Што заўжды пад рукой у старшыні?

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

На пытанні “К” адказвае старшыня Хойніцкага райвыканкама Аляксандр Бічан Адразу за ўязным знакам, што вітае вас на шляху ў Хойніцкі раён, у вочы кідаюцца аўтобусныя прыпынкі-паветкі, размаляваныя ўпэўненай рукой майстра, які ведае толк у кампазіцыі і колеравай выразнасці. На першым прыпынку — выява Івана Мележа. На наступных бетонных “палотнах” — партрэты Якуба Коласа, Янкі Купалы… Нават у гэтым прыдарожным антуражы дакладна прасочвалася сістэмна-крэатыўная планавасць, з якой горад і раён рыхтаваўся да Дня беларускага пісьменства. Ды ці толькі планавасць? У чарговы раз Хойніччына засведчыла, што на гэтай слаўнай зямлі не забыліся на мову, культуру, слынных сваіх землякоў, на ўсё тое, што спрадвек рабіла гонар Беларусі…

/i/content/pi/cult/285/4580/3-1.jpgЗа тыдзень да рэспубліканскага свята сустрэцца з кіраўніком раёна было, мякка кажучы, досыць праблематычна. Спраў у яго хапала і на палетках, і на райцэнтраўскіх вуліцах, дзе суткамі не сціхала будаўнічая мітусня. А тут яшчэ ледзь не штогадзінныя "штурмы" журналістаў з самых розных СМІ. Але "К" Аляксандра БІЧАНА ведае даўно, за апошнія гады тройчы публікавала разнастайныя аналітычныя артыкулы пра сацыяльна-культурнае развіццё раёна, пацярпелага ад чарнобыльскай бяды. Так што гутарку не адкладалі, і прайшла яна, як і заўжды, у атмасферы прыязнасці і паразумення.

 - Аздабленне прыпынкаў гэта чыя ініцыятыва? Шчыра кажучы, нідзе такога раней не бачыў...

- Самі ведаеце, што зямля наша багатая на таленты. Калі яшчэ першыя крокі рабілі па падрыхтоўцы да Дня пісьменства, дык імкнуліся літаральна па ўсіх кірунках дзейнасці выйсці на канкрэтны вынік. Гэта ж тычылася і выгляду аўтобусных прыпынкаў. Аўтар пісьменніцкіх партрэтаў - Дзяніс Паўлючэнка, мастак дарожна-будаўнічай арганізацыі, які, на маю думку, душу і сэрца ў работу ўклаў... Дарэчы, прыпынак з выявай Мележа размешчаны ля павароту на вёску Глінішча: пісьменнік нібы запрашае гасцей наведаць край, дзе нарадзіўся, дзе ўсвядоміў сябе беларусам і ўпершыню закахаўся. Не сакрэт, што "Палеская хроніка" - у пэўнай ступені аўтабіяграфічны твор.

- А ў вашым жыцці якое месца займае асоба Мележа?

 - У мяне часта запытваюць журналісты, якія кнігі беларускіх пісьменнікаў павінен прачытаць кожны грамадзянін рэспублікі. Спіс тут, на мой погляд, - немалы, але першай заўжды называю трылогію Івана Мележа, якую аўтар назваў "Палескай х/i/content/pi/cult/285/4580/3-2.jpgронікай"... У маім жыцці творы Івана Паўлавіча адыгралі выключна важную ролю. Да прыкладу, у 1981 годзе на ўступных іспытах у ВНУ пісаў пераказ менавіта паводле рамана "Людзі на балоце"...

- Сёння Глінішча - не выспа пасярод куп'істай дрыгвы: балота - асушана, а вёска стала ў 2006 годзе аграгарадком... Балота ў кантэксце рамана - не больш чым метафара, гэткі сімвалічны аб'ект жыццёвага пераадолення... Калі ўзначалілі раён, на якой кіраўнічай дзялянцы неадкладна вырашылі наводзіць сваю "грэблю"?

- Паміж учарашнім днём раёна і сённяшнім... Вагаліся людзі: заставацца тут жыць ці не? Для тых, хто вырашыў назаўжды звязаць лёс з раёнам, трэба было стварыць належныя сацыяльна-культурныя ўмовы. Таму дзейнасць сваю мы скіравалі найперш на тое, каб вярнуць жыхарам упэўненасць у заўтрашнім дні... Цяпер яны сваёй працай штодзённа даводзяць, што тут можна тварыць, гадаваць дзяцей, вырошчваць хлеб і ўзводзіць жыллё. Так што "балота маральнай няпэўнасці" даўно здолеў "асушыць".

 - А ў культурнай сферы пачалі з адраджэння Цэнтра культуры і спорту? /i/content/pi/cult/285/4580/3-3-.jpg

- Так, некалькі гадоў таму рэалізацыя гэтага праекта была першай умовай для наладжвання паўнацэннага адпачынку гараджан. Праект увасобіўся ў рэальнасць. Да Дня беларускага пісьменства давялі да ладу і РДК. А менавіта там працуе, як вы ведаеце, наш знакаміты народны драмтэатр, што няўхільна развіваецца, працуе над пастаноўкай твораў беларускіх аўтараў, прыцягвае да гэтай справы падлеткаў і садзейнічае папулярызацыі роднай мовы... Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы мы карэнным чынам рэканструявалі гарадскі палацава-паркавы ансамбль. У сядзібны дом перабраўся Хойніцкі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе ёсць і карцінная галерэя, і мастацкая гасцёўня. Гэта сапраўды культурна-асветны цэнтр Хойнікаў. Дарэчы, у былым сядзібным доме хапае месца і для мастацкага аддзялення нашай дзіцячай школы мастацтваў...

- А ці знаходзіце час, каб пабыць ва ўстановах культуры ў якасці шараговага гледача?

 - Вольнага часу, прынамсі, гэтымі днямі, увогуле няма. Але ж пад час раённых мерапрыемстваў наведваю Цэнтр культуры і спорту. Апошняе моцнае ўражанне ад убачанага - цудоўная выстаўка жывапісных работ, падрыхтаваных да Дня пісьменства педагогамі нашых школ: на карцінах - самыя маляўнічыя куткі раёна, вёскі Рудакова, Барысаўшчына, дзе захаваліся старадаўнія сядзібы... У той жа дзень музейшчыкі адабралі лепшыя палотны для экспазіцыі.

 - Разумею, часу цяпер вам не стае хранічна, але што чытаеце ўвечары, апрача газет?

 - Для душы з задавальненнем чытаю вершы нашага Міколы Мятліцкага, што нарадзіўся ў вёсцы Бабчын, якая трапіла ў зону радыяцыйнага забруджвання. Калі бывае ён у Хойніках, завітвае да мяне, заўжды дорыць новы зборнік вершаў... І тая кніга Івана Мележа, з якой мы пачалі гаворку, у мяне таксама заўжды пад рукой. Я/i/content/pi/cult/285/4580/3-5.jpgк можна, скажыце, жыць і працаваць у Хойніцкім раёне і не перачытваць час ад часу "Людзей на балоце"? Характары сваіх літаратурных герояў Іван Паўлавіч выпісваў з рэальных аднавяскоўцаў (пра гэта вам любы ў Глінішчах распавядзе), што дапамагае чытачу лепш зразумець хойніцкую душу... Так што час на чытанне знаходжу заўжды...

 - Горад змяніўся за паўгода неймаверна... Замест колішняй крамы ля галоўнай плошчы з'явіўся Дом абрадаў. Па-еўрапейску выглядае парк. Дыхтоўнай стала гасцініца. На абнаўленне адных толькі аб'ектаў культуры выкарыстана больш за восем мільярдаў рублёў. Але ж да свята рыхтаваўся не толькі аддзел культуры. Дырэктар Раённых электрычных сетак Васіль Бандарэнка паведаміў мне, што на рамонт гэтых сетак "Гомельэнерга" выдаткавала тры мільярды рублёў, і грошы былі асвоены за два месяцы... А колькі каштавала агульная падрыхтоўка да Дня пісьменства?

 - Аблвыканкам выдаткаваў 60 мільярдаў рублёў. Аднак да гэтай сумы трэба дадаць і сродкі аддзелаў міністэрстваў ды ведамстваў, якія таксама рыхтавалі да свята свае будынкі. Маю на ў/i/content/pi/cult/285/4580/3-7.jpgвазе чыгунку, бо наш вакзал - ва ўзорным стане, Міністэрства сувязі, "Беларусбанк"... А гэта яшчэ 20 дадатковых мільярдаў рублёў.

- Мы гаворым сёння з вамі пра масток, што злучыў мінуўшчыну раёна з яго будучыняй. Дык якая перспектыва, на ваш погляд, у сацыякультурнай сферы раёна?

 - Калі казаць пра далейшае адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны, дык гэта ў першую чаргу, безумоўна, грунтоўная рэканструкцыя палацава-паркавага комплексу ў вёсцы Барысаўшчына. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь мяркуе з наступнага года ўзяцца за падрыхтоўку праектнакаштарыснай дакументацыі па аднаўленні названага аб'екта... Я хацеў бы, каб у Барысаўшчыне праз час узніклі і гісторыка-культурны цэнтр, і гасцінічны комплекс для турыстаў. Мясціны там - маляўнічыя, парк - унікальны, а побач - рэчка Віць. Не пашкодзіў бы там і Музей гісторыі сядзібы, што прыналежыла роду Ястжэмбскіх... Хочам разам з украінскімі сябрамі-суседзямі па Прыпяцкім Палессі ўзнавіць Міжнародны фальклорны фестываль. На Дзень горада ўжо запрашалі ўкраінскія самадзейныя калектывы. Будуць выступаць яны і на Дні беларускага пісьменства. А гэта - яшчэ адзін красамоўны доказ, што наша Палессе працуе, жыве, сябруе, і хроніка яго пішацца не літаратурнымі, а цалкам канкрэтнымі героямі.

На здымках: старшыня Хойніцкага райвыканкама Аляксандр Бічан; горад рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"