“Краіна маёй будучыні”

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Дзень ведаў запомніўся сёлета не толькі школьнікам і студэнтам навучальных устаноў Беларусі, але і беларускіх школ у замежжы. Яшчэ напрыканцы жніўня па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сталіцу Латвіі прыбыла аўтакалона, якая даставіла абсталяванне, тэхніку, вучэбна-метадычную літаратуру для Рыжскай беларускай школы. А непасрэдна 1 верасня Беларускай школе імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе дыпмісіяй нашай краіны на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндыі Уладзімірам Дражыным былі перададзены абсталяванне і кнігі. Таксама кожны вучань школы атрымаў асабісты падарунак ад Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

/i/content/pi/cult/285/4581/6-1.jpg

1 верасня першы ўрок навучальнага года ва ўсіх школах, гімназіях, ліцэях краіны, як звычайна, прайшоў у вольнай форме. Аднак патрыятычная тэматыка занятку, па традыцыі, засталася агульнай для ўсіх устаноў і вучняў усіх узростаў: "Беларусь - краіна маёй будучыні".

Мусіць, многія пагодзяцца, што найлепшы штуршок для самавызначэння, фарміравання грамадскай пазіцыі вучня, яго погляду ў будучыню, - наглядны прыклад. Менавіта таму шматлікія школы сёння практыкуюць так званыя гасцявыя ўрокі.

У Дзень ведаў давялося зазірнуць у сталічную гімназію № 29. На першы ўрок да вучняў сярэдніх класаў завітала нямала цікавых асоб: кіраўнікі прадпрыемстваў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, прадстаўнікі самых розных прафесій...

А з вучнямі 9-х - 10-х класаў сустрэлася заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева. Яна і выступіла ў ролі настаўніцы на першым - тэматычным - уроку навучальнага года ў актавай зале гімназіі. Вядома ж, спявачка адразу стала цэнтрам увагі школьнікаў, што зладзілі ёй, не раўнуючы, сапраўднае інтэрв'ю, у час якога распытвалі пра тонкасці эстраднай прафесіі. А напрыканцы сустрэчы Ірына Дарафеева пажадала школьнікам поспехаў у вучобе, а таксама няспыннага развіцця і ўдасканалення іхніх талентаў...

"Такая форма правядзення заняткаў дзецям вельмі цікавая, - распавёў дырэктар гімназіі Віктар Пшыкаў,- таму што дазваляе пазнаёміцца з людзьмі, чыімі дасягненнямі сапраўды можна ганарыцца. Тым больш прыемна, што многія з такіх гасцей - бацькі нашых вучняў".

Увогуле, 1 верасня амаль паўтары тысячы сталічных вучняў 4-х - 11-х класаў правялі свае першыя ўрокі ў 35-ці сацыяльна-культурных аб'ектах Мінска. Прымалі школьнікаў нават у будынку "Мінск-Арэны"!

А для супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі краіны запрашаць да сябе школьнікаў на першы ўрок ужо стала добрай традыцыяй. Упершыню ў храме ведаў такі праект ажыццявілі ў 2008-м. З таго часу школьнікі сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны - пастаянныя госці бібліятэкі 1 верасня. Сёлета пашанцавала вучням 4 класа: ім Дзень ведаў-2010 запомніцца не толькі цікавым урокам з удзелам адміністрацыі школы і прадстаўнікоў галоўнай кніжнай скарбніцы краіны. Арганізатары ўрока падрыхтавалі для маленькіх наведвальнікаў цікавую праграму: тут яны даведаліся пра сістэму працы бібліятэкі, завіталі на кніжную выстаўку "Славутыя імёны Бацькаўшчыны" дзе прадстаўлена цэлая галерэя выяў гістарычных асоб беларускай зямлі: Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Сафіі Слуцкай і многіх іншых. Але асабліва цікавым для школьнікаў аказалася знаёмства са старажытнай кнігай. У бібліятэчным музеі ім давялося ўбачыць арыгінальныя кніжныя помнікі Скарыны і Фёдарава, мініяцюрныя выданні розных гадоў, і рэдкія кнігі.

Канешне ж, асабліва важнае першае знаёмства са школай для першакласнікаў. Таму, па традыцыі, усе, хто 1 верасня ўпершыню пераступіў школьны парог, атрымалі спецыяльныя падарункі: каляровыя кнігі "Беларусь - наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першакласніку". Думаецца, менавіта так - з яркімі ўражаннямі- і павінен пачынацца навучальны год для вучняў усіх узростаў. Ці не так?

 Дар'я ДАНІЛЕВІЧ

На здымку: Ірына Дарафеева сустрэла Дзень ведаў разам з вучнямі сталічнай гімназіі № 29.

Фота Юрыя ІВАНОВА