Метад і непаўторнае

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Магілёўшчына славіцца саломкапляценнем. А Наталля Дамянікава вядомая ў гэтым краі як адна з дасведчаных у такім рамястве майстрых.

/i/content/pi/cult/284/4575/pic_54.jpgCвой творчы шлях яна пачала на Магілёўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў у 1986 годзе рабочай па вырабе сувеніраў. У 1992-м яна - мастак народна-мастацкіх промыслаў. На гэтай пасадзе Наталля Вітольдаўна распрацоўвала сувенірныя вырабы з натуральных матэрыялаў. У яе творчай скарбонцы - каля тысячы работ. Сярод іх - кампазіцыі з кветак, лялькі, сурвэткі, пано, "павукі", "птушкі", фігуркі жывёл...

З 2003-га Наталля Дамянікава працуе ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Яна - метадыст першай катэгорыі, адначасова кіруе студыяй дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Натуральна, майстрыха мае багаты вопыт, перадае яго студыйцам: выязджае ў аграгарадкі і дапамагае маладым спецыялістам, дэманструе прыёмы і тэхніку саломкапляцення кіраўнікам студый і гурткоў на абласных семінарах-практыкумах, прымае ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх святах дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва ды іншых мерапрыемствах.

Традыцыйнае народнае мастацтва знайшло новае адлюстраванне ў кожнай рабоце майстрыхі. Распрацаваныя яе рукамі сувеніры захапляюць непаўторнай прывабнасцю. У сваіх работах Наталля Дамянікава выкарыстоўвае зялёную, адбеленую, фарбаваную саломку і сухацвет. "Фішка" - дэкаратыўнае аздабленне, якое надае вырабам непаўторны каларыт.

У ліпені 2010 года у Віцебску праводзілася III Абласное свята-конкурс саломкапляцення "Папараць-кветка", прысвечанае 65-годдзю Вялікай Перамогі. У ім прынялі ўдзел больш за 50 майстроў з усіх куткоў Магілёўшчыны. Па выніках конкурсу Наталля Вітольдаўна заняла І месца і была ўзнагароджана дыпломам і каштоўным падарункам.

Алена ЦІШКЕВІЧ, галоўны спецыяліст Магілёўскага АМЦНТіКАР

На здымку: Наталля Дамянікава.