінам, а імператрыца Кацярына II прылічыла да "злостнейших бунтовщиков".

Сапраўды, Караль Прозар - не проста пан-прыгоннік, якіх шмат было і да, і пасля яго. Для нас, людзей XXI стагоддзя, ён - чалавек, што ўсяго сябе прысвяціў служэнню Айчыне. Наколькі шанавалі Караля Прозара яго сучаснікі, сведчыць тое, што арганізатары вызваленчага паўстання 1794-га нават прапаноўвалі яму стаць на чале ўсяго руху. Ён адмовіўся, спаслаўшыся на недасведчанасць у вайсковай справе, што магло толькі дарэмна загубіць людзей. Але пагадзіўся паехаць у Дрэздэн і пераканаць Тадэвуша Касцюшку прыняць гонар быць кіраўніком паўстання, ад чаго той дагэтуль таксама адмаўляўся. Пазней Касцюшка прызначыў Прозара намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і сваім паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх паўстанцкіх дывізіях ВКЛ...

 

/i/content/pi/cult/285/4597/pic_35.jpg

Зважаючы на такі актыўны ўдзел К.Прозара ў грамадскіх справах, можна меркаваць, што і архіў, які захоўваўся ў "палацы", быў вельмі каштоўным для вывучэння гісторыі нашага краю.

З нарыса "Брагінская воласць" вядомага гісторыка, ураджэнца Рэчыцы, М.Доўнар-Запольскага вынікае, нібыта на момант яго напісання архіў уладальнікаў Хойнікаў усё яшчэ захоўваўся ў старым сядзібным доме "на Замку". Але Марыян Дубецкі, які сваю кнігу падрыхтаваў, абапіраючыся на дакументы згаданага архіва, паведаміў наступнае.

Частка гістарычных збораў, упарадкаваных абозным Каралем Прозарам, каля 1840 г. была пазычана Міхалу Грабоўскаму для вырабу копій і ўжо ніколі да Хойнікаў не вярталася...У метрычных кнігах запісана, што 20 кастрычніка (1 лістапада) 1841 года ў мястэчку Хойнікі, хутчэй, ад старасці, чым ад якой хваробы, ва ўзросце васьмідзесяці аднаго года памёр яснавяльможны Караль Прозар - вялікі абозны Вялікага Княства Літоўскага, кавалер ордэнаў Рэчы Паспалітай. 24 кастрычніка ксёндз Францішак Позняк, пробашч астраглядаўскі, дэкан Мазырскі і Рэчыцкі, пры асістэнцыі шматлікага духавенства і ў прысутнасці мноства людзей, урачыста пахаваў нябожчыка ў фамільным склепе...

У 1887 годзе Хойніцкі маёнтак набылі расійскія купцы М.П. Аўраамаў і Г.С. Курындзін...

Сяргей БЕЛЬСКІ

На здымках: герб роду Прозараў; сядзібны дом, збудаваны ў часы Чатырохгадовага сейма (1788 - 1792 гг.) на малюнку Ігнацыя Урублеўскага 1891 г.; партрэт Караля Прозара.