Днямі з рэдакцыяй звязаўся начальнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў і паведаміў, што праект ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні" не толькі падтрымаў названую ініцыятыву, але і аказаў аддзелу кансультатыўную і фінансавую дапамогу.
На адкрыццё музея ў Стрэньках праект ЕС/ПРААН выдаткаваў ужо 16 мільёнаў рублёў. Цяпер, як паведамляе "К" дырэктар Рагачоўскага метадцэнтра Ірына Седлер, у адным з памяшканняў Цэнтра рамёстваў, прызначанага пад музейную выставачную залу, вядзецца рамонт: замяняецца электраправодка, устанаўліваюцца экспазіцыйныя вітрыны і стэлажы. Райметадцэнтр рыхтуе прэзентацыйныя буклеты.
А адкрыецца Музей беларускай лялькі 26 верасня. Як запэўнівае Ірына Седлер, да гэтага дня прымеркаваны шэраг святочных мерапрыемстваў: тэатралізаваная дзея, выстаўка-продаж сувенірнай прадукцыі, конкурсы на лепшую ляльку...
Нагадаем, што Цэнтр рамёстваў у Стрэньках даўно стаў унікальным культурна-турыстычным аб'ектам, які штогод паспяхова спраўляецца з планам аказання платных паслуг. Ад абрадавых тэатралізацый і рэалізацыі вырабаў мясцовых рамеснікаў і лялечнікаў тут зарабілі летась амаль чатыры мільёны пазабюджэтных рублёў. Сёлетні план - пяць мільёнаў рублёў. Натуральна, музейныя лялькі стануць яшчэ адной прыемнай "прынадай" для турыстапакупніка.
А асновай музейнай калекцыі, як вядома, стаў збор абрадавых лялек майстра-метадыста Цэнтра рамёстваў Вольгі Ткачовай, а гэта не адзін дзесятак старадаўніх твораў, зробленых не толькі ў Беларусі.
На здымку: "Навадзельныя" лялькі Вольгі Ткачовай.
Фота аўтара