І чаму ж нам не спяваць

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Адметнасцю ІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, што ладзіўся ў межах Рэспубліканскай грамадскай акцыі “За незалежную Беларусь!”, стала яго прысвячэнне 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Светлыя імёны народных паэтаў Беларусі асвятлялі не толькі песенную прастору — яны ахоплівалі ўсё суквецце фестывальных муз, натуральна спалучаючы маладзечанскае свята з шэрагам шматлікіх іншых фестываляў, якія ладзіць наш Нацыянальны канцэртны аркестр у малых гарадах рэспублікі.

Народныя паэты як галоўныя героі
чым не фестывальная канцэпцыя?
Ганаровых гасцей сустракалі на мяжы Маладзечанскага раёна, вялі ў Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Вязынка”. Паэты падчас свята не толькі чыталі свае вершы, але і шчодра цытавалі вялікіх Песняроў. Галасы Купалы і Коласа гучалі і над плошчай, бо ў канцэрт адкрыцця былі ўключаны архіўныя літаратурныя запісы. У абласным краязнаўчым музеі, як і раней на “Музах Нясвіжа — 2007”, адкрылася выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (гэтыя музеі на працягу года ладзяць самыя разнастайныя выстаўкі памяці паэтаў; на дадзенай закцэнтаванымі былі вобразы паэтаў у жывапісе). Абласны драматычны тэатр уключыў у фестывальную праграму свой спектакль паводле купалаўскіх “Прымакоў”, што быў пастаўлены акурат да юбілею пяцігадовай даўніны і, адпаведна, паказаны ў маі ў Нясвіжы. Госці наведалі помнік Янку Купалу, адкрыты ў Радашковічах.
 /i/content/pi/cult/121/459/Maladzechna5.jpg
Паэт Леанід Дранько-Майсюк.
У вёсцы Яхімоўшчына, дзе нейкі час
жыў і працаваў Я.Купала, напярэдадні фестывалю быў усталяваны мемарыяльны знак — вялізны валун з радкамі паэта. У яго ўрачыстым адкрыцці ўдзельнічалі міністр культуры краіны Уладзімір Матвейчук і запрошаныя на маладзечанскае свята паэты.
“Сэрцам” фестывалю, паводле традыцыі, стала Цэнтральная плошча. Яе наваколле, уключаючы парк, сквер і вуліцы, было ператворана ў вялізны выставачна-кірмашовы павільён пад адкрытым небам ды яшчэ з дадатковымі сцэнічнымі пляцоўкамі, у тым ліку ў Палацы культуры. На плошчы ж прагучалі дзве канцэртныя праграмы, прысвечаныя творчасці паэтаў. Іх спалучэнне ў адным канцэрце non stop утварыла асаблівую паэмную драматургію з дакладным падзелам на структурныя адзінкі.
У аснову купалаўскага блока быў пакладзены песенны цыкл Ігара Паліводы “Беларушчына”, але з украпваннямі твораў іншых кампазітараў. Вялікае ўражанне пакінула прэм’ера песні Эдуарда Зарыцкага “Князь” — сапраўдны эстрадны хіт, што, нават пры невялічкай “раскрутцы”, зойме годнае месца сярод самых папулярных песень на купалаўскія вершы.
У коласаўскім цыкле акцэнт прыпадаў, вядома, на новыя песні Эдуарда Зарыцкага, што прэзентаваліся і ў Мінску, і ў Стоўбцах, і на фестывалі ў Мірскім замку. Цікава было параўнаць, як узрасло майстэрства спевакоў — таго ж Руслана Мусвідаса, як за гэты час змянялася выкананне песень, з кожным разам набываючы ўсё большую дасканаласць. Дзякуючы непадробнаму артыстызму Наталлі Тамелы (дарэчы, у купалаўскім блоку вельмі ўразіла яе майстэрства імгненнага пераўвасаблення — ад шчымлівай паліводаўскай песні “Каб была я перапёлкаю” да “Жаўнера”), мы ўявілі, як “Добра ў лузе”.
Разам з Сашам Нэма па-заліхвацку пракаціліся на тройцы, гукаючы “Гэй вы, коні”. З замілаваннем слухаючы Галіну Грамовіч, у рытме вальса пазіралі на “Светлыя хмаркі”, не думаючы аб тым, што заўтра яны могуць стаць цёмнымі ды змрочнымі. Іншымі словамі, салісты аркестра папраўдзе станавіліся не проста выканаўцамі, а і дзейнымі асобамі.
А вось народныя песні паводзілі сябе як
характарныя персанажы
чым не фестывальная інтрыга?
Фальклорны накірунак без усялякага колькаснага перабольшвання стаўся дадатковай чырвонай ніткай, лейтматывам фестывалю. Фрагменты беларускіх народных песень, выкананыя этнаграфічнымі калектывамі вёсак Міншчыны ў манеры, блізкай да аўтэнтычнай, адыгралі ролю уверцюры да купалаўскай праграмы. Яшчэ адзін
 /i/content/pi/cult/121/459/Maladzechna2.jpg
 Падчас канцэрта.
народнапесенны прыклад, але ў
неафальклорным гучанні, узнік у сярэдзіне гэтага канцэрта: валачобную песню “Ідзём-пайдзём уздоўж вуліцы”, добра вядомую яшчэ па выданнях знакамітай “Анталогіі” Рыгора Шырмы і пазнейшай апрацоўцы “Песняроў”, на гэты раз заўзята выканаў Саша Нэма.
Нарэшце, пераходам ад купалаўскай да коласаўскай праграм сталася надзвычай удалая, кампазіцыйна лагічная джазавая Інтэрлюдыя Сяргея Анцішына з выбітнымі сола на саксафоне (Андрэй Кляшчоў) і гітары (сам аўтар) — таксама з адценнем “фольк”, бо створана яна паводле суперзнакамітай беларускай народнай песні “Чаму ж мне не пець”. Гэтая ж Інтэрлюдыя ўпрыгожвала гала-канцэрт закрыцця фестывалю, дазволіўшы музыкантам знайсці ў ёй новыя адценні.
Яшчэ адзін варыянт апрацоўкі “Чаму ж мне не пець” — між іншым, у выглядзе “жорсткага танга” — прысутнічаў у спектаклі “На другі дзень Сёмухі”. Дарэчы, гэты спектакль, сціпла пазначаны як “сцэнічны жарт у 3-х дзеях”, дакладней было б назваць музычна-парадыйнай фантазіяй. На драматургічнай аснове літаральна некалькіх старонак “Прымакоў” Янкі Купалы рэжысёр Юрый Вута (ён жа — купалаўскі “сааўтар”) нафантазіраваў суцэльную народную камедыю — з яркімі партрэтамі-маскамі, з прыёмам тэатра ў тэатры (увядзенне ў спектакль суфлёраў, адзін з якіх увесь час дае хітраватыя каментарыі да дзеяння), з характэрнымі песенна-танцавальнымі ўстаўкамі (уся “другая дзея”, уласна кажучы, уяўляе сабой пластычную ілюстрацыю-тэатралізацыю песні). Узнікае шмат паралеляў і са школьнымтэатрам, і з батлейкай — тым больш, што музычную аснову спектакля складае фальклор у розных яго праявах (кампазітар — Рыгор Уласюк, з выкарыстаннем музыкі іншых аўтараў), а сцэнаграфія набліжана да ўмоўна-лялечнай (мастак — Сяргей Антонаў).
Праўда, першая дзея крыху страціла натуральнасць гуллівай атмасферы, бо ігралася залішне старанна — маўляў, гэта вам не жартачкі: у зале прысутнічаў міністр культуры Беларусі Уладзімір Матвейчук. Фіналам спектакля сталі не толькі кветкі ад Міністэрства культуры, але і шчырыя віншаванні ад высокага госця: “Скрываць не буду, уражанні вельмі добрыя: талентам і творчасцю ваш тэатр не абдзелены”.
Іншымі словамі, на гэтым фэсце, нарэшце, мясцовыя калектывы змяшалі
фон і падзеі
чым не парушэнне традыцый?
Зусім не фонам, а заўважнымі падзеямі сталіся і згаданы спектакль, і бліскучае выступленне ў канцэрце “О, Беларусь, мая шыпшына!” сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага, і, дарэчы, уручэнне Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў 27-гадовай Алесі Кульшы — удзельніцы цыганскага шоу “Алюр” і кіраўніцы вакальнай студыі “Бонус” Маладзечанскага палаца культуры. А вось фестывальным “фонам” стаўся, хутчэй, “Джаз у начы”: гукі ансамбля “Рэнесанс” (і асабліва сольнай трубы Мікалая Федарэнкі) плылі над начным Маладзечна, што ледзь не да відна прытрымлівалася распаўсюджанага лозунга “Гуляць дык гуляць”.
Не давялося “пагуляць” хіба ўдзельнікам згаданага студэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі.
Але ж карпелі яны не дарма. Калектыў прадставіў удалы зрэз беларускай музыкі ХІХ — ХХ стст., не забыўшыся на твор Алены Атрашкевіч, якая шмат рабіла і робіць для росквіту музычнага мастацтва ў Маладзечне. Тонка, узрушана, збалансавана, з дакладнай адбудаванасцю драматургіі прагучала партытура С.Манюшкі. У “Танцы” Валерыя Іванова быў вылучаны глебаўска-хачатуранаўскі запал. У “Канцэртным вальсе” Уладзіміра Солтана, мелодыя якога ўсім вядома па музыцы гэтага кампазітара да тэлесерыяла “Пракляты ўтульны дом”, была падкрэслена танцавальная стыхія.
У выступленнях камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра гучалі пералажэнні твораў Напалеона Орды, 200-гадовы юбілей якога сёлета адзначаўся (дадамо, што ў кастрычнікуаркестр зладзіць новы фестываль імя Н.Орды на Брэстчыне), і размаітай музыкі ХХ ст. Было цікава параўнаць два “Танцы”: гэткі “нетанцавальны” — у Льва Абеліёвіча, з іранічнымі намёкамі на беларускую народную песню “Антон маладзенькі” (зноў фальклорныя матывы!) — у Дзмітрыя Смольскага. Увогуле, творы гэтага кампазітара займалі ў канцэрце асаблівае месца: музыканты добра падрыхтаваліся да 70-годдзя майстра, якое прыпадае на ліпень.
А вось Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Казінца не змог як след паказаць сваю праграму, прымеркаваную да 100-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Жыновіча — музыканта, кампазітара, выбітнога дзеяча культуры, арганізатара і першага кіраўніка гэтага калектыву, які цяпер носіць яго імя. На жаль, праліўны лівень “перапісаў” падрыхтаваны сцэнарый.
Надвор’е як
сааўтар — чым не дадатковы піар
Але ж музыкантам, паверце, было не да жартачкаў. Канцэрт, мяркуючы па яго пачатку, абяцаў стацца адной з “разыначак”: нягледзячы на дождж, публіка жыва адгукалася і на дуду Аляксандра Крамко, і на срэбныя россыпы цымбалаў, навальнічны рокат баянаў. Але ж ледзь толькі Алена Васілеўская праспявала “ракавыя” словы песні “Люблю” В.Іванова “Я цябе ў нябёсаў вымалю”, як нябёсы адгукнуліся: струмені вады пачалі заліваць цымбалы, якія дзяўчаты намагаліся адцягнуць у глыб сцэны, а следам адключыліся ўсе мікрафоны. На тым выступленне давялося спыніць.
З-за надвор’я значна скараціўся і гала-канцэрт закрыцця фестывалю.
 /i/content/pi/cult/121/459/Maladzechna4.jpg
 Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук уручае прыз імя У.Мулявіна Уладзіміру Ткачэнку.

Добра яшчэ, што ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу прыпадала на ўрачысты пачатак: гледачы паспелі пабачыць і саміх канкурсантаў, з якіх спявала адно ўладальніца Гран-пры, і ўручэнне спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна аднаму з паплечнікаў і паслядоўнікаў Песняра — вядомаму музыканту, кампазітару і найталенавітаму аранжыроўшчыку Уладзіміру Ткачэнку.
Паспела публіка пачуць і ранейшых лаўрэатаў конкурсу, якія працуюць у Нацыянальным канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга (асабліва ўразіла кантылена Дзмітрыя Качароўскага, “Лодка белая” якога была аздоблена павольнымі карагодамі дзяўчат з Дзяржаўнага ансамбля танца).
 /i/content/pi/cult/121/459/Maladzechna3.jpg
 Салісты Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі.
З запрошаных гасцей паспелі выступіць
хіба “Песняры”. Але публіка разыходзілася не адразу. Скажаце, дарма спадзявалася на “працяг будзе”?
Працяг і сапраўды будзе — акурат праз два гады. Мастацкі кіраўнік фестывалю М.Фінберг ужо сёння прыкідвае, якім павінна стаць юбілейнае, Х свята ў Маладзечне: з удзелам замежных гасцей, якія таксама будуць спяваць беларускія песні. А якія вашы прапановы?..